Не тое дорага, што золата, а тое дорага, што добрага майстра

2022 01 17 08.16.24

У Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К. Агінскага 11 студзеня адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай галерэі цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».

У трох залах прадстаўлены лепшыя дыпломныя работы рознай тэматыкі выпускнікоў аддзялення ДПМ, а таксама частка вучэбных работ. У першай зале можна ўбачыць вырабы з саломкі і эксперыментальны тэстыль, у другой – саломапляценне і разьбу па дрэве. Трэцяя зала прысвечана памяці народнага майстра Беларусі Вікторыі Чырвонцавай, дзякуючы якой у нашай краіне шырока вядома маладзечанская школа выцінанкі.

З экспазіцыяй прысутных знаёміла старшыня камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Людміла Валковіч-Борыс.

Высока адзначыла ўзровень работ начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька.

– У чарговы раз мы пераканаліся, наколькі багаты на таленты беларускі народ. Мастацкія работы могуць упрыгожыць любую выставачную галерэю. У іх адлюстраваны гісторыя нашай краіны, яе традыцыі, якія беражліва захоўваюцца і памнажаюцца моладдзю. Такая мастацкая прастора павінна быць адкрытай для наведвальнікаў. Тут ёсць што паказаць, чым здзівіць і парадаваць маладзечанцаў і гасцей, – адзначыла Ала Канстанцінаўна.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама Яўгеній Асташоў, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Вольга Клепакова, кіраўніцтва  і выкладчыкі музычнага каледжа, работнікі культуры, творчая моладзь.

Тэкст : Людміла ЦАР

Фота: Людміла ЦАР, Дзмітрый САКАЛОЎСКІ