Прэмьера оперы "Мiхал Клеафас Агiнскi. Невядомы партрэт"

У Палацы культуры Маладзечна ў чацвер адбыўся прэм’ерны паказ рамантычнай оперы «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт». Мяркуецца, што яна ўвойдзе ў скарбонку сусветнага музычнага мастацтва. 

Так выказваліся пра новую работу Маладзечанскага маладзёжнага народнага музычнага тэатра і яго кіраўніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Рыгора Сароку прафесійныя музыканты, высокія чыноўнікі ад культуры і ўлады, шматлікія замежныя госці. Гэта сваімі апладысментамі пацвердзілі яе першыя гледачы. 

Музычны кіраўнік і галоўны дырыжор тэатра Р.С. Сарока назваў новую пастаноўку другім у нашым горадзе помнікам кампазітару.

Тое, што опера «нарадзілася» ў Маладзечне і ў гэты час, заканамерна: наш музычны каледж носіць імя М.К. Агінскага; менавіта неабыякавыя да гісторыі і культуры роднага краю маладзечанцы ўзнімаюць славу таленавітага кампазітара, дыпламата і грамадскага дзеяча на новую вышыню; у 2015-м сусветная грамадскасць адзначыць 250-годдзе з дня нараджэння Агінскага.

Аўтар Алесь САВІЦКІ
Фота Аляксея ПЛАТКО i 
Мiхаiлa МАРЖЭЎСКАГА (Kraj.by)