КОЛЛЕДЖ

Цыклавая камісія «Аркестравае дырыжыраванне»

Цыклавая камісія аркестравага дырыжыравання была створана ў вучылішчы ў 1988 годзе. Яе дзейнасць мае мэтай падрыхтоўку кіраўнікоў самадзейных аркестравых калектываў. Навучэнцам выкладаецца шэраг прадметаў, якія неабходны для авалодвання навыкамі стварэння і кіравання аркестрам: асновы дырыжыравання, чытанне аркестравых партытур, інструментоўка, методыка і практыка работы з творчым калектывам.

Цыклавая камісія ў 2008 годзе.

З 1988 па 1993 год цыклавую камісію аркестравага дырыжыравання ўзначальваў У.І. Стасевіч, з 1994 па 2010 год – В.К. Дзыгун, з 2010 па 2012 год – І.Я. Шэлег, а з 2012 па 2015 год   С.С. Гарбуз, с 2015 - кіраўніком цыклавой камісіі прызначаны А.В. Андрэеў.

За перыяд работы каля 900 навучэнцаў атрымалі кваліфікацыю “кіраўнік творчага калектыву”. Многія выпускнікі сталі кіраўнікамі народных і ўзорных калектываў. Напрыклад, Фёдар Гур – кіраўнік узорнага духавога аркестра (г. Вілейка); Аляксандр Леановіч – кіраўнік узорнага духавога аркестра Клецкай ДШМ; Вольга Токарава – кіраўнік аркестра народных інструментаў Смаргонскай ДМШ; Валерый Старавойтаў – кіраўнік эстраднага аркестра (г. Магілёў). Выпускнік вучылішча Сяргей Мікуліч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і кіруе аркестрам Баранавіцкага музычнага вучылішча. Аляксандр Рачынскі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва працуе дырыжорам аркестра ўзброеных сіл Расіі (г. Чыта). Некаторыя выпускнікі скончылі ваенна-дырыжорскі факультэт пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага і кіруюць прафесійнымі калектывамі. Уладзімір Івашкавец – аркестрам узброеных сіл Германіі (г. Берлін); Віктар Кулікоў – аркестрам Паўночнага ваенна-марскога флоту Расіі (г. Мурманск); Сяргей Чачык кіраваў аркестрам узброеных сіл СССР на тэрыторыі Чэчэнскай рэспублікі; Віталь Міцкевіч – дырыжор аркестра ўзброеных сіл (г. Віцебск). Ваенна-дырыжорскі факультэт Маскоўскай кансерваторыі скончыў і Алег Тышук.

 Урок дырыжыравання ў класе Р.С. Сарокі.

У класе Ю.П. Дзмітрэнкі.

На цыклавой камісіі аркестравага дырыжыравання цяпер выкладаюць Рыгор Сямёнавіч Сарока, Наталля Анатольеўна Бірукова, Уладзімір Іванавіч Стасевіч, Наталля Міхайлаўна Ялецкая, Ірына Барысаўна Лях, Ганна Міхайлаўна Чаеўская. Па сумяшчальніцтве працуюць Т.У. Бялькова, Г.С. Кажура, Д.У. Арцямёнак, І.Р. Данільчанка, Т.Я. Вайцяшонак, Г.В. Сянцюрына.

У час дзяржаўнага экзамену па дырыжыраванню.

Выкладчыкі падтрымліваюць творчыя сувязі з аркестрамі дзіцячых музычных школ і ўстаноў культуры Мінскай вобласці, аказваюць метадычную дапамогу іх кіраўнікам.

Якасны ўзровень падрыхтоўкі дырыжораў дапамагае выхаванню музыкантаў, якія складаюць аснову аркестраў каледжа: сімфанічнага, рускіх народных інструментаў, духавога, беларускіх народных інструментаў. Гэтыя калектывы маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і вядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Работа з імі – выдатная школа для навучэнцаў, якія становяцца за дырыжорскі пульт. Пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў яны авалодваюць складаным майстэрствам аркестравага дырыжыравання. Кожны дзяржаўны экзамен па гэтай дысцыпліне ператвараецца ў сапраўднае свята і прыцягвае ўвагу вялікай колькасці слухачоў.

Цыклавая камісія ў 2013 годзе.