КОЛЛЕДЖ

Цыклавая камісія «Харавое дырыжыраванне»

Склад цыклавой камісіі «Харавое дырыжыраванне» вельмі гарманічны. Побач з вопытнымі выкладчыкамі, якія маюць вялікі працоўны стаж (Таццяна Сяргееўна Грэкава, Людміла Данілаўна Камінская, Вера Мікалаеўна Каханоўская – старшыня камісіі) працуюць іх былыя вучні, таленавітая творчая моладзь (Марына Антонаўна Карчміт, Таццяна Паўлаўна Усовіч, Святлана Віктараўна Лабудзева, Вольга Анатольеўна Альшэўская, Вольга Анатольеўна Кохан, Таццяна Генадзьеўна Кавалеўская, Вераніка Уладзіміраўна Стасілевіч, Вераніка Сяргееўна Акуліч, Вольга Леанідаўна Сарока).

Першы набор навучэнцаў на дырыжорска-харавое аддзяленне адбыўся ў 1958 годзе. Сярод іх былі такія вядомыя сёння дзеячы культуры, як заслужаная артыстка БССР Тамара Раеўская і заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь Іосіф Сушко; Браніслаў Гембіцкі, які шмат гадоў кіраваў дзіцячай музычнай школай г. Маладзечна; выкладчык і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце музычнага вучылішча, а потым дырэктар ДМШ г. Маладзечна Бэці Аўдзеенка; Яўген Вахмянін.

Выкладчык М.Г. Елісеенкаў

Працавалі з імі ўсяго два выкладчыкі – выпускнікі Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Мікалай Георгіевіч Елісеенкаў і Яўген Аляксандравіч Грамыка.

Першы выпуск навучэнцаў харавога аддзялення (1962 г.

З 1970-х гадоў на цыклавой камісіі харавога дырыжыравання працавалі Зінаіда Леанідаўна Макавей, Луіза Мікалаеўна Хмелеўцава, Эдуард Нікадзімавіч Ледаховіч, Галіна Мікалаеўна Васкрасенская, Тамара Нічыпараўна Прончанка, Ядвіга Адамаўна Бохан, Вера Леанідаўна Рэбікава, Міхаіл Антонавіч Бохан, Алена Прохараўна Куцко, Аляксандр Рыгоравіч Пыжык. Усе яны ўнеслі важкі ўклад у развіццё харавога аддзялення, якім кіраваў у той час таленавіты педагог М.Г. Елісеенкаў. Хор пад яго кіраўніцтвам выступаў на ўсіх гарадскіх і раённых канцэртах, быў пастаянным удзельнікам абласных святаў песні. За 35 гадоў педагагічнай дзейнасці Мікалай Георгіевіч выхаваў плеяду таленавітых выкладчыкаў, дырыжораў і артыстаў хору, вядомых у нашай рэспубліцы і па-за яе межамі.

Паралельна з дзённым працавалі завочнае, вячэрняе і музычна-педагагічнае аддзяленні.

У тыя гады ствараліся такія вядомыя ў рэгіёне калектывы, як народны ансамбль песні і танца «Спадчына» (мастацкі кіраўнік – І. Сушко), ансамбль «Беларусачка» (кіраўнік М. Сушко), хор ДМШ г. Маладзечна (кіраўнік – Б.  Гембіцкі), хор міліцыі (кіраўнікі – Э. Ледаховіч, Л. Камінская), хор палітэхнікума (кіраўнік – Л. Камінская), Лебедзеўская харавая капэла (кіраўнік А. Пыжык), дзіцячыя хары дома піянераў (кіраўнікі – В. Бялько, Л. Ланько).

І.Ф. Сушко, кіраўнік -народнага ансамбля “Спадчына”

У 1965 годзе цыклавую камісію ўзначаліў Анатоль Феліксавіч Шунтаў. Жаночы хор пад яго кіраўніцтвам тройчы станавіўся ўладальнікам Гран-пры на конкурсах харавых калектываў сярод ССНУ рэспублікі. А.Ф. Шунтаў здолеў ператварыць кожны дзяржаўны экзамен у яркае харавое свята. Пазней Анатоль Феліксавіч працаваў дырэктарам Маладзечанскага музычнага вучылішча, мастацкім кіраўніком Рэспубліканскай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы.

У 1970-я гады на аддзяленні з’явіўся яркі творчы калектыў – квартэт выкладчыкаў у складзе Т.Н. Прончанка, Т.С. Грэкавай, Л.Д. Камінскай, В.Л. Рэбікавай. Квартэт неаднойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў, ладзіў выступленні на ВДНГ у г. Маскве, гастраліраваў у Германіі.

Квартэт выкладчыкаў харавога аддзялення

У гэты ж перыяд у вучылішчы з'явіліся хары вакальнага, народнага, тэарэтычнага аддзяленняў, якімі кіравалі М.Г. Елісеенкаў, Т.Н. Прончанка, Л.Д. Камінская.

У розны час цыклавой камісіяй харавога дырыжыравання кіравалі Н.М. Зінькевіч, А.Г. Пыжык, Т.С. Грэкава, А.А. Шут, Т.Н. Прончанка, А.В. Спічак. Н.М. Зінькевіч стварыла пры Доме культуры чыгуначнікаў хор ветэранаў вайны і працы «Надзея», які за сваю 25-гадовую гісторыю атрымаў званне народнага і стаў лаўрэатам шматлікіх аглядаў-конкурсаў.

Многа і плённа працавала з харамі выкладчык аддзялення Т.Н. Прончанка. У 1984 годзе жаночы хор вучылішча пад яе кіраўніцтвам стаў лаўрэатам ІІІ прэміі на Рэспубліканскім конкурсе харавых калектываў музычных вучылішчаў. Дзіцячыя хары сектара практыкі вучылішча, якімі кіравала Тамара Нічыпараўна, мелі багаты разнастайны рэпертуар і высокую выканальніцкую культуру.

У сярэдзіне 1980-х гадоў цыклавую камісію харавога дырыжыравання ўзначаліў выпускнік Маладзечанскага музычнага вучылішча А.А. Шут. Ён стаў ініцыятарам і арганізатарам Першага рэспубліканскага конкурсу харавых дырыжораў сярод музычных вучылішч. Пад кіраўніцтвам Аляксея Аляксандравіча хор вучылішча шмат гастраліраваў не толькі па рэспубліцы, але і за мяжой. У 1992 годзе на базе гэтага калектыву быў створаны Мінскі абласны камерны хор «Санорус».

Мінскі абласны хор “Санорус”. Кіраўнік – А.А. Шут (1996 г.)

У 1993 годзе загадчыкам цыклавой камісіі быў прызначаны А.В. Спічак. Хор пад яго кіраўніцтвам прымаў актыўны ўдзел у рабоце Рэспубліканскай пеўчай акадэміі. Андрэй Валянцінавіч быў адным з ініцыятараў правядзення фестывалю «Студэнцкая вясна». У 1994 годзе ім быў створаны вакальны ансамбль «Anima», у склад якога ўвайшлі выкладчыкі і навучэнцы харавога і вакальнага аддзяленняў вучылішча. У ліпені 1995 года гэты калектыў стаў лаўрэатам ІІІ Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» (г. Магілёў). Ансамбль вёў актыўную канцэртную дзейнасць на радзіме, гастраліраваў за мяжой, мае запісы на беларускім радыё.

 

Першы склад ансамбля “Аніма”

Ансамбль “Аніма” у 2008 г.

Многія гады ўзначальвала харавое аддзяленне Таццяна Сяргееўна Грэкава. У гэты час на аддзяленні праводзіліся агляды школьных хароў пад кіраўніцтвам навучэнцаў-практыкантаў, конкурсы дырыжораў, метадычныя канферэнцыі; працавала навуковае студэнцкае таварыства. Таццяна Сяргееўна і цяпер шмат часу і сіл аддае рабоце з харавымі калектывамі. Адзін з іх – хор Маладзечанскага аддзялення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, які неаднаразова станавіўся лаўрэатам аглядаў-конкурсаў. На базе гэтага калектыву быў створаны жаночы квартэт, які мае званне народнага. За шматгадовую творчую працу ў спецшколе-інтэрнаце  № 2 г.Маладзечна Т.С. Грэкава атрымала ганаровае званне «Выдатнік народнай адукацыі».

Заслужаная артыстка Рэспублікі Крым Анжаліка Захарава

Т.С. Грэкава – высокапрафесійны, адукаваны выкладчык. Сярод яе выпускнікоў заслужаная артыстка Рэспублікі Крым Анжаліка Захарава, хармайстар Беларускай дзяржаўнай акадэмічнай капэлы Інэса Рунец, магістр Расійскай Акадэміі музыкі імя Гнесіных Уладзімір Яцкевіч. Таццяна Сяргееўна таксама з’яўляецца кіраўніком хора ветэранаў «Надзея».

19 гадоў хорам тэарэтычнага аддзялення кіравала Людміла Данілаўна Камінская. Гэты хор быў прызнаны лепшым ілюстратарам і атрымаў дыплом на Міжнародным конкурсе маладых кампазітараў у г. Гродна. Калектывам зроблены запісы на беларускім радыё; ён з’яўляўся пастаянным удзельнікам кампазітарскага форуму «Надзея». Натхнёна і плённа з гэтым хорам працавалі члены Саюза кампазітараў Беларусі А. Атрашкевіч і В. Кажухар, вядомыя беларускія паэтэсы В. Аколава і Т. Мушынская. Людміла Данілаўна шмат гадоў кіравала хорам міліцыі г. Маладзечна, а таксама хорам палітэхнікума.

Вакальны ансамбль “Гармонія”.

Кіраўнік – Л.Д. Камінская

Л.Д. Камінская – вельмі вопытны выкладчык аддзялення, адданы сваёй працы, апантаны. Выпускнік яе класа Віталій Амбражэвіч – дыпламант ІІ Рэспубліканскага конкурсу дырыжораў сярод музычных вучылішч. Цяпер ён працуе хормайстарам Беларускай дзяржаўнай акадэмічнай капэлы імя Р.Р. Шырмы і з’яўляецца кіраўніком выдатнага мужчынскага ансамбля «Сюрпрыз». Павел Ніканенка – саліст вакальнага ансамбля «Федэрацыя». Шмат выпускнікоў Камінскай Л.Д. працуюць у хоры Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Выпускнік класа Л.Д. Камінскай Анатолій Гроўс у 2012 годзе стаў дыпламантам Рэспубліканскага конкурсу маладых дырыжораў сярод музычных ССНУ Беларусі.

Сёння цыклавую камісію ўзначальвае Каханоўская Вера Мікалаеўна – выпускніца Маладзечанскага музычнага вучылішча (клас таленавітага педагога М.Г. Елісеенкава) і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас дацэнта Т.Г. Слабодчыкавай). Спасцігаць майстэрства дырыжорскай справы Вера Мікалаеўна пачала вельмі рана. Падчас вучобы ў вучылішчы яна ўжо працавала з харавымі калектывамі (1978 год – школьны хор СШ № 9 г.Маладзечна; 1981 год – гарадская капэла настаўнікаў). З 1982 года В.М. Каханоўская пачынае працаваць з дзіцячым хорам Маладзечанскага музычнага вучылішча (сектар практыкі). У 1991 годзе хор сектара практыкі атрымаў званне лаўрэата першага Рэспубліканскага конкурсу імя Р. Шырмы.

З 1999 года Вера Мікалаеўна кіруе жаночым хорам дырыжорска-харавога аддзялення. Яе работа скіравана на якасную, высокую пеўчую культуру, выразнасць выканання. Рэпертуар жаночага хора вельмі разнастайны. У 2005 годзе ён атрымаў званне лаўрэата VII Рэспубліканскага конкурсу харавых і аркестравых калектываў сярод ССНУ.

У 2006 годзе па ініцыятыве дырэктара музычнага вучылішча Р.С. Сарокі на базе гэтага калектыву быў створаны змешаны хор, у склад якога ўвайшлі навучэнцы дырыжорска-харавога і вакальнага аддзяленняў. Хор з вялікім поспехам выступае на канцэртных пляцоўках як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Выканальніцкі ўзровень хору вельмі высокі, што і дало магчымасць ажыццявіць такія маштабныя творчыя праекты, як сумесныя канцэртныя праграмы з заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь сімфанічным аркестрам Маладзечанскага музычнага каледжа, а таксама грандыёзныя оперныя пастаноўкі Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра («Іаланта», «Яўген Анегін» П.І. Чайкоўскага, «Травіята» Дж. Вэрдзі, «Кармэн» Ж.Бізэ).

Праца выкладчыка ацэньваецца па ступені падрыхтаванасці яго выхаванцаў. А яна ў навучэнцаў В.М. Каханоўскай вельмі высокая. Па выніках апошніх пяці гадоў 100% выпускнікоў яе класа сталі студэнтамі ВНУ Беларусі і Расіі (Д. Норка – РАМ імя Гнесіных; В. Дварэцкая, К. Нявера, В. Хмылко – БДАМ) і інш.

 

Цыклавая камісія ў 2008 і 2013 гг.

Сярод выпускнікоў, якімі ганарыцца аддзяленне харавога дырыжыравання – заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнік узорнага дзіцячага хору пры Палацы прафсаюзаў г. Мінска В. Яловік; заслужаныя работнікі культуры Рэспублікі Беларусь А. Далжонак, В. Пакумейка; выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва В. Новік, Т.Кандакова, С. Войцік, Л. Снапкова; былы дырэктар Баранавіцкага музычнага вучылішча В. Вароніна; былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Маладзечанскага музычнага вучылішча, а потым дырэктар ДМШ г. Маладзечна Б. Аўдзеенка; намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Маладзечанскага музычнага каледжа Г. Юрэвіч; былы намеснік дырэктара Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі Т. Альбакрынава; старшыні цыклавых камісій харавога дырыжыравання Лідскага, Гомельскага і Наваполацкага музычных каледжаў Л. Пясецкая, Н. Цітова, Э. Герасіменка; заслужаная артыстка Рэспублікі Крым А. Захарава.

Сёння калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў аддзялення харавога дырыжыравання Маладзечанскага музычнага каледжа працуе плённа, самааддана, творча і рухаецца да новых прафесійных вяршынь.