КОЛЛЕДЖ

Цыклавая камісія «Агульнаадукацыйныя дысцыпліны»

ПЕРАМОЖЦЫ

 АБЛАСНОГА ЭТАПУ РЭСПУБЛІКАНСКАГА ФЕСТЫВАЛЮ “АРТ-ВАКАЦЫІ”

У студзені-лютым 2017 года навучэнцы і выкладчыкі каледжа прынялі ўдзел у абласным этапе Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”.

Творчы праект “Урывак з паэмы Я.Купалы “Адвечная песня” быў адзначаны ДЫПЛОМАМ І-й СТУПЕНІ ў намінацыі “Калектыўнае выкананне твораў Я.Купалы”. Рэалізацыя дадзенага праекту адбылася дзякуючы намаганням: Быкавай Аляксандры Артураўны, Каролік Алесі Святаславаўны, Бурачонак Настассі, Забагонскага Антона, Рак Дзіяны, Шырко Наталлі, Труса Мікіты (сябра каледжа). Чытаць далей...


ГІСТОРЫЯ ЦЫКЛАВОЙ КАМІСІІ

Цыклавая камісія агульнаадукацыйных дысцыплін – равесніца вучылішча. Ля яе вытокаў стаялі такія выдатныя выкладчыкі, як Леанід Мікалаевіч Пазнякоў, Людміла Цэзараўна Ярмаль, Ніна Пятроўна Мікульчык, Рамуальда Антонаўна Цэхановіч.

     

Заслужаны настаўнік БССР Л.М. Пазнякоў

Выкладчыца Н.П. Мікульчык

Выкладчыца Р.А. Цэхановіч

Шмат гадоў на цыклавой камісіі працавалі выдатныя, высокакваліфікаваныя выкладчыкі:

Прыбыткіна Людміла Андрэеўна - выкладчык гісторыі, якая ўнесла вялікі ўклад у ідэалагічнае выхаванне некалькіх пакаленняў музыкантаў і настаўнікаў музыкі;

Селівон Валянціна Іванаўна – выкладчык беларускай мовы і літаратуры, якая вучыла сваіх выхаванцаў адчуваць прыгажосць роднай мовы, спасцігаць яе багацце, берагчы і шанаваць мову;

Бярнацкая Гелена Міхайлаўна – выкладчык англійскай і нямецкай моў, якая яшчэ займала і пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце;

Навойчык Леанід Адольфавіч – выкладчык фізічнага выхавання, які умеў сфарміраваць у навучэнцаў здаровую патрэбнасць займацца фізічнай культурай.  

 

На пасяджэнні цыклавой камісіі. 2003 г.

Агульнаадукацыйныя дысцыпліны займаюць важнае месца ў прафесійнай падрыхтоўцы і выхаванні будучых спецыялістаў самастойнымі творчымі асобамі і сапраўды высокаадукаванымі людзьмі. У гэтым напрамку працуюць выкладчыкі: Ганна Францаўна Шалесная (старшыня цыклавой камісіі, руская мова і літаратура), Людміла Пятроўна Шалуха (англійская, французская і італьянская мовы), Марына Іосіфаўна Валасковіч (педагогіка і псіхалогія), Пётр Уладзіміравіч Шалесны, (фізічная культура), Вольга Рыгораўна Корсак (сусветная і айчынная мастацкая культура), Алена Баляславаўна Міцюль (матэматыка, фізіка, астраномія), Іна Аляксандраўна Русак (беларуская мова і літаратура); Алена Іванаўна Кісель (геаграфія, біялогія), Валянціна Пятроўна Мазалеўская (фізічная культура). Гэта дасведчаныя педагогі, якія дасканала ведаюць свае прадметы, методыку іх выкладання і дасягаюць у сваёй працы добрых вынікаў. 

 

Цыклавая камісія ў 2013 г.

У складзе цыклавой камісіі агульнаадукацыйных дысцыплін побач з педагогамі старэйшага пакалення працуе і моладзь. Гэта Артур Барысавіч Казлоўскі (нямецкая і англійская мовы), Аляксандра Віктараўна Грыбовіч (сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны і па сумяшчальніцтве сацыяльны педагог). Прафесійная падрыхтоўка гэтых выкладчыкаў дазваляе ім метадычна граматна будаваць урокі з улікам сучасных форм навучання. А.В.Грыбовіч актыўна ўдзельнічае ў жыцці навучальнай установы. Яна ўзначальвае арганізацыю БРСМ у каледжы, не аднойчы была ўдзельнікам міжнародных маладзёжных праектаў. З першага года працы з’яўляецца куратарам вучэбнай групы.

А.В.Грыбовіч у час падрыхтоўкі да заняткаў.

Шэраг выкладчыкаў вышэйшай і першай катэгорый працуюць на цыклавой камісіі па сумяшчальніцтву. Гэта А.В.Шасцілоўскі (хімія), В.П.Міцюль (інфарматыка), А.К.Касцюк (дапрызыўная падрыхтоўка), А.В.Хвосцік (асновы права).

 

Сення цыклавая камісія агульнаадукацыйных дысцыплін – гэта зладжаны калектыў аднадумцаў, якія імкнуцца выхаваць навучэнцаў каледжа адукаванымі спецыялістамі і ўсебакова развітымі асобамі.

Ганна Францаўна Шалесная 30 гадоў працуе ў каледжы. У выкладанні рускай мовы і літаратуры заўсёды дабіваецца забеспячэння такой арганізацыі навучальнага працэсу, якая б садзейнічала павышэнню якасці ведаў навучэнцаў, развіццю інтарэсу да вывучэння моўных з’яў, твораў майстроў слова, выхаванню моўнай культуры і літаратурнага густу. Свой педагагічны вопыт яна абагульняе ў метадычных працах, сярод якіх “Выхаванне чытацкай культуры”; “Маральнае выхаванне навучэнцаў на біблейскіх матывах рускай класікі”; “Ілюстраванне праграмных твораў пры іх вывучэнні”. Г.Ф.Шалесная стала ініцыятарам правядзення многіх пазакласных мерапрыемстваў у каледжы. З 2005 года з’яўляецца старшыней цыклавой камісіі агульнаадукацыйных дысцыплін. Нязменны сакратар педагагічнанга савета. Яна мае шэраг узнагарод, у тым ліку Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

На ўроку рускай літаратуры ў Г.Ф. Шалеснай.

Петр Уладзіміравіч Шалесны, кіраўнік фізічнага выхавання, працуе ў каледжы 40 гадоў. Вопытны выкладчык-трэнер, ён выхаваў цэлую кагорту спартсменаў, якія прынеслі каледжу шэраг бліскучых перамог на спаборніцтвах рознага ўзроўню. Удасканаленне тэхналогіі фізкультурна-выхаваўчага працэсу, пастаянны пошук найбольш аптымальных форм і метадаў навучання – адметныя напрамкі яго работы. Петр Уладзіміравіч на працягу педагагічнай дзейнасці стараецца прывіваць навучэнцам любоў да фізічнай культуры, прапагандуе здаровы лад жыцця. Мэтанакіраваная актыўная дзейнасць П.У.Шалеснага адзначана шэрагам узнагарод, сярод якіх Ганаровая грамата Упраўлення культуры Мінаблвыканкама, грамата Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

У спартыўнай зале з П.У. Шалесным.

Вольга Рыгораўна Корсак – выпускніца Маладзечанскага музычнага вучылішча і магістратуры  Беларускага універсітэта культуры і   мастацтва -  творча ставіцца да работы. Яна пастаянна імкнецца разнастаіць формы работы з навучэнцамі, прыемы і сродкі навучання, у аснове якіх – дыферэнцыраваны падыход з улікам здольнасцей навучэнцаў. Вольга Рыгораўна з захапленнем займаецца сваёй справай, імкнецца даць сваім выхаванцам трывалыя веды і заўседы знаходзіцца ў творчым пошуку. В.Р.Корсак – аўтар кніг “Вяртанне”, “Сімфанічны аркестр”. Працуе над стварэннем электроннага падручніка па дысцыпліне “Гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва” для навучэнцаў цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вольга Рыгораўна – куратар са шматгадовым вопытам. Жыццё яе вучэбных груп заўсёды насычанае і разнастайнае. Яна ўмее арганізаваць вольны час навучэнцаў, прыцягнуць іх да ўдзелу ў пазакласных мерапрыемствах.

В.Г.Корсак у час падрыхтоўкі да заняткаў.

В.Г.Корсак у час правядзення навагодняга ранішніка.

Людміла Пятроўна Шалуха шмат гадоў працуе ў каледжы. У выкладанні ўмела спалучае традыцыйныя і сучасныя методыкі, інавацыйныя тэхналогіі і адукацыйныя інтэрнэт-рэсурсы, творча выкарыстоўвае актыўныя формы навучання. У яе арсенале інтэграваныя ўрокі, урокі- вандроўкі, відэаўрокі, прызентацыі, канцэрты, праекты. Камунікатыўны накірунак – адметная рыса ўрокаў выкладчыцы. Стала добрай традыцыяй праводзіць у каледжы конкурсы, канферэнцыі, лінгвістычныя вечары на замежнай мове. Навучэнцы каледжа паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных маладзежных праектах. Л.П.Шалуха з’яўляецца аўтарам тыпавой праграмы па італьянскай мове для ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыіі па спецыяльнасці “Спевы акадэмічныя”. Яна прымала ўдзел у рэспубліканскіх семінарах настаўнікаў французскай мовы, арганізаваных Міністэрствам адукацыі РБ, Пасольствам Францыі ў РБ і асацыяцыяй настаўнікаў французскай мовы. Вывучала грэчаскую мову ў Афінскім універсітэце (Грэцыя), стажыравалася ў Крыцкім універсітэце. Л.П.Шалуха ўзнагароджана граматай спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы творчай моладзі, мае іншыя ўзнагароды.

На ўроку замежнай мовы. Выкладчыца Л.П. Шалуха.

Вельмі адказную і важную ролю адыгрывае ў каледжы псіхалагічная служба. Тут паспяхова працуе Марына Іосіфаўна Валасковіч – выпускніца гэтай установы, а зараз выкладчык псіхалогіі і педагогікі. Шмат гадоў існуе маладзежны клуб “Дыялог +”, якім кіруе М.І.Валасковіч. Клуб пастаянна праводзіць тэматычныя сустрэчы, трэнінгі, семінары і дыскусіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, дае інфармацыйную падтрымку праз інтэрнэт-рэсурсы. Праводзіцца таксама работа па псіхалагічнай і духоўна-маральнай асвеце моладзі. Клуб “Дыялог+” з’яўляцца ініцыятарам правядзення адкрытага фестывалю-конкурсу “Час жыць”, мэта якога – падтрымка маладзежнай творчасці, прафілактыка крызісных станаў, стварэнне ўмоў для знаёмства і супрацоўніцтва тых, хто знаходзіцца ў жыццевым пошуку. У рамках фестывалю дзейнічае выстава творчых работ, праводзяцца дыскусіі, майстар-класы, трэнінгі, валанцёрскія сустрэчы, канферэнцыі, канцэрты флэш-мобы.

Маладзежны клуб “Дыялог+”. Кіраўнік М.І.Валасковіч (у цэнтры).

 

 

 

М.І.Валасковіч у час правядзення суботніка.

Алена Баляславаўна Міцюль творча выкарыстоўвае на занятках свае веды, кожны яе ўрок змястоўны і навукова абгрунтаваны. Вопыт работы дазваляе ёй дыферэнцыравана падыходзіць да кожнага навучэнца. Яна пастаянна пашырае прафесійны ўзровень, рыхтуе грунтоўныя метадычныя паведамленні, з якімі выступае на пасяджэннях цыклавой камісіі. Алена Баляславаўна імкнецца зрабіць вучэбны працэс цікавым і захапляльным, каб дакладныя навукі былі больш прыцягальнымі дысцыплінамі для навучэнцаў. Выкладчыца арганізоўвае пазакласныя мерапрыемствы, у якіх з ахвотай удзельнічаюць навучэнцы. Гэта матэматычныя і астранамічныя КВЗ, падрыхтоўка цікавых нумароў для прадстаўлення на конкурсе  “Мы таленавітыя ва ўсім”.

 

На ўроку матэматыкі. Выкладчыца А.Б.Міцюль.

А.Б.Міцюль у час правядзення КВЗ па астраноміі.

Іна Аляксандраўна Русак актыўна прапагандуе родную мову і літаратуру. Яна шмат працуе над удасканальваннем методыкі выкладання, выкарыстоўвае сучасныя формы ўрокаў. І.А.Русак арганізоўвае сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі. Яна стала ініцыятарам правядзення конкурсаў аўтарскай песні на вершы беларускіх паэтаў. Іна Аляксандраўна распрацавала сцэнарыі ўрачыстасцей, прысвечаных пачатку навучальнага года і ўручэнню дыпломаў выпускнікам, выступала як вядучая гэтых мерапрыемстваў. На працягу педагагічнай дзейнасці ў каледжы выпусціла не адну групу як куратар і ўнесла значны ўклад у выхаванне моладзі. 

У класе беларускай мовы і літаратуры. Выкладчыца І.А.Русак.

Алена Іванаўна Кісель працуе ў музычным каледжы больш за 10 гадоў. Акрамя геаграфіі і біялогіі, яна выкладае яшчэ курс аховы навакольнага асяроддзя, асновы аховы працы. На занятках, каб зацікавіць навучэнцаў і прывіць любоў да прадметаў, выкладчыца выкарыстоўвае нетрадыцыйныя формы правядзення ўрокаў: інтэрактыўныя вандроўкі, дыскусіі, канферэнцыі. Па ініцыятыве А.І.Кісель кожны год адбываюцца мерапрыемствы, прысвечаныя трагічным падзеям на Чарнобыльскай АЭС. Пачатак традыцыі пайшоў з вечара-рэквіема “Званы Чарнобыля”. Выкладчык шмат працуе ў напрамку выхавання экалагічнай культуры навучэнцаў.

На ўроку геаграфіі. Выкладчыца Е.І.Кісель.

Е.І.Кісель у батанічным садзе са сваёй групай.

Валянціна Пятроўна Мазалеўская працуе ў каледжы з 2014 года. Яна ўмее захапіць навучэнцаў спортам. Прафесійны ўзровень дазваляе Валянціне Пятроўне будаваць урокі па фізічнай культуры з улікам асаблівасцей навучэнцаў розных спецыяльнасцей, іх фізічнага стану. Галоўным напрамкам у рабоце стала выкарыстанне аэробікі ў фізічным выхаванні навучэнцаў каледжа. Выкладчыца прысвяціла гэтаму пытанню метадычныя працы, распрацавала шэраг заняткаў аэробікі з фітболамі. Спартыўныя каманды навучэнцаў каледжа, якія рыхтуе В.П.Мазалеўская, прымаюць удзел у штогадовай гарадской спартакіядзе ССНУ і традыцыйна займаюць прызавыя месцы ў спаборніцтвах па шахматах, настольнаму тэнісу і лыжах.

На ўроку фізічнай культуры. Выкладчыца В.П.Мазалеўская.

Цыклавая камісія мэтанакіравана і плённа працуе над удасканаленнем эфектыўнасці заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, асновай якіх з’яўляецца адзінства навучання і выхавання. На навуковым узроўні плануецца  метадычная работа. На пасяджэннях цыклавой камісіі разглядаюцца актуальныя пытанні методыкі выкладання прадметаў, выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у навучальным працэсе. Праводзяцца адкрытыя ўрокі, канферэнцыі, семінары. Усе дысцыпліны цыкла забяспечаны вучэбна-метадычнымі комплексамі, у якіх прадстаўлены вопыт выкладчыкаў. На базе навучальнай установы адбываліся пасяджэнні абласнога метадычнага аб’яднання выкладчыкаў рускай і беларускай мовы і літаратуры, фізічнай культуры, псіхалогіі і педагогікі.

Цыклавая камісія арганізуе у каледжы запамінальныя пазакласныя мерапрыемствы. Сярод іх літаратурна-музычныя вечары “Муза ў салдацкім шынелі”, “Спыніся, імгненне, ты цудойнае…” (сцэнарыі гэтых мерапрыемстваў, распрацаваныя выкладчыкамі Г.Ф.Шалеснай, І.А.Русак, В.Г.Корсак, аформлены як метадычныя працы), свята роднай мовы “І адвечна гучыць беларускае слова”. Традыцыйным стаў конкурс творчых прац навучэнцаў “Мы таленавітыя ва ўсім”. Выкладчыкі цыклавой камісіі рыхтуюць з навучэнцамі да гэтага конкурсу па кожнай дысцыпліне самыя разнастайныя нумары, якія годна прадстаўляюць усе агульнаадукацыйныя прадметы.

Цыклавая камісія ў 2018 г.

У час атэстацый навучальнай установы работа цыклавой камісіі агульнаадукацыйных дысцыплін заўсёды ўдастойвалася высокай ацэнкі.