КОЛЛЕДЖ

Материалы

СУСТРЭЧА З АЛЕГАМ ВІКТАРАВІЧАМ НАВІЦКІМ

13 сакавіка 2018 года музычны каледж імя М.К. Агінскага наведала дэлегацыя, у складзе якой быў старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Дзмітрыевіч Яхнавец, намеснiк старшынi - Алеся Аляксандраўна Лукоўская i расійскі касманаўт, член атрада касманаўтаў ЦПК, Герой Расійскай Федэрацыі - Алег Віктаравіч Навіцкі.

Алег Віктаравіч уражэнец горада Чэрвень, што на Міншчыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Качынскае ВВАУЛ імя А.Ф. Мяснікова, а ў 1994 годзе быў выпушчаны з вучылішча з кваліфікацыяй «лётчык-інжынер».

Сустрэча з касманаўтам міравой вядомасці прайшла ў канцэртнай зале каледжа ў фармаце дыялога. Навучэнцы і выкладчыкі задавалі досыць цікавыя пытанні адносна працы і жыцця Алега Віктаравіча.

У скарбонцы касманаўта ўжо два палёты ў космас. Другая экспедзіцыя завяршылася 2 чэрвеня 2017 года. Зараз Алег Віктаравіч рыхтуецца да новага выхада ў касмічную прастору. 

Падчас сустрэчы стала вядома, што на касмічнай станцыі ўдзельнікі экспедзіцыі вядуць паўнавартасны лад жыцця: выконваюць заданні праектаў, займаюцца спортам па 3-4 гадзіны ў дзень, па выхадным прыбіраюць касмічную станцыю, тэлефануюць родным. На сон касманаўтам дастаткова ўсяго 5-6 гадзін.

Алег Віктаравіч падзяліўся сваімі ўражаннямі пра палёты, пра адчуванне “эйфарыі ад таго, што ты – камандзір, ты ляціш і дарогі назад ужо няма”. На пытанне адносна наступнай планеты для вывучэння касманаўт адказаў тым, што межаў тут няма і адзіная праблема – гэта радыяктыўнае выпраменьванне, ад якога пакуль няма дастатковай абароны.

Паведаміў касманаўт і пра забруджванне космасу, пра тое, што ёсць шмат аскепкаў ракет і спадарожнікаў, але ўсе яны знаходзяцца на кантролі касмічных службаў.

Самае галоўнае, што Алег Віктаравіч хацеў данесці да ўсіх прысутных у зале, гэта разуменне таго, што калі ты ў космасе на міжнароднай станцыі, ты бачыш сваю Зямлю, ты бачыш маштаб яе забруджвання і разумееш, што не існуе расавых, палітычных і рэлігіёзных падзелаў, ёсць толькі неабходнасць працаваць на карысць і дабрабыт сваёй Планеты.

Пасля сустрэчы для дэлегацыі была праведзяна экскурсія па навучальнай установе, паказаны музей выцінанкі і выставачныя галерэя. 

Аўтар артыкула: Алеся Каролік

Фота: Руслана Апановiча