Адкрыты дзіцячы мастацкі конкурс «Маляўнічы свет»

Адкрыты дзіцячы мастацкі конкурс «Маляўнічы свет» адбыўся 22 снежня на базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. 

У Маладзечна завіталі госці з розных куткоў Беларусі. Адгукнуліся прадстаўнікі з дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў з Мінскай, Брэсцкай, Гродзенскай, Магілеўскай і Віцебскай вобласцей.

Конкурс быў разлічаны на наступныя ўзроставыя катэгорыі: малодшая група ад 9 да 12 гадоў і старэйшая ад 13 да 16 гадоў уключна. Канкурсанты павінны былі прывезці хатнюю работу па тэме “Беларускі народны каляндар” і выканаць на месцы правядзення мерапрыемства конкурсную работу, тэма якой стала вядома непасрэдна перад пачаткам работы.

Прадстаўнікі малодшай групы адкрылі канверт з тэмай “Чараўніцтва зімы”, а старэйшай – “Святое Раство”.

Арганізатары пастараліся стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для выяўлення здольнасцей дзяцей. Творчая работа праходзіла ва ўтульнай, камфортнай атмасферы. Удзельнікі працавалі аддана і натхненна, стараліся паказаць найвышэйшыя вынікі.

Журы конкурсу ў складзе выкладчыкаў цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і прадстаўнікоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, старэйшых выкладчыкаў Матвейчык Святланы Вільгельмаўны і Цітова Мікалая Пятровіча адзначыла работы канкурсантаў шматлікімі прызамі і пастаралася ахапіць як мага болей удзельнікаў.

Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені, а таксама спецыяльнымі прызамі і падарункамі. Самыя высокія ўзнагароды – Гран-пры  атрымалі:

Свядыш Соф’я, навучэнка Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў (малодшая група) і Фаміна Сафія, навучэнка дзіцячай мастацкай школы г.Віцебска (старэйшая група).

Атрымалі ўзнагароды найлепшыя хатнія работы па наступных намінацыях:

Арыгінальнасць кампазіцыйнага рашэння;

Майстэрства выканання;

Лепшае каляровае рашэнне;

Лепшае сюжэтнае рашэнне.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі сертыфікаты і памятныя падарункі.

Граматамі былі адзначаны настаўнікі, якія якасна падрыхтавалі пераможцаў конкурсу. Ад іх прагучалі цеплыя і шчырыя словы ўдзячнасці і пажаданне далейшых поспехаў арганізатарам конкурсу «Маляўнічы свет».

Будзем спадзявацца, што першы Адкрыты дзіцячы мастацкі конкурс «Маляўнічы свет» набудзе папулярнасць і будзе мець доўгае творчае жыцце.


Протокол заседания жюри


Аўтар: выкладчык цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Чэрвонцава Н.Л.

Фота: Маліноўская В.В., Валковіч-Борыс Л.Н., Сакалоўскі Дз.С.