КОЛЛЕДЖ

Материалы

Выставы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

Аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа распачынае святкаванне 60-годдзя ўстановы дзвюма выставамі з удзелам выкладчыкаў і навучэнцаў. Выкладчыкі аддзялення Валковіч-Борыс Л.М., Чырвонцава Л.Л., Чырвонцава Н.Л., Вальковіч Н.С., Сакалоўскі Д.С., Гамолка А.П. вырашылі паказаць сваё майстэрства ў праекце выставы  “Талака”.

На талаку людзі збіраліся дзеля агульнай справы, каб разам хутка і якасна зрабіць вялікі аб’ём работы. Так і ёсць, мы сапраўды робім вельмі важную і высакародную справу – выхоўваем маладых мастакоў сваім прыкладам, даем накірунак у творчае жыццё. Кожны з выкладчыкаў  мае сваю адметную манеру: вытанчаная графіка Сакалоўскага Д.С., дэкаратыўны жывапіс Чырвонцавай Н.Л., зіхатлівая саломка Валковіч-Борыс Л.М., знакавыя, філасофскія выцінанкі Чырвонцавай Л.Л., простыя і ясныя, у народнай манеры выцінанкі Вальковіч Н.С., адухоўленыя вобразы Хрыста ў драўляных рэльефах Гамолка А.П. 

Нягледзячы на тое, што педагагічная справа забірае шмат жыццёвых сілаў, бо, як правіла, выкладчыкі з’яўляюцца донарамі творчых ідэй для навучэнцаў, можна пабачыць гармонію ў гэтых творчых працэсах. Работы прасякнуты любоўю да Радзімы, да Беларусі. Любоў да роднай Беларусі – асноўнае, што выкладчыкі жадаюць перадаць навучэнцам.

“Шлях да майстэрства” – вельмі дакладная назва той імпрэзы, дзе былі сабраны работы навучэнцаў з метадычнага фонду аддзялення ДПМ. Ужо многія з аўтараў работ сталі самастойнымі творчымі асобамі ў дызайне (Аліна Глухава, Сяргей  Рабчык, Уладзімір Лашук), выкладчыкамі аддзялення ДПМ (Дзмітрый Сакалоўскі, Андрэй Гамолка), некаторыя зараз вучацца ў вышэйшых навучальных установах, а іншыя толькі збіраюцца звязаць свой лёс з мастацтвам.

Кіравалі творчымі праектамі навучэнцаў Цясленка У.І., Чырвонцава Н.Л., Чырвонцава Л.Л., Сакалоўскі Д.С. Работы прадстаўлены ў розных жанрах:  партрэт, аўтапартрэт, нацюрморт, пейзаж.  Прыцягвае ўвагу гледача шчырасць пошукаў самавыяўлення. Творчыя  работы не толькі адлюстроўваюць прынцыпы акадэмічнага мастацтва, але напоўнены асабістымі перажываннямі, спасціжэннем сябе праз лініі і фарбы. Шлях да майстэрства вельмі цяжкі, але ад яго можна атрымаць найвышэйшую асалоду.

Выставы можна пабачыць у памяшканні Палаца культуры горада Маладзечна і выставачнай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Сардэчна запрашаем!

Аўтар - Наталля ЧЫРВОНЦАВА

Фота Дзмітрыя САКАЛОЎСКАГА і Аляксея ПЛАТКО