КОЛЛЕДЖ

Материалы

Юбілейны марафон сустрэч

17 сакавіка 2018 года ў Вялікай канцэртнай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага афіцыйна стартавалі святочныя юбілейныя сустрэчы выпускнікоў, якія ладзіць навучальная ўстанова ў гонар 60-гадовага юбілея з дня заснавання.

І першымі гаспадарамі, з якіх распачаўся юбілейны марафон сустрэч і канцэртаў, сталі цыклавыя камісіі аркестравых струнных і духавых інструментаў, якія ў самым пачатку сваёй дзейнасці існавалі як адзінае аркестравае аддзяленне, а таксама – аддзяленне “Музыказнаўства”, прадстаўнікі якога здаўна ў сяброўскіх зносінах з аркестрантамі (прыгадаем з’яднанне класных груп навучэнцаў каледжа, наведванне імі агульнаадукацыйных дысцыплін, і бязмежныя творчыя стасункі).

Выкладчыкі і навучэнцы гэтых цыклавых камісій удзельнічаюць у інтэнсіўнай канцэртна-асветніцкай дзейнасці ў нашай краіне і за мяжой, аркестранты кожны год выступаюць ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі (дарэчы, 30 сакавіка абудзецца юбілейны, 30-ты канцэрт сімфанічнага аркестра ў філармоніі!), удзельнічаюць у пастаноўцы опер Маладзечанскага народнага маладзежнага музычнага тэатра.

Увесь тыдзень быў напоўнены цікавымі мерапрыемствамі, якія арганізоўвалі нашы выкладчыкі. Гэта – канцэрты навучэнцаў аркестравых струнных і духавых інструментаў у каледжы і ў філіяле дзіцячай музычнай школы мастацтваў г.Маладзечна, семінар і майстар-клас старэйшага выкладчыка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Лявіцкай Т.С. для выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў рэгіёна, канцэрт эстраднага духавога аркестра дзіцячай музычнай школы мастацтваў г.Маладзечна (кіраўнік Ціхановіч А.В.).

Кранальным і шчымлівым па ўспрыяццю слухачоў стаў канцэрт памяці выбітнага беларускага кампазітара Яўгена Глебава з удзелам калектываў каледжа – аркестраў рускіх народных інструментаў (кіраўнік – Т.У.Бялькова) і духавых інструментаў (кіраўнік – А.В.Андрэеў), а таксама – салістаў і ансамбляў нашай установы. Да ўвагі аўдыторыі таксама быў прапанаваны дакументальны фільм пра Яўгена Аляксандравіча Глебава.

Асабліва яскравай і ўражваючай стала творчая сустрэча з былой выкладчыцай нашага каледжа, таленавітым кампазітарам, членам праўлення Саюза кампазітараў Беларусі, уладальніцай ганаровага звання “Чалавек года Міншчыны” 2015 года, уладальніцай ордэна Францыска Скарыны – паважанай Алена Віктараўнай Атрашкевіч. З 1989 года яна працавала ў складзе цыклавой камісіі “Тэорыя музыкі”, пэўны час была яе старшынёй. Спачатку на базе Маладзечанскага вучылішча, а цяпер – у Палацы культуры г.Маладзечна паспяхова дзейнічае эстрадная вакальная студыя “Спяваем разам”. Алена Віктараўна шчыра, з ноткамі гумару, распавядала пра сваю творчасць, з радасцю і цеплыней знаёміла прысутных з юнымі зоркамі эстрады – сваімі любімымі выхаванцамі студыі.

Уласна юбілейная сустрэча выпускнікоў трох цыклавых камісій адбылася 17 сакавіка. Па добрай традыцыі ўсіх юбілеяў каледжа, Вялікая зала была напоўнена радаснымі тварамі выпускнікоў, выкладчыкаў, якія шчыра радаваліся сустрэчы з сябрамі, здзіўлена прыкмячалі змены ў роднай Alma Mater, дзе многія не бывалі шмат гадоў.

Загадчыкі цыклавых камісій В.С. Царык (“Музыказнаўства”), А.А. Царык (“Аркестравыя духавыя і ударныя інструменты) і Н.М.Філіпава (“Аркестравыя струнныя інструменты”) разам з выкладчыкамі аддзяленняў сур’ёзна падрыхтаваліся да сустрэчы: былі аформлены стэнды з фотаздымкамі (гістарычнымі і сучаснымі), арганізаваны экскурсіі па будынку, запрошаны для сустрэч выпускнікі, спланавана цікавая канцэртная праграма, якая прадстаўляла трохчасткавы музычна-настальгічны цыкл. Усе прысутныя ўзгадалі гісторыю кожнага аддзялення дзякуючы выдатна выкананым мультымедыйным прэзентацыям, пагарталі старонкі фотаальбомаў, аддалі даніну памяці выкладчыкам, якія пакінулі нас з часу 55-гадовай сустрэчы, але засталіся ў нашых сэрцах – У.Р.Ключнікаў, І.С.Сушкевіч, Л.Ц.Ярмаль, А.А.Доніна.

І безумоўна, важная частка вечарыны належала музыцы.

“Вот я стал музыковедом,

разноцветна жизнь моя…”

 

Першая частка ўрачыстасці была прысвечана аддзяленню “Музыказнаўства” (раней – “Тэорыі музыкі”), якое вядзе сваю гісторыю з 1962 года. Выпускнікі гэтай цыклавой камісіі здаўна прадстаўляюць найбольш разнастайныя творчыя цікавасці, знаходзяць сябе ў вялікай колькасці адгалінаванняў прафесіі музыказнаўца – гэта і выкладчыкі ў музычных школах, каледжах, Акадэміі і Універсітэтаў, гэта дастойныя навукоўцы, цікавыя кампазітары, лектары, музычныя крытыкі, аўтары музычных выданняў, гукарэжысёры, радыё- і тэлевізійныя вядучыя, аўтары музычных праграм. Найскладанейшая школа жыцця, якую вывучаюць у каледжы навучэнцы гэтага аддзялення, дазваляюць выпускнікам быць падрыхтаванымі да любых відаў дзейнасці. Музычны падарунак прагучаў ад хора музыказнаўцаў і піяністаў “ForTe” (кіраўнік – В.Л.Сарока). Цікавыя самабытныя творы калектыва выклікалі станоўчыя водгукі. Прыемна было чуць і выпускніцу аддзялення 2015 года – Юлію Абрамовіч, якая прапанавала слухачам песню “Мама” ў сваім выкананні.

 

 

«Музыкант играл на скрипке,

Я в глаза ему глядел...»

Другая, лірычная частка ўрачыстай сустрэчы належыла аддзяленню аркестравых струнных інструментаў, гісторыя якога пачынаецца з 1960 года. За гэты час выкладчыкі цыклавой камісіі выхавалі больш за 500 навучэнцаў. Выпускнікі працягваюць сваю адукацыю ў розных вышэйшых навучальных установах, паспяхова працуюць у музычных школах і каледжах, аркестравых калектывах Беларусі і за яе межамі (у гарадах Расіі, Германіі, Польшчы, Англіі, ЗША, Канады, Іспаніі, Францыі, Чэхіі, Мексікі).

Слухачы цёпла віталі былую выкладчыцу аддзялення Ніну Іванаўну Дабравольскую і аднаго з першых яго выпускнікоў, сябра аддзялення, Роберта Іванавіча Целяпнёва.

Зладжана ігралі самыя маладыя ўдзельнікі вечарыны – ансамбль скрыпачоў “Камплімент” Вілейскай ДШМ (кіраўнік Жук Т.Г.), у якім разам з вучнямі ігралі выпускніцы школы, навучэнкі і выпускніцы Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, дэманструючы сапраўдную пераемнасць пакаленняў. Цікавыя творы прагучалі і ў выкананні квартэта музычнага каледжа “Anima” у складзе В.Козік, В.Маліноўскай, Ю.Чараповіч і В.Сцяпанавай.

 

«Поют и трубы, и гобой,

и голос подают валторны...»

Трэцяя, актыўная, фінальная частка юбілейнай сустрэчы прысвячалася цыклавой камісіі духавых і ўдарных інструментаў, якая пачала сваё існаванне з 1959 года. За гэты час колькасць выпускнікоў сапраўды перавысіла 1130 чалавек! Многія выпускнікі аддзялення пасля заканчэння музычных ВНУ – Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры, Маскоўскай кансерваторыі – выкладаюць у ДМШ і музычных каледжах Рэспублікі, за яе межамі, працуюць у творчых музычных калектывах розных краін.

Несумненна, выпускнікі гэтай цыклавой камісіі складалі абсалютную большасць ў Вялікай зале. Падчас асабістых сустрэч, сустрэч класных груп у бок выкладчыкаў аддзялення гучалі шчырыя словы захаплення і падзякі. Цёпла віталі прысутныя і старэйшага выкладчыка аддзялення – Дабравольскага Марцэліна Іосіфавіча і былога выкладчыка – ветэрана каледжа Дзмітрэнка Юлія Паўлавіча.

Фінал вечарыны зіхацеў галасамі духавых і ўдарных інструментаў, суквеццем музычных стыляў і выканаўцаў. Слухачы дабразычліва сустракалі цяперашніх навучэнцаў і выпускнікоў каледжа ў складзе біг-бэнда “By blues” музычнага каледжа імя М.К.Агінскага (кіраўнік – У.П.Яцыновіч) і аркестр духавых інструментаў каледжа (дырыжор – А.В.Андрэеў). Музыканты парадавалі ўдзячных слухачоў вялікай колькасцю цікавых джазавых і эстрадных твораў. Пазітыў, маладосць і шчырасць выканаўцаў-духавікоў захапіла канцэртную залу.

Свае віншаванні ў бок выпускнікоў трох аддзяленняў выказаў і дырэктар нашай установы, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь –  Рыгор Сямёнавіч Сарока.

Гісторыя аддзяленняў музыказнаўства, аркестравых струнных і духавых інструментаў – гэта вынік работы кожнага выкладчыка, навучэнца і выпускніка. Працягваецца яна і сёння. Няхай і наступныя яе старонкі атрымаюцца прыгожымі, творчымі, выніковымі і запатрабавальнымі – слухачамі, вучнямі, грамадствам.

Са святам, Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага! З 60-гадовым юбілеем!

Фота ў фотагарерэі...

Аўтар - Яўгенія Рукевіч