КОЛЛЕДЖ

Материалы

Вандроўкі душы

4 верасня ў Дзяржаўным гістарычным музеі горада Мінска адкрылася выстава “Вандроўкі душы”. Педагогі аддзялення ДПМ Валковіч-Борыс Л.М., Чырвонцава Л.Л., Чырвонцава Н.Л. падзяліліся са сталічнай публікай апошнімі творчымі знаходкамі ў галіне выцінанкі.

Імпрэза сабрала шмат гасцей як з Маладзечна, так і з Мінску. Студэнты каледжаў, былыя выпускнікі аддзялення ДПМ, мастакі, проста зацікаўленыя народнай творчасцю людзі змаглі пабачыць як развіваецца на сучасным этапе Маладзечанская школа выцінанкі.

Творчыя дасягненні школы былі адзначаны ў выступленнях прафесара мастацтвазнаўства Сахуты Я.М., прафесара мастацтвазнаўства Шаўра Р.С., дацэнта кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Універсітэта культуры г.Мінска Малахавай Л.А., сябра саюза мастакоў Аўчыннікава М.В. Яны адзінадушна адзначылі высокі прафесійны ўзровень выканання, разнастайнасць тэхнік і філасофскую глыбіню работ.

Былі ўзгаданы і асобы, якія стаялі на пачатку Маладзечанскай школы выцінанкі – Чырвонцава В.М. і Герасіменка-Жызнеўскі Ю.П. Іх імпэт, плённая праца, шырокія веды ў вобласці беларускай народнай культуры, філасофіі сталі асновай тэорыі і практыкі навучання. Працягваюць і развіваюць традыцыі на аддзяленні ДПМ Валковіч-Борыс Л.М., Чырвонцава Л.Л., Чырвонцава Н.Л.

 

Манера выканання, сюжэты, каляровая гама работ вызначаюць тры розныя напрамкі. Праз іх кожны майстар імкнецца перадаць асабістыя адчуванні сусвету. Творчае пераўтварэнне народных традыцый дае плённыя вынікі, якія могуць пабачыць наведвальнікі выставы. І не толькі пабачыць, але і далучыцца да старажытнага майстэрства выцінанкі. Лекала, распрацаваныя Чырвонцавай Л.Л., знаходзяцца ў зале. Па іх можна выразаць любую ўпадабаную выцінанку. Такія інтэрактыўныя гульні ўпрыгожваюць любую выставу і дазваляюць на імгненне дакрануцца да самых глыбінь творчасці.

 

Матэрыял прадстаўлены выкладчыкамі аддзялення ДПМ.