Экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыта

20 кастрычніка навучэнцы і выкладчыкі ЦК ДПМ у межах адукацыйнага працэсу наведалі Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыта ў в.Строчыца Мінскага раёна. У адзіным на Беларусі музеі-скансэне для моладзі правялі экскурсію па экспазіцыі Цэнтральнай Беларусі, а таксама яны самастойна наведалі навукова-экспазіцыйныя сектары "Паазер'е" і "Падняпроўе".

Навучэнцы пазнаёміліся з рознымі помнікамі драўлянага дойлідства XVIII – пач. XX ст., інтэр’ерамі храмаў, сельскіх сядзіб і гаспадарчых пабудоў, народнага вучылішча. Прадстаўленыя сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадметы побыту выклікалі ў іх вялікую цікавасць. Цудоўныя выставы тканых дываноў і посцілак «Ткала бабуля дываны» і беларускага ганчарства уразілі сваёй прыгожай выразнасцю.

Паездка была надзвычай пазнавальнай і адукацыйнай, паспрыяла больш свядомаму ўспрыманню вучэбнага прадмета  “Матэрыяльная культура беларусаў”. Нашы навучэнцы змаглі ўбачыць быт, элементы народнай культуры, і адчуць атмасферу жыцця сваіх продкаў.

Тэкст: Чырвонцава Л.Л.

Фота: Карчміт Д., Чырвонцава Л.Л.