КОЛЛЕДЖ

Цыклавая камісія «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»

 Да  60-годдзя Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага

Калектыў ЦК ДПМ, 2017 год

Вось ужо 20 год  у  Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага працуе  цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Асноўная мэта навучання - асэнсаванне і вывучэнне народнай спадчыны, культуры і традыцый нашага краю.

Практычная падрыхтоўка спецыялістаў з’яўляецца абавязковай часткай адукацыйнага працэсу і накіравана на замацаванне ведаў і навыкаў, атрыманых пры тэарэтычным навучанні. У праграме навучання  курс агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплін. Сярод  спецыяльных - малюнак, жывапіс, кампазіцыя, пластычная анатомія, колеразнаўства, шрыфты, народны арнамент, гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва, методыка выкладання спецдысцыплін, а таксама курс народнага дэкаратыўнага мастацтва.

На занятках па жывапісу з выкладчыкам Сакалоўскім Д.С.

На занятках па спецыяльнасці з выкладчыкам Гамолка А.П.

На занятках па спецыяльнасці з выкладчыцай Валковіч-Борыс Л.М.

На занятках па спецыяльнасці з выкладчыцай Чырвонцавай Л.Л.

На занятках у сектары пед.практыкі з выкладчыцай Вальковіч Н.С.

Трэба адзначыць плённую  прафесійную працу выкладчыкаў цыклавой камісіі. На высокім  узроўні выкладаюцца акадэмічны малюнак, жывапіс, кампазіцыя. Малюнак і жывапіс - вядучыя дысцыпліны ў прафесійным навучанні мастакоў, а кампазіцыя з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў мастацкай адукацыі. Валоданне законамі кампазіцыі дазваляе мастаку праявіць сябе ў якасці філосафа, каларыста, творцы. Спалучэнне акадэмічнага і народнага мастацтваў дае добрую глебу для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў.

Паказчыкам і вынікам атрымання добрых ведаў на ЦК з’яўляецца праца  над  дыпломнымі праектамі, што служыць справаздачай дзейнасці не толькі навучэнцаў, але і выкладчыкаў. Шмат цікавых і арыгінальных дыпломных  работ  упрыгожваюць інтэр’ер  каледжа, частка  іх  знаходзіцца ў музеі нашай установы. Кожная захапляе сваёй задумкай, незвычайнасцю і дасканаласцю. А колькі прыгожых вучэбных работ у розных тэхніках  выканана нашымі навучэнцамі!  Вялікая творчая праца па развіццю народнага мастацтва выцінанкі, саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы па дрэве праводзіцца на аддзяленні. На занятках па спецыялізацыі навучэнцы асвойваюць  дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і яго сувязі з культурнымі традыцыямі беларускага народа, яго міфалогіяй, фальклорам, сімволікай. На аснове гэтых ведаў і ствараюцца арыгінальныя,  непаўторныя  працы, якія  потым экспануюцца на розных выставах, прадстаўляюцца для ўдзелу  ў конкурсах, імі ўпрыгожваюць кабінеты каледжа.  За гады  існавання ЦК мастацкі фонд значна папоўніўся нагляднасцю, і нам ёсць  што паказаць.  У навучальнай установе заўсёды дзейнічаюць  выставы. Часцей гэта работы навучэнцаў каледжа, ладзяцца таксама  выставы  знакамітых мастакоў, нашых выкладчыкаў, навучэнцаў з іншых устаноў культуры.

Славіцца  цыклавая камісія беларускай выцінанкай. У рэспубліцы і за яе межамі ўжо добра вядома маладзечанская школа выцінанкі.  Менавіта таму ў 2016 годдзе на базе нашай установы  праводзіўся VI Міжнародны сімпозіум “Мастацкае выразанне: форма і колер”, у якім удзельнічала шмат майстроў выцінанкі з Польшчы, Расіі,  Францыі, Літвы, Украіны, Беларусі. Удзельнікам сімпозіума вельмі  спадабаліся працы  нашых навучэнцаў і маладзечанскіх  майстроў-выпускнікоў цыклавой камісіі  ДПМ:  Людмілы Валковіч-Борыс, Наталлі Вальковіч, Аксаны Ралавец, Тамары Марчанкавай, Вольгі Харлінскай, Вольгі Маславай, Алы Бажко, Вольгі Сарока, а таксама майстроў Лізаветы і Наталлі Чырвонцавых, Наталлі Сухой, Вольгі Бабурынай. Усе гэтыя майстры-вучні выдатнай настаўніцы  і майстра Рэспублікі Беларусь, якая першая ўзначаліла  цыклавую камісію ДПМ  музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны. Выстава, прысвечаная яе памяці, ладзілася падчас правядзення Міжнароднага сімпозіума ў абласным краязнаўчым музеі  г.Маладзечна.

У рамках  правядзення фестывалю японскай культуры на Беларусі нашу ўстанову наведала прафесар, мастачка  і выкладчыца Такійскага інстытута Набо Сіманака, якая займаецца выразаннем з паперы. Для яе вельмі цікавым і пазнавальным было знаёмства з маладзечанскай школай выцінанкі. Вельмі ўразілі мастачку працы нашых навучэнцаў і зацікавіла  тэхніка іх выканання, разнастайнасць тэм і кампазіцый. Яна зрабіла шмат фотаздымкаў, запісала ўражанні, каб у сваёй краіне расказаць пра майстэрства выразання з паперы на Беларусі.

Неаднаразова выкладчыкі і навучэнцы цыклавой камісіі  дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва прымалі  ўдзел у міжнацыянальным  нямецка-польска-беларускім мастацкім праекце. Яны мелі магчымасць наведаць Германію і Польшчу, пазнаёміцца з моладдзю, культурай гэтых  краін і рознымі відамі мастацтваў.  Для ўдзельнікаў праводзіліся цікавыя экскурсіі, майстар-класы. Была  магчымасць абмяняцца вопытам выкладання мастацтва, наведаць  музеі і пабачыць работы вядомых мастакоў свету.

Галоўная мэта сустрэч на праекце - аб’яднанне крэатыўнай моладзі з трох краін, знаёмства з культурнымі і сацыяльнымі каштоўнасцямі, узаемнае духоўнае ўзбагачэнне, пераадоленне  моўных бар’ераў сродкамі мастацтва.

У 2015 годзе разам з установай адукацыі “Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў” і  дзяржаўнай установай адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў” г.Маладзечна  праводзіўся  сумесны мастацкі пленэр, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння М.К.Агінскага, вынікам якога стала выстава “Шляхамі М.К.Агінскага”.

У розныя  гады на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” працавалі выдатныя мастакі і выкладчыкі : Чырвонцава В.М., Герасіменка Ю.П.,  Чычэліс М.П., Смальякоў І.І., Пою І.М.,Чапскі В.З., Кучко А.В., Цясленка У.І., Лашук У.У., Селядзец Г.Ф.  Сёння  педагагічны калектаў цыклавой камісіі складаецца з 6 выкладчыкаў.  Усе яны  творчыя людзі, якія імкнуцца даць глыбокія веды навучэнцам і ў той жа час самі ўдзельнічаць у конкурсах і выставах.

Валковіч-Борыс Людміла Мікалаеўна з’яўляецца  адной з першых спецыялістаў, падрыхтаваных на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ў  Маладзечанскім дзяржаўным  музычным вучылішчы імя М.К.Агінскага. У 1999г. яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, факультэт “Народныя рамёствы”.  За гады вучобы  ёй  давялося вучыцца ў такіх вядомых і таленавітых мастакоў  г.Маладзечна, як Рыгор Васільевіч Мяжуеў, Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі,  Васіль Міхайлавіч Лазоўскі, Генадзь Фёдаравіч  Селядзец,  Маіна Барысаўна Талпыга, Сямен Іванавіч Кісель. А веды і любоў да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пераняла ад выдатнай  настаўніцы  Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны.

З 1995г. Людміла Мікалаеўна працавала выкладчыкам ў ДМШ г. Маладзечна,  а з 2003г.  выкладае на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” УА “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага”.  У 2006г. была прызначана старшынёй  камісіі ДПМ.

З  1993г. з’яўляецца сябрам  Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.  Актыўна займаецца саламянай аплікацыяй і выцінанкай. Л.М. Валковіч-Борыс  часта  ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і выставах.  Яе работы заўсёды атрымліваюць высокую ацэнку журы конкурсаў і адзначаюцца граматамі  і дыпломамі.

У 2003 годзе  Людміла Мікалаеўна была ўзнагароджана дыпломам гарвыканкама ў намінацыі “Народны майстар года” г. Маладзечна.

Чырвонцава Лізавета Львоўна ў 1997г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.  Дыпломны праект “Кола жыцця” быў першай выцінанкай на факультэце “Народныя рамёствы”. З  2002года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза   майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі. Пераняла майстэрства ад маці Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны.

Выкладчыкам на цыклавой камісіі  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага  працуе з 1998г.  Зберагае і працягвае развіваць маладзечанскую школу выцінанкі. Пастаянны ўдзельнік (дыпламант і  лаўрэат) гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і конкурсаў.

Дзяржаўны стыпендыят у галіне культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе.

Чырвонцава Наталля Львоўна першую вышэйшую адукацыю атрымала на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1994 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

У 1995 годзе ўступіла ў Беларускі  саюз   майстроў народнай творчасці. Працавала спачатку ў ДМШ г. Маладзечна. У Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага  працуе з часу заснавання цыклавой камісіі ДПМ.  Наталля Львоўна актыўна займаецца творчай дзейнасцю ў вобласці выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (выцінанка). Яна ўдзельнік шматлікіх выстаў, сімпозіумаў, лаўрэат конкурсаў, дзяржаўны стыпендыянт у галіне выцінанкі.

Вальковіч Наталля Сяргееўна выпускніца цыклавой камісіі ДПМ 1998года. У 2004 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, факультэт “Народныя рамёствы”. У каледжы працуе з 1999 года, праводзіць заняткі ў сектары педагагічнай практыкі, дзе  развівае  творчыя здольнасці  дзяцей рознага ўзросту  ( ад пяці-шасці год да абітурыентаў), якія з  ахвотай займаюцца, бо мараць  паступіць у каледж. Наталля Сяргееўна займаецца выцінанкай, з’яўляецца ўдзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў.

Гамолка Андрэй Пятровіч выпускнік цыклавой камісіі ДПМ 2008 года. У 2013  годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава,  дзе    атрымаў кваліфікацыю выкладчыка выяўленчага мастацтва. Спачатку працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў СШ №4 г.Маладзечна, з 2010 года- выкладае мастацкую апрацоўку дрэва  на цыклавой камісіі ДПМ Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага,  займаецца рознымі відамі разьбы па  дрэве.

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 250-годдзю М.К.Агінскага, удзельнічаў у рэстаўрацыі месца захавання рода Ходзькаў-Додзеркаў у в. Аборак, дзе на месцы былога касцёлу св. Роха ўсталявана выкананая ім скульптура анёла.

Сакалоўскі Дзмітрый Святаслававіч выпускнік цыклавой камісіі ДПМ 2008 года. У 2014 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта  імя П.М.Машэрава, аддзяленне “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія.” З гэтага ж года працуе выкладчыкам на цыклавой камісіі ДПМ. Актыўна займаецца творчай дзейнасцю, з’яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам мастацкіх конкурсаў і выстаў.

Кожны педагог імкнецца стаць майстрам у сваёй галіне.  Педагагічнае майстэрства — гэта сплаў асобасна-дзелавых  якасцей і прафесійнай кампетэнтнасці педагога.  Таму выставы выкладчыкаў - гэта своеасаблівы майстар-клас для навучэнцаў, бо сапраўдны выкладчык павінен не толькі добра валодаць матэрыялам заняткаў, але і асабістым  прыкладам паказваць, як трэба працаваць, і гэтым прывіваць любоў да творчасці. Персанальныя выставы ладзілі выкладчыкі Валковіч-Борыс Л.М., Чырвонцавы Н.Л. і Л.Л., Сакалоўскі Д.С.

Акрамя педагагічнай дзейнасці, выкладчыкі вядуць метадычную работу. Па ўсіх дысцыплінах спецыяльнага цыклу распрацаваны метадычныя комплексы, сабраны багаты метадычны і наглядны  фонд. Метадычнае забеспячэнне неабходна для дасягнення аптымальных вынікаў вучэбнага працэсу. На базе цыклавой камісіі неаднаразова ладзіліся семінары і мерапрыемствы для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці. Свой прафесійны ўзровень педагагічны калектыў павышае шляхам падрыхтоўкі і ўдзелу ў семінарах, канферэнцыях. Гэтаму спрыяе  правядзенне  творчых справаздач , адкрытых заняткаў, пазакласных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў і інфармацыйных гадзін.

Удзельнікі Міжнароднага семінара па выцінанцы,  музычны каледж 2010 г.

Выкладчыкі ЦК  часта запрашаюцца на розныя мерапрыемствы, праводзяць майстар-класы па розных  відах мастацтваў, з’яўляюцца членамі журы на конкурсах, аказваюць метадычную  дапамогу выкладчыкам  ДШМ.

Шчыра і аддана працуючы, калектыў выкладчыкаў цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага выхаваў шмат навучэнцаў , якія ў сваю чаргу імкнуцца перадаць веды сваім выхаванцам.  Амаль кожны выпускнік цыклавой камісіі– арыгінальная і цікавая асоба.

Высокі ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы спрыяе таму, што многія выпускнікі працягваюць мастацкую адукацыю ў такіх ВНУ,  як  Беларуская  акадэмія мастацтваў (па спецыяльнасцях:  прамысловы дызайн, дызайн мэблі,  інтэр’еру, адзення, графічны дызайн, вырабы з керамікі і шкла, экспазіцыйны дызайн); Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў (па спецыяльнасцях:  мастацтвазнаўства, народныя рамёствы, рэстаўрацыя); Педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка (па спецыяльнасцях:  дашкольная адукацыя, выяўленчае  мастацтва); Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт  (па спецыяльнасці  камунікатыўны дызайн); Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэет імя П.М.Машэрава ( мастацка-графічны факультэт); Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (факультэт дызайна); Гродзенскі педагагічны ўніверсітэт імя Я.Купалы (факультэт  мастацтва і дызайна), а таксама за мяжой (Чэхія, Расія, Літва).

Нашы выпускнікі працуюць у мастацкіх і сярэднеадукацыйных школах, дамах рамёстваў, вядуць гурткі выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва, працуюць дызайнерамі на прадпрыемствах, маюць магчымасць аформіць ІП ці працаваць як рамеснікі.

Дзень сустрэчы з выпускнікамі ЦК ДПМ 2013г.

Калектыў цыклавой камісіі  ганарыцца сваімі выпускнікамі,  заўсёды прыветна сустракае іх.


ГІСТОРЫЯ ЦЫКЛАВОЙ КАМІСІІ

У 1995 г. пры Маладзечанскім дзяржаўным музычным калледжы імя М.К.Агінскага было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У розныя часы на ім працавалі: В.М. Чырвонцава, Ю.П. Герасіменка, А.А. Акулік, М.М. Чыкалаў, А.Л. Селязнёва, В.Ю. Маслава, М.П. Чычэліс, С.У. Кумпена, І.І. Смальякоў, І.М. Пою, А.В. Кучко, В.З.Чапскі, І.У.Варанецкі.

Выкладчык Ю.П. Герасіменка

Сярод іх асаблівая роля належыць Вікторыі Мікітаўне Чырвонцавай – народнаму майстру РБ, выдатнаму педагогу, чалавеку бязмежна адданаму народнаму мастацтву. Яна на працягу дзесяці год узначальвала аддзяленне. В.М. Чырвонцава адна з першых у рэспубліцы імкнулася адрадзіць амаль забытае старажытнае мастацтва выцінанкі. Дзякуючы ёй сёння ў рэспубліцы добра вядома маладзечанская школа выцінанкі. Былыя вучні Вікторыі Мікітаўны: Л.М. Валковіч-Борыс, А.А. Ралавец (Глебец), І.Л. Шарак (Скапец), Н.А. Сухая (Валынец), В.В. Бабурына (Зяноўка), Л.Э. Юша (Пашкоўская), А.К. Карчміт, Ю.І. Семашкевіч, С.А. Дубяга – сталі сябрамі Саюза майстроў народнай творчасці РБ.

В.М. Чырвонцава, першы загадчык цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва

У каледжы для навучання створаны выдатныя ўмовы. Ёсць добра абсталяваныя класы-майстэрні, створаны фонд дыпломных і курсавых работ. Лепшыя з іх сталі музейнымі экспанатамі. З 1998 г. у каледжы працуе прыгожая выставачная зала (загадчык – выкладчыца Н.Л. Чырвонцава). У ёй рэгулярна праходзяць выстаўкі работ навучэнцаў, выкладчыкаў і мастакоў горада для прапаганды мастацтва. Інтэр’еры каледжа ўпрыгожваюць работы навучэнцаў.

У майстэрні з выкладчыкам А.П. Гамолка

 

Выкладчык Л.М. Валковіч-Борыс з навучэнкамі


На ўроку Л.Л. Чырвонцавай

Выкладчык У.І. Цясленка

  

Выезд на пленэр

 

На занятках у класе Г.Ф. Селядца

Аддзяленне рыхтуе выкладчыкаў і мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У праграме навучання – курс агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплін (малюнак, жывапіс, кампазіцыя, пластычная анатомія, матэрыяльная культура Беларусі, скульптура, колеразнаўства, шрыфты, чарчэнне і перспектыва, народны арнамент, гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва, методыка выкладання спецдысцыплін) Асноўнай спецыялізацыяй з’яўляецца вывучэнне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе выкладаецца выцінанка, мастацкая апрацоўка саломы, ільна, разьба па дрэве.

Складаючай часткай навучальнага працэсу на цыклавой камісіі ДПМ з’яўляецца выставачная дзейнасць і ўдзел выкладчыкаў і навучэнцаў у мастацкіх конкурсах. У 2000 г. на базе аддзялення было праведзена 1-е Рэспубліканскае свята-конкурс “Ажурныя фантазіі”, дзе ўсе прызавыя месцы былі заняты нашымі навучэнцамі. У абласных конкурсах па выцінанцы  (“Чароўныя нажніцы”, “Папяровыя карункі”) Мінскую вобласць заўсёды прадстаўляе маладзечанская група выцінаншчыкаў – галоўным чынам навучэнцы аддзялення ДПМ, ці выпускнікі і іх вучні. У абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы” (г.п.Чысць) – таксама былі высока ацэнены  работы прадстаўнікоў маладзечанскага музычнага каледжа. На рэспубліканскім праглядзе – конкурсе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнкі аддзялення ДПМ у 2008 і 2009 гг. займалі першае месца.

Цыклавая камісія ў 2008 годзе

Таксама навучэнцы аддзялення прымаюць актыўны ўдзел у гарадскіх, рэгіянальных, рэспубліканскіх выставах. Выцінанкі экспанаваліся на Міжнароднай выставе “Беларуская, літоўская і польская выцінанка” ў музеі народнага мастацтва г. Атрэбусы (Польшча), г. Фрэдэн (Германія), ў Міжнародным цэнтры імя Рэрыхаў (г. Масква), гісторыка-мастацкім музеі г. Дамадзедава (Расія), дзе мелі вялікі поспех. За якасныя работы ў розных матэрыялах (папера, саломка, лён, дрэва, сумяшчэнне тэхнік) некаторыя навучэнцы аддзялення атрымалі заахвочванні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх – Марына Віткоўская, Ягор Самахвастоўскі, Юрый Гнілазуб, Алена Жаркевіч.

Выставы і конкурсы з’яўляюцца паказчыкам прафесіяналізму выкладчыкаў і навучэнцаў. Спалучэнне акадэмічнага і народнага мастацтваў стварае добрую аснову для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Сёння калектыў выкладчыкаў складаецца з  выдатных педагогаў - майстроў сваёй справы: Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс, Наталля Львоўна Чырвонцава, Лізавета Львоўна Чырвонцава, Наталля Сяргееўна Вальковіч, Генадзь Фёдаравіч Селядзец, Андрэй Пятровіч Гамолка, Уладзімір Ільіч Цясленка.

Г.Ф. Селядзец і У.І. Цясленка уваходзяць у гарадскую суполку прафесійных мастакоў горада Маладзечна, якая працуе пры Саюзе мастакоў РБ; Н.Л. Чырвонцава, Л.Л. Чырвонцава, Л.М. Валковіч-Борыс - з’яўляюцца сябрамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

 

Выкладчыкі вядуць вялікую метадычную работу. На базе цыклавой камісіі правозяцца семінары і адкрытыя мерапрыемствы для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці.

Цыклавая камісія ДПМ выпусціла каля 200 навучэнцаў. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю і выкладаюць у гарадскіх і раённых школах і дамах творчасці (гг. Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Валожын, Мар’іна Горка, Ліда, Міёры). С.А. Дубяга - дырэктар раённага дома рамёстваў г. Вілейка; А.У. Пляўго, Р.У. Ключнікаў– выкладчыкі  акадэміі мастацтваў.

Многія выпускнікі працягваюць мастацкую адукацыю ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка, Віцебскім педагагічным універсітэце імя П. Машэрава, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, а таксама за мяжой (Чэхія, Расія, Літва).

За перыяд свайго існавання цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва  Маладзечанскага музычнага каледжа стала сапраўдным цэнтрам развіцця народнай мастацкай культуры ў рэгіёне. Выкладчыкі далучаюць сваіх выхаванцаў да багатай культурнай спадчыны беларускага народа і тым самым падтрымліваюць пераемнасць традыцый, што з’яўляецца асновай для далейшага паўнавартаснага развіцця беларускай нацыі.

Цыклавая камісія ў 2013 годзе.

на занятках па спецыяльнасці з выкладчыцай Чырвонцавай Л.Л.