Рэспубліканскі творчы форум “Выцінаем разам”

Слова “выцінанка” трывала ўвайшло ў лексіку беларусаў.  А словазлучэнне “Маладзечанская школа выцінанкі” (тэрмін, уведзены мастацтвазнаўцам, прафесарам Я.М.Сахутам) ужываецца не толькі ў творчых колах Беларусі, але і за яе межамі.

Такая папулярнасць выразання з паперы надала сілы творчаму калектыву аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага  і падказала рашэнне арганізаваць  Рэспубліканскі форум “Выцінаем разам”.

Трэба з вялікай удзячнасцю ўспомніць тых, хто сваёй адданай працай і натхненнем зрабілі трывалы падмурак для існавання і развіцця такой з’явы, як Маладзечанская школа выцінанкі. Гэта В.М.Чырвонцава, якая кіравала аддзяленнем ДПМ на працягу доўгіх гадоў і адна з першых занялася ўзнаўленнем старажытнага традыцыйнага майстэрства, стварыла вучэбную праграму для сярэдніх спецыяльных устаноў “Выцінанка”. Вядомы беларускі графік Ю.П.Герасіменка-Жызнеўскі выкладаў пэўны час кампазіцыю і непасрэдна распрацоўваў ідэі выяў, шукаў і знаходзіў прыёмы стылізацыі і дэкаратыўнай выразкі.

Нельга не адзначыць усебаковую падтрымку, якую аказвае аддзяленню ДПМ дырэктар навучальнай установы Р.С.Сарока.

Залаты фонд Маладзечанскай школы выцінанкі складаюць тэарэтычныя распрацоўкі па кампазіцыі, арнаменту, шматлікія курсавыя і дыпломныя работы навучэнцаў. На базе каледжа неаднаразова праводзіліся семінары, майстар-класы, VI Міжнародны сімпозіум па выразанні з паперы. Таму ідэя арганізаваць творчы форум не была нечаканай. Загадчык цыклавой камісіі ДПМ Л.М.Валковіч-Борыс прапанавала правесці выставу выцінанак, запрасіўшы майстроў з Віцебшчыны, Брэстчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны. Яе падтрымалі Лізавета і Наталля Чырвонцавы. Так паступова нарадзілася ідэя форума, які прайшоў 22-23 сакавіка ў каледжы.

Мерапрыемства сабрала больш трыццаці чалавек з розных куткоў Беларусі. Кожны з іх падрыхтаваў прэзентацыі ці проста расказаў пра сябе. Можна было пачуць і пабачыць, якімі рознымі шляхамі людзі прыйшлі да адлюстравання асабістых разважанняў, пачуццяў праз выразанне з паперы. Абмен вопытам – самы лепшы вынік такіх творчых імпрэз.

Носьбітаў аўтэнтычнай традыцыі выразання амаль не засталося, таму сучасны выцінаншчык павінен разумець законы, правілы і прыёмы стварэння мастацкага вобраза. Даклад Наталлі Чырвонцавай па тэорыі арнаменту быў адзначаны ўдзельнікамі форуму як вельмі карысны. Нельга абысці ўвагай і пытанне аўтарскага права. У дакладзе Н.Чырвонцавай на гэтую тэму быў паказаны канкрэтны паэтапны шлях абароны сваёй інтэлектуальнай маёмасці. Папулярнасць выцінанкі прыводзіць да шырокага выкарыстання яе ў рэкламе і розных мерапрыествах. Нажаль, сам творца можа не ведаць аб гэтым, альбо не магчы даказаць аўтарства.

Удзельнікі форуму пад кіраўніцтвам куратара Лізаветы Чырвонцавай наладзілі выставу “Віртуозы паперы”. Сярод іх як вядомыя майстры, так і тыя, хто не так даўно захапіўся выразаннем. Арганізатары разлічваюць і ў далейшым працягнуць традыцыю даваць магчымасць выказацца ўсім, незалежна ад прафесійнага статусу і мастацкай адукацыі.

Як вызначыла А.Б.Сташкевіч, дырэктар фонда “Культурная спадчына і сучаснасць”, у дакладзе “Традыцыйныя рамёствы як нематэрыяльная культурная спадчына. Перспектывы выцінанкі” Маладзечанская школа выцінанкі мае права прэтэндаваць на статус нематэрыяльнай спадчыны і можа быць уключана ў спіс ЮНЭСКА.

Удзельнікі форуму шчыра дзякавалі за прадастаўленую магчымасць творчага выказвання, адзінадушна адзначылі добрую арганізацыю мерапрыемства і пажадалі ўсім поспехаў у творчай працы.

                                    Наталля Чырвонцава, выкладчыца ЦК ДПМ

Фота: Руслан Апановіч, Дзмітрый Сакалоўскі