Святочны семінар-практыкум

Чарговае мерапрыемства з удзелам майстроў і аматараў выцінанкі прайшло ў музычным каледжы. 21 снежня адбыўся святочны семінар-практыкум, у рамках якога прайшлі майстар-класы “Клецкі павучок” (правяла метадыст па народнай творчасці Клецкага раённага цэнтра культуры Вольга Пілецкая) і “Калядныя ўпрыгожванні. Анёлы” (правяла народны майстар РБ Лізавета Чырвонцава). Удзельнікі семінара (каля 30 чалавек)  мелі магчымасць спаткацца, творча папрацаваць на майстар-класах, паслухаць даклад Наталлі Чырвонцавай “Адлюстраванне ў сучаснай выцінанцы калядных святаў”, убачыць прадстаўленне беларускай батлейкі,  абмеркаваць пытанні  суполкі майстроў выцінанкі.

Фінальнай падзеяй на семінары было адкрыццё выставы “Шчодры вечар”, на якой прадстаўлены выцінанкі як майстроў, так і навучэнцаў каледжа. Цікавае і разнастайнае кампазіцыйнае вырашэнне  работ выцінаншчыкаў на тэму Каляд і Раства Хрыстова можна ўбачыць на выставе да канца студзеня.

Прыемным  сюрпрызам  былі падарункі ад удзельніка семінара, майстра народных промыслаў з Станькаўскага дома майстроў Дзяржынскага раёна Андрэя Мартынюка. Некаторым майстрам ён падараваў драўляныя гадзіннікі з выявай іх выцінанак. Знакам  удзячнасці  майстру стала работа старшыні цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Людмілы Валковіч-Борыс - выцінанка “Анёл”.

Мерапрыемства прайшло цікава і насычана. Шмат цёплых  слоў падзякі прагучала ад удзельнікаў на прыканцы семінара.

Фота Наталлі Трацэўскай і Дзмітрыя Сакалоўскага