ГІСТОРЫЯ ЦЫКЛАВОЙ КАМІСІІ
У 1995 г. пры Маладзечанскім дзяржаўным музычным калледжы імя М.К.Агінскага было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У розныя часы на ім працавалі: В.М. Чырвонцава, Ю.П. Герасіменка, А.А. Акулік, М.М. Чыкалаў, А.Л. Селязнёва, В.Ю. Маслава, М.П. Чычэліс, С.У. Кумпена, І.І. Смальякоў, І.М. Пою, А.В. Кучко, В.З.Чапскі, І.У.Варанецкі.
Выкладчык Ю.П. Герасіменка
Сярод іх асаблівая роля належыць Вікторыі Мікітаўне Чырвонцавай – народнаму майстру РБ, выдатнаму педагогу, чалавеку бязмежна адданаму народнаму мастацтву. Яна на працягу дзесяці год узначальвала аддзяленне. В.М. Чырвонцава адна з першых у рэспубліцы імкнулася адрадзіць амаль забытае старажытнае мастацтва выцінанкі. Дзякуючы ёй сёння ў рэспубліцы добра вядома маладзечанская школа выцінанкі. Былыя вучні Вікторыі Мікітаўны: Л.М. Валковіч-Борыс, А.А. Ралавец (Глебец), І.Л. Шарак (Скапец), Н.А. Сухая (Валынец), В.В. Бабурына (Зяноўка), Л.Э. Юша (Пашкоўская), А.К. Карчміт, Ю.І. Семашкевіч, С.А. Дубяга – сталі сябрамі Саюза майстроў народнай творчасці РБ.
В.М. Чырвонцава, першы загадчык цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
У каледжы для навучання створаны выдатныя ўмовы. Ёсць добра абсталяваныя класы-майстэрні, створаны фонд дыпломных і курсавых работ. Лепшыя з іх сталі музейнымі экспанатамі. З 1998 г. у каледжы працуе прыгожая выставачная зала (загадчык – выкладчыца Н.Л. Чырвонцава). У ёй рэгулярна праходзяць выстаўкі работ навучэнцаў, выкладчыкаў і мастакоў горада для прапаганды мастацтва. Інтэр’еры каледжа ўпрыгожваюць работы навучэнцаў.
У майстэрні з выкладчыкам А.П. Гамолка
Выкладчык Л.М. Валковіч-Борыс з навучэнкамі
На ўроку Л.Л. Чырвонцавай
Выкладчык У.І. Цясленка
Выезд на пленэр
На занятках у класе Г.Ф. Селядца
Аддзяленне рыхтуе выкладчыкаў і мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У праграме навучання – курс агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплін (малюнак, жывапіс, кампазіцыя, пластычная анатомія, матэрыяльная культура Беларусі, скульптура, колеразнаўства, шрыфты, чарчэнне і перспектыва, народны арнамент, гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва, методыка выкладання спецдысцыплін) Асноўнай спецыялізацыяй з’яўляецца вывучэнне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе выкладаецца выцінанка, мастацкая апрацоўка саломы, ільна, разьба па дрэве.
Складаючай часткай навучальнага працэсу на цыклавой камісіі ДПМ з’яўляецца выставачная дзейнасць і ўдзел выкладчыкаў і навучэнцаў у мастацкіх конкурсах. У 2000 г. на базе аддзялення было праведзена 1-е Рэспубліканскае свята-конкурс “Ажурныя фантазіі”, дзе ўсе прызавыя месцы былі заняты нашымі навучэнцамі. У абласных конкурсах па выцінанцы (“Чароўныя нажніцы”, “Папяровыя карункі”) Мінскую вобласць заўсёды прадстаўляе маладзечанская група выцінаншчыкаў – галоўным чынам навучэнцы аддзялення ДПМ, ці выпускнікі і іх вучні. У абласным свяце-конкурсе майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы” (г.п.Чысць) – таксама былі высока ацэнены работы прадстаўнікоў маладзечанскага музычнага каледжа. На рэспубліканскім праглядзе – конкурсе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнкі аддзялення ДПМ у 2008 і 2009 гг. займалі першае месца.
Цыклавая камісія ў 2008 годзе
Таксама навучэнцы аддзялення прымаюць актыўны ўдзел у гарадскіх, рэгіянальных, рэспубліканскіх выставах. Выцінанкі экспанаваліся на Міжнароднай выставе “Беларуская, літоўская і польская выцінанка” ў музеі народнага мастацтва г. Атрэбусы (Польшча), г. Фрэдэн (Германія), ў Міжнародным цэнтры імя Рэрыхаў (г. Масква), гісторыка-мастацкім музеі г. Дамадзедава (Расія), дзе мелі вялікі поспех. За якасныя работы ў розных матэрыялах (папера, саломка, лён, дрэва, сумяшчэнне тэхнік) некаторыя навучэнцы аддзялення атрымалі заахвочванні Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Сярод іх – Марына Віткоўская, Ягор Самахвастоўскі, Юрый Гнілазуб, Алена Жаркевіч.
Выставы і конкурсы з’яўляюцца паказчыкам прафесіяналізму выкладчыкаў і навучэнцаў. Спалучэнне акадэмічнага і народнага мастацтваў стварае добрую аснову для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў. Сёння калектыў выкладчыкаў складаецца з выдатных педагогаў - майстроў сваёй справы: Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс, Наталля Львоўна Чырвонцава, Лізавета Львоўна Чырвонцава, Наталля Сяргееўна Вальковіч, Генадзь Фёдаравіч Селядзец, Андрэй Пятровіч Гамолка, Уладзімір Ільіч Цясленка.
Г.Ф. Селядзец і У.І. Цясленка уваходзяць у гарадскую суполку прафесійных мастакоў горада Маладзечна, якая працуе пры Саюзе мастакоў РБ; Н.Л. Чырвонцава, Л.Л. Чырвонцава, Л.М. Валковіч-Борыс - з’яўляюцца сябрамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
Выкладчыкі вядуць вялікую метадычную работу. На базе цыклавой камісіі правозяцца семінары і адкрытыя мерапрыемствы для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці.
Цыклавая камісія ДПМ выпусціла каля 200 навучэнцаў. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю і выкладаюць у гарадскіх і раённых школах і дамах творчасці (гг. Маладзечна, Вілейка, Смаргонь, Валожын, Мар’іна Горка, Ліда, Міёры). С.А. Дубяга - дырэктар раённага дома рамёстваў г. Вілейка; А.У. Пляўго, Р.У. Ключнікаў– выкладчыкі акадэміі мастацтваў.
Многія выпускнікі працягваюць мастацкую адукацыю ў Беларускай акадэміі мастацтваў, Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка, Віцебскім педагагічным універсітэце імя П. Машэрава, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, а таксама за мяжой (Чэхія, Расія, Літва).
За перыяд свайго існавання цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа стала сапраўдным цэнтрам развіцця народнай мастацкай культуры ў рэгіёне. Выкладчыкі далучаюць сваіх выхаванцаў да багатай культурнай спадчыны беларускага народа і тым самым падтрымліваюць пераемнасць традыцый, што з’яўляецца асновай для далейшага паўнавартаснага развіцця беларускай нацыі.
Цыклавая камісія ў 2013 годзе.
Да 60-годдзя Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага
Калектыў ЦК ДПМ, 2017 год
Вось ужо 20 год у Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага працуе цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Асноўная мэта навучання - асэнсаванне і вывучэнне народнай спадчыны, культуры і традыцый нашага краю.
Практычная падрыхтоўка спецыялістаў з’яўляецца абавязковай часткай адукацыйнага працэсу і накіравана на замацаванне ведаў і навыкаў, атрыманых пры тэарэтычным навучанні. У праграме навучання курс агульнаадукацыйных і спецыяльных дысцыплін. Сярод спецыяльных - малюнак, жывапіс, кампазіцыя, пластычная анатомія, колеразнаўства, шрыфты, народны арнамент, гісторыя сусветнага і беларускага мастацтва, методыка выкладання спецдысцыплін, а таксама курс народнага дэкаратыўнага мастацтва.
На занятках па жывапісу з выкладчыкам Сакалоўскім Д.С.
На занятках па спецыяльнасці з выкладчыкам Гамолка А.П.
На занятках па спецыяльнасці з выкладчыцай Валковіч-Борыс Л.М.
На занятках па спецыяльнасці з выкладчыцай Чырвонцавай Л.Л.
На занятках у сектары пед.практыкі з выкладчыцай Вальковіч Н.С.
Трэба адзначыць плённую прафесійную працу выкладчыкаў цыклавой камісіі. На высокім узроўні выкладаюцца акадэмічны малюнак, жывапіс, кампазіцыя. Малюнак і жывапіс - вядучыя дысцыпліны ў прафесійным навучанні мастакоў, а кампазіцыя з’яўляецца адным з асноўных кампанентаў мастацкай адукацыі. Валоданне законамі кампазіцыі дазваляе мастаку праявіць сябе ў якасці філосафа, каларыста, творцы. Спалучэнне акадэмічнага і народнага мастацтваў дае добрую глебу для развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў.
Паказчыкам і вынікам атрымання добрых ведаў на ЦК з’яўляецца праца над дыпломнымі праектамі, што служыць справаздачай дзейнасці не толькі навучэнцаў, але і выкладчыкаў. Шмат цікавых і арыгінальных дыпломных работ упрыгожваюць інтэр’ер каледжа, частка іх знаходзіцца ў музеі нашай установы. Кожная захапляе сваёй задумкай, незвычайнасцю і дасканаласцю. А колькі прыгожых вучэбных работ у розных тэхніках выканана нашымі навучэнцамі! Вялікая творчая праца па развіццю народнага мастацтва выцінанкі, саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы па дрэве праводзіцца на аддзяленні. На занятках па спецыялізацыі навучэнцы асвойваюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і яго сувязі з культурнымі традыцыямі беларускага народа, яго міфалогіяй, фальклорам, сімволікай. На аснове гэтых ведаў і ствараюцца арыгінальныя, непаўторныя працы, якія потым экспануюцца на розных выставах, прадстаўляюцца для ўдзелу ў конкурсах, імі ўпрыгожваюць кабінеты каледжа. За гады існавання ЦК мастацкі фонд значна папоўніўся нагляднасцю, і нам ёсць што паказаць. У навучальнай установе заўсёды дзейнічаюць выставы. Часцей гэта работы навучэнцаў каледжа, ладзяцца таксама выставы знакамітых мастакоў, нашых выкладчыкаў, навучэнцаў з іншых устаноў культуры.
Славіцца цыклавая камісія беларускай выцінанкай. У рэспубліцы і за яе межамі ўжо добра вядома маладзечанская школа выцінанкі. Менавіта таму ў 2016 годдзе на базе нашай установы праводзіўся VI Міжнародны сімпозіум “Мастацкае выразанне: форма і колер”, у якім удзельнічала шмат майстроў выцінанкі з Польшчы, Расіі, Францыі, Літвы, Украіны, Беларусі. Удзельнікам сімпозіума вельмі спадабаліся працы нашых навучэнцаў і маладзечанскіх майстроў-выпускнікоў цыклавой камісіі ДПМ: Людмілы Валковіч-Борыс, Наталлі Вальковіч, Аксаны Ралавец, Тамары Марчанкавай, Вольгі Харлінскай, Вольгі Маславай, Алы Бажко, Вольгі Сарока, а таксама майстроў Лізаветы і Наталлі Чырвонцавых, Наталлі Сухой, Вольгі Бабурынай. Усе гэтыя майстры-вучні выдатнай настаўніцы і майстра Рэспублікі Беларусь, якая першая ўзначаліла цыклавую камісію ДПМ музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны. Выстава, прысвечаная яе памяці, ладзілася падчас правядзення Міжнароднага сімпозіума ў абласным краязнаўчым музеі г.Маладзечна.
У рамках правядзення фестывалю японскай культуры на Беларусі нашу ўстанову наведала прафесар, мастачка і выкладчыца Такійскага інстытута Набо Сіманака, якая займаецца выразаннем з паперы. Для яе вельмі цікавым і пазнавальным было знаёмства з маладзечанскай школай выцінанкі. Вельмі ўразілі мастачку працы нашых навучэнцаў і зацікавіла тэхніка іх выканання, разнастайнасць тэм і кампазіцый. Яна зрабіла шмат фотаздымкаў, запісала ўражанні, каб у сваёй краіне расказаць пра майстэрства выразання з паперы на Беларусі.
Неаднаразова выкладчыкі і навучэнцы цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прымалі ўдзел у міжнацыянальным нямецка-польска-беларускім мастацкім праекце. Яны мелі магчымасць наведаць Германію і Польшчу, пазнаёміцца з моладдзю, культурай гэтых краін і рознымі відамі мастацтваў. Для ўдзельнікаў праводзіліся цікавыя экскурсіі, майстар-класы. Была магчымасць абмяняцца вопытам выкладання мастацтва, наведаць музеі і пабачыць работы вядомых мастакоў свету.
Галоўная мэта сустрэч на праекце - аб’яднанне крэатыўнай моладзі з трох краін, знаёмства з культурнымі і сацыяльнымі каштоўнасцямі, узаемнае духоўнае ўзбагачэнне, пераадоленне моўных бар’ераў сродкамі мастацтва.
У 2015 годзе разам з установай адукацыі “Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў” і дзяржаўнай установай адукацыі “Гімназія-каледж мастацтваў” г.Маладзечна праводзіўся сумесны мастацкі пленэр, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння М.К.Агінскага, вынікам якога стала выстава “Шляхамі М.К.Агінскага”.
У розныя гады на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” працавалі выдатныя мастакі і выкладчыкі : Чырвонцава В.М., Герасіменка Ю.П., Чычэліс М.П., Смальякоў І.І., Пою І.М.,Чапскі В.З., Кучко А.В., Цясленка У.І., Лашук У.У., Селядзец Г.Ф. Сёння педагагічны калектаў цыклавой камісіі складаецца з 6 выкладчыкаў. Усе яны творчыя людзі, якія імкнуцца даць глыбокія веды навучэнцам і ў той жа час самі ўдзельнічаць у конкурсах і выставах.
Валковіч-Борыс Людміла Мікалаеўна з’яўляецца адной з першых спецыялістаў, падрыхтаваных на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.К.Агінскага. У 1999г. яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, факультэт “Народныя рамёствы”. За гады вучобы ёй давялося вучыцца ў такіх вядомых і таленавітых мастакоў г.Маладзечна, як Рыгор Васільевіч Мяжуеў, Юрый Паўлавіч Герасіменка-Жызнеўскі, Васіль Міхайлавіч Лазоўскі, Генадзь Фёдаравіч Селядзец, Маіна Барысаўна Талпыга, Сямен Іванавіч Кісель. А веды і любоў да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пераняла ад выдатнай настаўніцы Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны.
З 1995г. Людміла Мікалаеўна працавала выкладчыкам ў ДМШ г. Маладзечна, а з 2003г. выкладае на цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” УА “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага”. У 2006г. была прызначана старшынёй камісіі ДПМ.
З 1993г. з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Актыўна займаецца саламянай аплікацыяй і выцінанкай. Л.М. Валковіч-Борыс часта ўдзельнічае ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і выставах. Яе работы заўсёды атрымліваюць высокую ацэнку журы конкурсаў і адзначаюцца граматамі і дыпломамі.
У 2003 годзе Людміла Мікалаеўна была ўзнагароджана дыпломам гарвыканкама ў намінацыі “Народны майстар года” г. Маладзечна.
Чырвонцава Лізавета Львоўна ў 1997г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Дыпломны праект “Кола жыцця” быў першай выцінанкай на факультэце “Народныя рамёствы”. З 2002года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі. Пераняла майстэрства ад маці Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны.
Выкладчыкам на цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага працуе з 1998г. Зберагае і працягвае развіваць маладзечанскую школу выцінанкі. Пастаянны ўдзельнік (дыпламант і лаўрэат) гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў і конкурсаў.
Дзяржаўны стыпендыят у галіне культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе.
Чырвонцава Наталля Львоўна першую вышэйшую адукацыю атрымала на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1994 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
У 1995 годзе ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Працавала спачатку ў ДМШ г. Маладзечна. У Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага працуе з часу заснавання цыклавой камісіі ДПМ. Наталля Львоўна актыўна займаецца творчай дзейнасцю ў вобласці выяўленчага мастацтва (жывапіс, графіка) і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (выцінанка). Яна ўдзельнік шматлікіх выстаў, сімпозіумаў, лаўрэат конкурсаў, дзяржаўны стыпендыянт у галіне выцінанкі.
Вальковіч Наталля Сяргееўна выпускніца цыклавой камісіі ДПМ 1998года. У 2004 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, факультэт “Народныя рамёствы”. У каледжы працуе з 1999 года, праводзіць заняткі ў сектары педагагічнай практыкі, дзе развівае творчыя здольнасці дзяцей рознага ўзросту ( ад пяці-шасці год да абітурыентаў), якія з ахвотай займаюцца, бо мараць паступіць у каледж. Наталля Сяргееўна займаецца выцінанкай, з’яўляецца ўдзельнікам гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў.
Гамолка Андрэй Пятровіч выпускнік цыклавой камісіі ДПМ 2008 года. У 2013 годзе скончыў Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, дзе атрымаў кваліфікацыю выкладчыка выяўленчага мастацтва. Спачатку працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў СШ №4 г.Маладзечна, з 2010 года- выкладае мастацкую апрацоўку дрэва на цыклавой камісіі ДПМ Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, займаецца рознымі відамі разьбы па дрэве.
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 250-годдзю М.К.Агінскага, удзельнічаў у рэстаўрацыі месца захавання рода Ходзькаў-Додзеркаў у в. Аборак, дзе на месцы былога касцёлу св. Роха ўсталявана выкананая ім скульптура анёла.
Сакалоўскі Дзмітрый Святаслававіч выпускнік цыклавой камісіі ДПМ 2008 года. У 2014 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, аддзяленне “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Тэхналогія.” З гэтага ж года працуе выкладчыкам на цыклавой камісіі ДПМ. Актыўна займаецца творчай дзейнасцю, з’яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам мастацкіх конкурсаў і выстаў.
Кожны педагог імкнецца стаць майстрам у сваёй галіне. Педагагічнае майстэрства — гэта сплаў асобасна-дзелавых якасцей і прафесійнай кампетэнтнасці педагога. Таму выставы выкладчыкаў - гэта своеасаблівы майстар-клас для навучэнцаў, бо сапраўдны выкладчык павінен не толькі добра валодаць матэрыялам заняткаў, але і асабістым прыкладам паказваць, як трэба працаваць, і гэтым прывіваць любоў да творчасці. Персанальныя выставы ладзілі выкладчыкі Валковіч-Борыс Л.М., Чырвонцавы Н.Л. і Л.Л., Сакалоўскі Д.С.
Акрамя педагагічнай дзейнасці, выкладчыкі вядуць метадычную работу. Па ўсіх дысцыплінах спецыяльнага цыклу распрацаваны метадычныя комплексы, сабраны багаты метадычны і наглядны фонд. Метадычнае забеспячэнне неабходна для дасягнення аптымальных вынікаў вучэбнага працэсу. На базе цыклавой камісіі неаднаразова ладзіліся семінары і мерапрыемствы для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці. Свой прафесійны ўзровень педагагічны калектыў павышае шляхам падрыхтоўкі і ўдзелу ў семінарах, канферэнцыях. Гэтаму спрыяе правядзенне творчых справаздач , адкрытых заняткаў, пазакласных заняткаў, выхаваўчых мерапрыемстваў і інфармацыйных гадзін.
Удзельнікі Міжнароднага семінара па выцінанцы, музычны каледж 2010 г.
Выкладчыкі ЦК часта запрашаюцца на розныя мерапрыемствы, праводзяць майстар-класы па розных відах мастацтваў, з’яўляюцца членамі журы на конкурсах, аказваюць метадычную дапамогу выкладчыкам ДШМ.
Шчыра і аддана працуючы, калектыў выкладчыкаў цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага выхаваў шмат навучэнцаў , якія ў сваю чаргу імкнуцца перадаць веды сваім выхаванцам. Амаль кожны выпускнік цыклавой камісіі– арыгінальная і цікавая асоба.
Высокі ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы спрыяе таму, што многія выпускнікі працягваюць мастацкую адукацыю ў такіх ВНУ, як Беларуская акадэмія мастацтваў (па спецыяльнасцях: прамысловы дызайн, дызайн мэблі, інтэр’еру, адзення, графічны дызайн, вырабы з керамікі і шкла, экспазіцыйны дызайн); Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў (па спецыяльнасцях: мастацтвазнаўства, народныя рамёствы, рэстаўрацыя); Педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка (па спецыяльнасцях: дашкольная адукацыя, выяўленчае мастацтва); Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (па спецыяльнасці камунікатыўны дызайн); Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэет імя П.М.Машэрава ( мастацка-графічны факультэт); Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (факультэт дызайна); Гродзенскі педагагічны ўніверсітэт імя Я.Купалы (факультэт мастацтва і дызайна), а таксама за мяжой (Чэхія, Расія, Літва).
Нашы выпускнікі працуюць у мастацкіх і сярэднеадукацыйных школах, дамах рамёстваў, вядуць гурткі выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва, працуюць дызайнерамі на прадпрыемствах, маюць магчымасць аформіць ІП ці працаваць як рамеснікі.
Дзень сустрэчы з выпускнікамі ЦК ДПМ 2013г.
Калектыў цыклавой камісіі ганарыцца сваімі выпускнікамі, заўсёды прыветна сустракае іх.