КОЛЛЕДЖ

Материалы

ВЁСКА АБОРАК. КАСЦЁЛ СВ. РОХА

         

 Наша гісторыя – нацыянальная спадчына.

І наш абавязак – захаваць і перадаць наступным пакаленням гэты скарб.

21 красавіка 2018 г. у межах дзяржаўнага суботніка выкладчыкі і супрацоўнікі музычнага каледжа зладзілі дабрачынную акцыю па ўладкаванню месца былога касцёла Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі панны і Святога Роха ў в. Аборак.

У 8-30 каманда з 15 чалавек была на месцы. Граблі, некалькі бутэляк фарбы, пэндзлікі і пальчаткі – усё тое, што спатрэбілася для прыборкі месца. Неўзабаве да выкладчыкаў далучыўся дырэктар навучальнай установы – Рыгор Сямёнавіч Сарока.

Разам была пабелена ліпавая алея, прыбрана старое лісце дрэў, пафарбавана рэканструкцыя статуі “Анёл”, якая знаходзіцца на месцы пахавання роду Ходзькаў-Дэдэркаў. Сярод бліжэйшых планаў – пасадзіць рабінавую алею.

У завяршэнні выкладчыкі наведалі старыя могілкі, на якіх пахаваныя вядомыя контр-адміралы браты Канаржэўскія.

Нагадаем, што калісьці ў касцёле знаходзіўся абраз Св. Роха, які быў зроблены ў Парыжы ў XVIII ст. на замову прафесара Сарбоны Ігнацыя Ходзькі для ўладальнікаў Аборка Міхала і Барбары (з роду Ходзькаў) Івашкевічаў. У касцёле прынялі хрост такія выбітныя асобы, як Ян Канаржэўскі і адзін з кіраўнікоў таварыстваў філаматаў і філарэтаў, вучоны, паэт-рамантык Тамаш Зан.

 

У дабрачыннай акцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі прафсаюза каледжа, грамадскага аб’яднання “БРСМ” і фонда “Спадчына М.К. Агінскага”.  

Аўтар артыкула: А.Каролік

Фота: Д.Арцямёнак