КОЛЛЕДЖ

Материалы

Юбілейнае святкаванне з нагоды 60-годдзя каледжа

Юбілейнае святкаванне з нагоды 60-годдзя каледжа, у рамках тыдняў цыклавых камісій, завяршылі імпрэзы, падрыхтаваныя аддзяленнем дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта самая маладая цыклавая камісія, якая існуе ўжо больш за 20 год. За гэты час ёсць што ўспомніць:

ЦК ДПМ адкрылася ў 1995 г. дзякуючы Сароку Р.С., Чырвонцавай В.М., Таркану В.А.;

243 навучэнца атрымалі мастацкую адукацыю (1997-2017);

больш за 120 выпускнікоў закончылі ВНУ;

самы вялікі конкурс пры паступленні быў у 1999 г. (4,3 чалавекі на месца);

навучэнцы ЦК ДПМ 5 разоў удзельнічалі ў міжнацыянальных нямецка-польска-беларускіх мастацкіх праектах;

каля 45 выстаў было арганізавана і праведзена;

з 2000 г. працуе музей дыпломных і вучэбных работ.

Святкаванне гэтай падзеі сабрала былых выпускнікоў і ўсіх, хто працаваў, працуе ці калісьці выкладаў спецыяльныя дысцыпліны на аддзяленні. Усе прысутныя адзінадушна адзначылі атмасферу цеплыні, даверу, сяброўскіх адносін паміж вучнямі і настаўнікамі, добрую прафесійную падрыхтоўку, якая дазваляе працягнуць адукацыю ў ВНУ Беларусі  і  замежжа. Сапраўды, выкладчыкі пільна сочаць за поспехамі сваіх вучняў і радуюцца іх дасягненням.  Таму арганізацыя выставы “Розныя разам” невыпадкова. Яна здзіўляе разнастайнасцю тэм і тэхнік, спалучэннем традыцыі і сучаснага дызайна. Бісер і саломка, папера, фотадрук, аловак і алейныя фарбы – усё сплялося разам.

 Выпуск 2008 года

Той, хто працуе ў традыцыйным мастацтве – Валковіч-Борыс Л., Ралавец А., Маслава В., Рашчынская М., Науменка А., Сухарукіх Ю. -  шукае новыя выразныя магчымасці матэрыялу, новую інтэрпрэтацыю сюжэтаў міфалогіі.  Надзея Бука зрабіла выцінанку сучаснай сюррэалістычнай графікай.

Жаданне асэнсаваць сусвет, перадаць тонкія перажыванні, пачуцці мы можам знайсці ў творах графікі, жывапісу, фатаграфіі. Канстанцыя Герасіменка спрабуе перадаць светаадчуванне сучаснага маладога чалавека ў манументальных партрэтах. Гэтыя “Пытанні” задае сабе і Віта Барысава ў графічных серыях. Сродкамі фатаграфіі разважае аб прычынах жыцця Алена Тарасевіч. Тонкія жаночыя эмоцыі жывуць у кветках Тамары Марчанковай. Уражвае гучны сучасны каларыт жывапісу Дзмітрыя Сакалоўскага.

Выкладчыкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Чырвонцава Л.Л., Валковіч-Борыс Л.М., Гамолка А.П. падзяліліся вынікамі педагагічнай працы ў выставе “З вытокаў да сучасанасці”. У зале краязнаўчага музея  выстаўлены дыпломныя і курсавыя  работы навучэнцаў. Іх плённая праца вызывае захапленне гледачоў  якасцю апрацоўкі саломкі, дрэва, паперы, яснай  кампазіцыйнасцю, цікавымі сюжэтамі  і інтэрпрэтацыяй міфалогіі Беларусі. З выразнымі саламянымі дыванамі, драўлянымі рэльефамі, выцінанкамі суседнічаюць чыста ўжытковыя рэчы: саламяныя капелюшы, куфэркі .

Гэтыя дзве выставы можна пабачыць на працягу мая ў выставачнай зале музычнага каледжа імя М.К.Агінскага і краязнаўчым музеі г.Маладзечна.

  У час адкрыцця выставы "Розныя разам"

Навучанне на адзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дае трывалую базу дзеля асэнсавання нацыянальнай культуры, дазваляе ўсвядоміць сябе як асобу і сваё месца ў жыцці. Гэтыя веды дапамагаюць ствараць вобразы ў розных накірунках выяўленчага мастацтва і дызайна.  

Аўтар - Наталля Чырвонцава, выкладчык цыклавой камісіі ДПМ.

Фота - Г.Букі.