БЕЛАРУСЬ – РАСІЯ Саюзная дзяржава – маладым талентам XXI стагоддзя

У жніўні навучэнцы Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага спасцігалі сакрэты выканальніцкага майстэрства ў вядучых маскоўскіх музыкантаў у рамках майстар-класаў «Саюзная дзяржава – маладым талентам XXI стагоддзя».

Заснавальнікі гэтага праекта, які існуе з 2004 года, – Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрствы культуры Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Сёлета 40 маладых і таленавітых музыкантаў і мастакоў з Беларусі і 60 з Расіі мелі магчымасць павучыцца ў мэтраў. Сярод беларусаў было чацвёра трэцякурснікаў  нашага музычнага каледжа: Максім Крыкун і Аляксандр Клімашэўскі, якія займаюцца па класе трубы, а таксама піяністы Іван Кабыльчанка і Алена Кавалевіч. Іх суправаджаў выкладчык па класе фартэпіяна Руслан Іосіфавіч Апановіч, які ўжо другі год прымае ўдзел у гэтым праекце. 

Арганізацыя мерапрыемства была на самым высокім узроўні. Саюзная дзяржава ўзяла на сябе ўсе расходы: майстар-класы, праезд, пражыванне, экскурсіі для юных музыкантаў былі бясплатнымі. Заняткі праходзілі на базе Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага. Максім Крыкун і Аляксандр Клімашэўскі займаліся пад кіраўніцтвам Заслужанага артыста Расіі, кіраўніка джаз-аркестра «Джаз-ленд» Сямёна Пятровіча Мільштэйна, якога называюць «залатой трубой Расіі». У Івана Кабыльчанкі і Алены Кавалевіч была магчымасць павучыцца  ў Заслужанай артысткі Расіі, прафесара Маскоўскай кансерваторыі Ірыны Валер’еўны Кірылавай. Не прыходзілася сумаваць і Руслану Іосіфавічу Апановічу: у час выніковых канцэртаў ён акампаніраваў многім з юных музыкантаў, перад гэтым былі напружаныя рэпетыцыі.

Удзельнікі майстар-класаў далі два справаздачныя канцэрты, і нашы землякі на іх дастойна прадставілі свой каледж, горад. А ў вольны ад заняткаў час у іх была цудоўная магчымасць пазнаёміцца з Масквой, у якую большасць з іх прыехала ўпершыню. Аглядная экскурсія, Крэмль, Траццякоўская галерэя – усё гэта пакінула незабыўныя ўражанні.

-- Для нашых выхаванцаў гэта выдатная магчымасць узняцца на больш высокую ступень, удасканаліць сваё выканальніцкае майстэрства, паказаць, на што здольныя, атрымаць парады ад прызнаных віртуозаў, акунуцца ў атмасферу музыкі і знайсці новых сяброў. Як паказвае практыка, майстар-класы становяцца добрым стымулам для далейшай паспяховай вучобы, для прафесійнага росту. Нярэдкія выпадкі, калі былыя навучэнцы паступаюць у Маскоўскую кансерваторыю ці Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных, -- падводзіць вынікі дзевяцідзённай паездкі ў Маскву Руслан Іосіфавіч.

-- Мне спадабалася дружалюбная і зусім не афіцыйная атмасфера, цудоўныя педагогі, якія змаглі знайсці падыход да кожнага, -- дзеліцца ўражаннямі лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Алена Кавалевіч і адзначае, што парады, рэкамендацыі, атрыманыя ў Маскве вельмі спатрэбяцца ў далейшай вучобе.

Аўтар Анжаліка КРУПЯНЬКОВА

Фота з архіву музычнага каледжа

IMG 1758 640x420

Прафесар Маскоўскай кансерваторыі Ірына Кірылава з юнымі маладзечанскімі піяністамі Іванам Кабыльчанкам і Аленай Кавалевіч.

IMG 1770 640x469

У час справаздачнага канцэрта: канцэртмайстар Руслан Апановіч, трубач Максім Крыкун.

IMG 1781 640x427

Заслужаны артыст Расіі Сямён Мільштэйн з трубачамі, сярод якіх маладзечанцы Максім Крыкун і Аляксандр Клімашэўскі.