КОЛЛЕДЖ

Материалы

“Наша Credo – музыкі вечнасць”

28 лістапада на сцэне Палаца культуры горада Маладзечна адбыўся вечар высокай духоўнай музыкі пад філасоўскай назвай “Наша Credo – музыкі вечнасць” Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. Калектыў на працягу вялікай колькасці гадоў адчыняе слухачам новыя гукавыя прасторы і здзіўляе разнастайнымі цікавымі канцэртнымі праграмамі, аснову якіх складаюць пераважна высокадухоўныя класічныя творы, якія ўздзейнічаюць на душу чалавека, узвышаюць і акультурваюць яе. І гэтая канцэртная праграма не стала выключэннем.

У першай палове канцэрта прагучалі сусветна вядомыя класічныя творы, а на сцэну выйшлі маладыя дырыжоры – былыя вучні Рыгора Сарокі. Вядома, што на працягу шматлікіх гадоў Рыгор Сямёнавіч выдатна сумяшчае адміністрацыйную, творчую і педагагічную дзейнасць. З’яўляючыся высокапрафесійным выкладчыкам па класу дырыжыравання, ён уносіць значны ўклад у выхаванне маладых музыкантаў. Праз таленавітыя рукі маэстра прайшлі шматлікія навучэнцы, якім ён даў выдатны старт на далейшае прафесійнае жыцце. Зараз яго выпускнікі працуюць у розных творчых калектывах, працягваючы высакародную працу свайго настаўніка. А ў гэты вечар некаторыя з іх атрымалі ўнікальную магчымасць выйсці на сцэну Палаца культуры ў якасці дырыжораў з родным калектывам, у якім калісьці пачыналася іх творчае станаўленне.

Першай да аркестра выйшла студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Валерыя Рыбінская. З гэтай таленавітай дзяўчынай многія ўжо добра знаёмыя. Яе дэбют у якасці дырыжора адбыўся два гады таму, на канцэрце “Вечар паланэзаў” у музычным каледжы, дзе ўвазе слухачоў яна разам з сімфанічным аркестрам прадставіла аркестраваныя паланэзы Міхала Клеафаса Агінскага. На гэтым канцэрце пад яе кіраўніцтвам калектыў выканаў уверцюру “Эгмант” з музыкі да трагедыі Гётэ Людвіга вана Бетховена.

Потым на месца дырыжора выйшла яшчэ адна таленавітая выпускніца класа Рыгора Сарокі, студэнтка Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў – Валерыя Маліноўская. Прафесійнае майстэрства гэтай дзяўчыны высока ацанілі яшчэ на дзяржаўным выпускным экзамене ў каледжы, а хутка адбыўся і яе дэбют у якасці дырыжора на вялікай сцэне. Так, у верасні бягучага года яна кіравала сімфанічным аркестрам у некалькіх творах на сцэне Клайпедскай кансерваторыі ў Літве. На сцэне ж Палаца культуры яна прадырыжыравала II часткай сімфоніі №5 (e-moll’) Пятра Чайкоўскага.

Яшчэ адзін таленавіты выпускнік класа Рыгора Сарокі, выпускнік Акадэміі музыкі – Аляксей Андрэеў – ужо добра вядомы ў музычных колах. Сёння ён плённа працуе ў Маладзечанскім музычным каледжы ў якасці выкладчыка па класу трамбона і кіруе духавым аркестрам каледжа. На гэтым вечары пад яго кіраўніцтвам калектыў выканаў фінал Канцэрта для фартэпіяна з аркестрам №2 (g-moll’) Каміля Сен-Санса. Сола на фартэпіяна выканаў выпускнік Маладзечанскага музычнага каледжа, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат I Міжнароднага конкурсу імя Святаслава Рыхтэра Іван Кабыльчанка.

У другой палове канцэрта адбылася прэм’ера – прагучаў твор вядомага сучаснага бельгійскага спевака і кампазітара Хенры Серока – кантата пад велічнай назвай “Крэда” (“Верую”), музыка якой напоўнена глыбіней, стрыманасцю і узнёслай высакароднасцю.

Дарэчы, першае выкананне кантаты адбылося яшчэ ў 2004 годзе ў Польскім горадзе Шчэціне ў прысутнасці першай лэдзі краіны пані Іаланты Квасьнеўскай. Потым твор хутка набыў распаўсюджванне і папулярнасць у іншых краінах Еўропы. А сёння ўжо запланавана сусветнае музычнае турнэ з выкананнем гэтай кантаты ў самых прыгожых базіліках Польшчы, Германіі, Бельгіі, Ірландыі і Южнай Амерыкі. На тэрыторыі ж былога Савецкага Саюза кантата была выканана ўпершыню менавіта на сцэне Палаца культуры горада Маладзечна.

У аснову кантаты пакладзены традыцыйныя набожныя лацінскія тэксты, да якіх на працягу шматлікіх стагоддзяў звярталіся розныя кампазітары – ад Палестрыны, Баха, Моцарта, Шуберта да Стравінскага, Пярта і Джэнкінса. Безумоўна, кожны з іх своеасабліва трактаваў гэтыя тэксты і ствараў непаўторныя музычныя варыянты. Між тым, сталая цікавасць кампазітараў да музыкі, якая створана, каб услаўляць Бога – невыпадкова, бо такая музыка несмяротная, яна акультурвае і духоўна напаўняе чалавека, а таксама нагадвае аб галоўным – аб чалавечай душы, аб вышэйшым прызначэнні, дзеля чаго і створаны быў чалавек па выяве і падабенству Божаму.

Кантата складаецца з 6-ці частак, якія былі выкананы без перапынку: Domine (Бог у нябёсах), Stabat Mater (Стаяла маці ў скрусе), Ave Maria (Радуйся, Марыя), Alleluja (Хваліце Бога), Agnus Dei (Агнец Божы) і Gloria (Слава).

У выкананні твору прынялі ўдзел звыш за 150 музыкантаў. Гэта салісты –  навучэнка III курса музычнага каледжа, лаўрэат Міжнароднага конкурсу Валерыя Пронька, салістка Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра Вольга Кохан, змешаны хор Маладзечанскага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай і Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь – сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. За дырыжорскім пультам быў сам маэстра – мастацкі кіраўнік праекта, галоўны дырыжор аркестра, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны – Рыгор Сарока.

Уражаныя магутнасцю і прыгажосцю духоўных спеваў, шыкоўнымі галасамі салістаў і хора, а таксама невычарпальнай духоўнай моцай музыкі Хенры Серока –  прысутныя ў зале шчырымі апладысментамі доўгі час віталі ўсіх удзельнікаў канцэрта! Відавочна, што гучанне вечных неўміручых слоў у спалучэнні з сучаснай музыкай Хенры Серока стала сапраўдным святам душы і розуму не толькі для прафесійных знаўцаў музычнага мастацтва, не толькі для веруючых людзей, але для ўсіх, хто быў здольны далучыцца да вышэйшага свету праз галасы чалавечыя і “анёльскія”.

Пажаданні моцнага здароўя, энергіі, натхнення і творчага гарэння гучалі ў бок маэстра Рыгора Сарокі, які ў гэты вечар такім чынам адзначыў свой дзень нараджэння, зрабіўшы для сваіх адданых слухачоў і прыхільнікаў высокага класічнага мастацтва прыгожы музычны падарунак! 

Кветкі для маэстра Рыгора Сарокі і ўсіх удзельнікаў канцэрта былі  ўрачаны ад Маладзечанскага райвыканкама.

Аўтар: Вольга ЦАРЫК

Фота: Руслан АПАНОВІЧ, ЯЎГЕН СТЭЛЬМАХ