Цикловая комиссия "Оркестровые духовые и ударные инструменты"

Сваю гісторыю цыклавая камісія аркестравых духавых і ўдарных інструментаў пачынае з 1959 года. Першым выкладчыкам па класе трубы і трамбона быў Аляксандр Мікалаевіч Канеўцаў, які працаваў у вучылішчы да 1965 года.

На розных гістарычных этапах выкладчыкамі цыклавой камісіі былі І.П. Чухман, У.С. Мішула, М.А. Машкоў, А.А. Аўсеева (габой); І.С. Сушкевіч, А.А. Царык (валторна); В.І. Грыгарук, І.І. Шпанькоў, П.І. Кляпацкі, В.В. Філіпаў, Л.М. Тунчык, А.С. Бухціяраў, Н.А. Наталевіч, В.С. Кадука, А.М. Дамарацкі, В.С. Владыка, А.С. Сямак (ударныя інструменты); А.А. Емяльянаў, Р.А. Карпіцкі (фагот); М.М. Капцюг, А.М. Важнік, Ю.П. Дзмітрэнка, А.В. Ляпеша (кларнет, саксафон); І.М. Пляшкевіч (флейта); А.А. Чыжыкаў, В.К. Дзыгун (труба); М.Б. Гарэлік, Э.К. Красніцкі, С.М. Шчэбет (трамбон).

Цыклавая камісія ганарыцца педагогамі, якія стварылі яго магутную гісторыю!

За 47 гадоў педагагічнай дзейнасці Іван Сцяпанавіч Сушкевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, кавалер двух ордэнаў ВАВ 1 і 2 ступені, падрыхтаваў каля 40 спецыялістаў па класе валторны. Некалькі гадоў Іван Сцяпанавіч узначальваў навучальную ўстанову; больш за 20 гадоў працаваў старшынёй цыклавой камісіі. За творчую і паспяховую працу І.С. Сушкевіч узнагароджаны Ганаровай граматай і Ганаровым знакам Міністэртва культуры Рэспублікі Беларусь. Па ініцыятыве Івана Сцяпанавіча ў 1961 г. быў створаны аркестр духавых інструментаў.

41 год на цыклавой камісіі працаваў выкладчык Эдуард Канстанцінавіч Красніцкі – педагог і музыкант, імя якога добра вядома ў Беларусі і далёка па-за межамі нашай краіны, якога паважалі і любілі яго шматлікія навучэнцы, а іх – больш за 100. Э.К. Красніцкі – гэта, безумоўна, асоба легендарная. Яго апантаная творчая праца пакінула яскравы след у гісторыі цыклавой камісіі.

53 гады на цыклавой камісіі працаваў выдатны музыкант Юлій Паўлавіч Дзмітрэнка, з якім звязана гісторыя класа кларнета ў Маладзечанскім музычным каледжы. Ён падрыхтаваў больш за 80 кларнетыстаў і саксафаністаў. Юлій Паўлавіч узначальваў цыклавую камісію, кіраваў духавым аркестрам вычылішча, які тройчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў.

У розныя часы цыклавую камісію аркестравых духавых і ўдарных інструментаў ўзначальвалі: І.С. Сушкевіч. Ю.П. Дзмітрэнка, М.І. Дабравольскі, У.П. Яцыновіч, А.М. Важнік, Ю.М. Чычоў, А.А. Царык, А.С. Ляшкова. З 2022 года старшынёй цыклавой камісіі прызначаны А.В. Андрэеў.

На цыклавой камісіі аркестравых духавых і ўдарных інструментаў цяпер выкладаюць Аляксей Васільевіч Андрэеў (клас трамбона, тубы), Марцалін Іосіфавіч Дабравольскі (клас трубы і барытона), Ганна Станіславаўна Шкурская (клас флейты), Наталля Віктараўна Таўгень (клас флейты), Кацярына Марцалінаўна Дабравольская (клас трубы), Ілья Сяргеевіч Мініч (клас ударных інструментаў). Па сумяшчэнні працуюць У.П. Яцыновіч (клас габоя, саксафона), Ю.М. Чычоў (клас фагота, саксафона), Дз.У. Арцямёнак (клас кларнета, саксафона), В.К. Дзыгун (клас трубы).

З 1964 гада на цыклавой камісіі працуе Марцалін Іосіфавіч Дабравольскі. Ён 22 гады ўзначальваў цыклавую камісію духавых і ўдарных інструментаў, падрыхраваў больш за 110 спецыялістаў па класе трубы і барытона. Лепшыя з іх станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі розных выканальніцкіх конкурсаў. За асабісты ўклад у развіццё музычнай культуры М.І. Дабравольскі ўзнагароджаны Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 26 гадоў М.І. Дабравольскі кіраваў духавым аркестрам каледжа. За гэты час калектыў атрымаў званне народнага, стаў лаўрэатам рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

З 1977 года на цыклавой камісіі працуе Ганна Станіславаўна Шкурская. За гады добрасумленнай працы яна падрыхтавала больш за 70 флейтыстаў. Многія з іх прадоўжылі вучобу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, некаторыя вучні сталі лаўрэатамі розных выканальніцкіх конкурсаў. Ганна Станіславаўна добра вядома як таленавіты выканаўца. Яна неаднаразова выступала з сольнымі канцэртамі на сцэне Вялікай залы каледжа. На працягу ўсяго перыяду працы ў навучальнай установе Ганна Станіславаўна з’яўляецца салісткай сімфанічнага аркестра. За добрасумленную працу яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

З 1979 года на цыклавой касіссіі працуе Юрый Мікалаевіч Чычоў (клас фагота). Шмат яго навучэнцаў прадоўжылі вучобу ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў; некаторыя сталі лаўрэатамі розных выканальніцкіх конкурсаў. Ю.М. Чычоў пэўны час узначальваў цыклавую камісію духавых і ўдарных інструментаў. На працягу 20 гадоў сумяшчаў выкладчыцкую і выканальніцкую дзейнасць. За добрасумленную працу ён ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Выкладчыкі цыклавой каміссіі сумяшчаюць педагагічную дзейнасць з выканальніцкай. Яны выступаюць як салісты ў складзе разнастайных ансамбляў, яскрава выконваюць саліруючыя партыі ў аркестравых калектывах каледжа: духавым аркестры, сімфанічным аркестры, аркестры рускіх народных інструментаў, аркестры беларускіх народных інструментаў.

Народны аматарскі калектыў – духавы аркестр першы з калектываў, які быў заснаваны ў нашым каледжы. За доўгі шасцідзесяцігадовы творчы шлях, ён стаў візітнай карткай духавога аддзялення; з’яўляецца аздабленнем разнастайных урачыстых мерапрыемстваў каледжа, раёна, вобласці і рэспублікі. З 2014 года кіраўнік аркестра – малады і харызматычны дырыжор, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксей Васільевіч Андрэеў. Калектыў супрацоўнічае з вядучымі беларускімі і замежнымі выканаўцамі, удзельнічае ў разнастайных фестывалях і конкурсах. У апошнія гады аркестр неаднаразова станавіўся пераможцам розных конкурсаў: Гран-пры XXVII абласнога фестывалю-конкурсу духавой музыкі "Майскі вальс" (г. Вілейка, 2019); Гран-пры X Рэспубліканскага радыёконкурсу "Маладыя таленты Беларусі" (г. Мінск, 2021); Гран-пры XXVIII абласнога фестывалю-конкурсу духавой музыкі "Майскі вальс" (г. Старыя Дарогі, 2022).

Новая старонка развіцця цыклавой камісіі – арганізацыя адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў на аркестравых інструментах імя М.К. Агінскага. Першы конкурс быў праведзены ў 2017 годзе (старшыня аргкамітэта Царык А.А.) і адразу стаў яркай запамінальнай старонкай у музычным жыцці не толькі нашай рэспублікі, але і набыў вядомасць у краінах блізкага замежжа. Шэраг навучэнцаў аддзялення аркестравых духавых і ўдарных інструментаў атрымалі пропуск у вялікі свет музычнай культуры.