КОЛЛЕДЖ

Материалы

"Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?.."

Нягледзячы на кепскае надвор’е 19 мая 2018 года, навучэнкі 1-га курса Ляшкевіч Яўгенія і Верамеенка Анастасія адправіліся ў ДУ “Дзіцячы цэнтр культуры “Расток” г. Маладзечна”, каб прыняць удзел у рэгіянальным дзіцячым фестывалі беларускай творчасці “Скарбы роднага краю”. На гэты раз ужо традыцыйная імпрэза праводзілася ў межах 630-годдзя горада і была прысвечана Году малой радзімы.

Прадстаўніцы нашага каледжа забаўлялі гледачоў і ўдзельнікаў фестывалю гумарыстычным урыўкам з народнай паэмы “Тарас на Парнасе”.

… Вось як зайграў дудар плясуху,

Ніяк Тарас наш не ўцярпеў,

І з лавы ён, што меўшы духу,

Скакаць на хату паляцеў…

                                                                      (паэма “Тарас на Парнасе”)

Як і ў той паэме, нашы навучэнкі амаль адразу пасля выступу далучыліся да этнаграфічнага клуба “Кола”, каб разам пусціцца ў народныя скокі.

Фестываль беларускай творчасці быў напоўнены вакальнымі, паэтычнымі, тэатральнымі і харэаграфічнымі нумарамі. На тэрыторыі дзіцячага цэнтра працавалі гульнёвыя пляцоўкі, фотазона і шмат іншага. Агулам у стварэнні святочнай атмасферы прынялі ўдзел каля 50 калектываў устаноў адукацыі і культуры горада і раёна. Імпрэзу наведалі і госці са сталіцы. Адным з такіх калектываў быў фальклорны гурт “Мілавіца” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска .                       

Фінальнай кропкай фестывалю стала ўзнагароджванне ўдзельнікаў дыпломамі і сувенірамі. За падрыхтоўку паэтычнага дуэта нашага каледжа адказвалі выкладчык агульнаадукацыйных дысцыплін Любоў Паўлаўна Карабановіч і педагог-арганізатар Алеся Святаславаўна Каролік.

Аўтар артыкула і фота: А.Каролік