Агінскі. Разбурэнне стэрэатыпаў

12.12.2013 ў Маладзечне адбылася прэм’ера новай нацыянальнай оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт”. Напісаў яе кампазітар Алег Залётнеў, аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Макарэй, музычны кіраўнік і дырыжор — заслужаны дзеяч культуры Беларусі Рыгор Сарока, хормайстар Вера Каханоўская, сцэнаграфія Вольгі Грыцаевай, мастак па касцюмах Таццяна Макарэй, балетмайстар Аляксандр Драгаміраў. Спектакль увасоблены артыстамі Маладзечанскага маладзёжнага опернага тэатра на сцэне гарадскога Палаца культуры. 14 снежня — другі паказ новай пастаноўкі, наступны чакаецца толькі ўвесну.

Напярэдадні прэм’еры я завітала ў Маладзечна. Колькі гадзін у палоне рэпетыцыі — а ўражанняў хопіць на тыдзень! Опера беларуская па сутнасці, з унікальным нацыянальным героем, актуальнай праблематыкай, захапляльнай інтрыгай, эпатажнай развязкай. Тут не скарыстана ніводнай тэмы ці знаёмай інтанацыі з музычнай спадчыны Агінскага, аднак створана стылізаванае водгулле гукавога асяроддзя ХІХ ст., напоўненага рытмамі паланэза, вальса, мазуркі, кранальнымі рамантычнымі мелодыямі. Па-тэатральнаму выразнае аркестравае пісьмо, псіхалагічна пранікнёныя арыі-маналогі, кантрасныя харавыя эпізоды, напружаныя палемічныя ансамблі (дуэты, трыа, квартэты), спеўныя лейтматывы, трапны, часам афарыстычны тэкст… Вобразнае асэнсаванне лёсу героя сілкуюць адвечныя матывы і драматычныя супярэчнасці нашай гісторыі, высокія мары і нязбытныя спадзяванні суайчынніка-патрыёта на годную долю сваёй краіны, мітрэнгі стомленай душы: “Дзе ты, мая радзіма? З кім ты, мая Айчына?”

Сюжэт оперы разгортваецца ў маёнтку Залессе за два дні да ад’езду яго гаспадара М. К. Агінскага ў Італію. Ён збірае гасцей, ладзіць баль, абвяшчае “заздраўную” ў гонар Вялікага Княства, ды неўзабаве робіцца ўдзельнікам і сведкам падзей, якія толькі прыспешваюць князя назаўжды пакінуць радзінны дом і страчаны край.

Глыбіню задумы спектакля ўжо з першых нот адчуе кожны, хто знаёмы з багатай літаратурай пра жыццяпіс і асобу Агінскага, хто неаднойчы хадзіў па сцежках яго колішніх “Паўночных Афінаў” і з неабыякавым сэрцам сочыць за сённяшнім аднаўленнем княжацкай сядзібы. Але што кажуць стваральнікі оперы?

Алег Залётнеў. Сама ідэя стварэння належыць маэстра Рыгору Сароку. Постаць М. Кл. Агінскага асабліва для яго дарагая. Дзякуючы Р. Сароку Маладзечанскі музычны каледж, дырэктарам якога ён з’яўляецца, носіць імя Агінскага і побач устаноўлены помнік нашаму славутаму земляку. Рыгор Сямёнавіч быў адным з ініцыятараў усталявання мемарыяльнай дошкі на доме ў Фларэнцыі, дзе завяршыў свой зямны шлях Міхал Клеафас. Мы даўно знаёмыя з маэстра, ён ведае маю монаоперу пра Адама Міцкевіча “Адзінокі птах”, якая ўжо 12 гадоў у рэпертуары тэатра “Зьніч”, і аднойчы прапанаваў напісаць оперу пра Агінскага. У якасці лібрэтыста я запрасіў Сяргея Макарэя, якога добра ведаю па творчай працы, — спрактыкаванага сцэнарыста, спецыяліста ў рэжысуры, дасведчанага ў музыцы. Разам, на аснове рэальных падзей, пачалі прыдумляць гісторыю, якая б магла здарыцца ў Залессі. Праца заняла тры гады. Музыку пісаў увогуле месяцы чатыры, а сумесныя “творчыя пакуты” расцягнуліся надоўга. Вагаліся, напрыклад: уводзіць гучанне знакамітага Ля мінорнага паланэза ці не? Была спакуса пайсці насустрач абывацелю, які чакае гэту папулярную мелодыю. Але мы імкнуліся адысці ад стэрэатыпнага ўспрымання выбітнай асобы як “аўтара аднаго паланэза” (і, як вядома, па музычнай выразнасці гэта не самы моцны сярод яго опусаў). Палітык, дзяржаўны дзеяч, сенатар, прафесійны дыпламат, высокаадукаваны шляхетны чалавек, Агінскі проста захапляўся аматарскім музіцыраваннем. Такое хобі было ў князя. Ён жа сам сябе кампазітарам не лічыў! І для нас галоўнае — паказаць вялікую трагічную асобу грамадзяніна, патрыёта, які прысвяціў жыццё змаганню за незалежнасць сваёй радзімы, але ў выніку сутыкнуўся з падманам, здрадніцтвам, прыніжэннем, знявагай нават ва ўласным доме.

Сяргей Макарэй. Ніколі не сядзеў у кабінеце над чыстым аркушам: лібрэта пісаў урыўкамі, часта па дарозе да мікрараёна Сокал, дзе жыву. Штосьці атрымлівалася маланкава хутка, патрэбныя вершаваныя радкі прыходзілі нібы самі сабой. Шмат часу адымала пераасэнсоўванне, дадумванне, спрэчкі, сумненні. Алег Залётнеў напісаў геніяльную музыку, з адчуваннем прыроды тэатра, законаў драматургіі, пэўнага стылю. Сёння ў оперы не трэба фармальнага наватарства — патрэбны эмоцыі, прыгожыя і вострыя, і музыка, на якую адгукнецца публіка. А кагосьці зачэпіць сама трагедыя вялікага чалавека, які на схіле жыцця страціў усё: аднадумцаў-сяброў, падтрымку сям’і, надзею на новае каханне. І Айчыну… Дзякуй Богу, што ў гэтым творы супалі памкненні і прынцыпы нас траіх! Нягледзячы на вялікія фінансавыя цяжкасці, арганізацыйныя праблемы, звязаныя з пастаноўкай паўнавартаснага двухактовага опернага твора, вартага вялікай акадэмічнай сцэны, маэстра Р.Сарока самааддана змагаўся за  справу, давёў яе да ладу, знайшоў зацікаўленых людзей, якія дапамаглі здзейсніць праект. Чакаем 2015 года, калі на календары ЮНЕСКА з’явіцца знакавая дата: 250-годдзе М. К. Агінскага. Гэты  міжнародны юбілей, думаю, паспрыяе шырокай цікавасці да нашай оперы.

Рыгор Сарока.  Мы не запрашалі Артыстаў са сталіцы — усе салісты мясцовыя, вельмі адметныя, гэта моладзь 20— 25 гадоў. Міхала Клеафаса ўвасобіў наш выпускнік, цяпер выкладчык сольных спеваў, лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў, барытон Андрэй Саўчанка, які ўжо спяваў галоўныя партыі ў оперных спектаклях нашага Вялікага тэатра і ў Каўнасе. Ролю Марыі, жонкі Агінскага, выконвае Яўгенія Курбатава (мецца-сапрана) — маладзечанка, якая цяпер вучыцца і працуе ў Маскве. Вобраз італьянскай спявачкі, госці гаспадара Залесся, стварыла педагог каледжа Наталля Францкевіч (сапрана). У ролі пляменніка Агінскага выступае нядаўні наш выпускнік, цяпер першакурснік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, тэнар Андрэй Мацюшонак. У ролі мастака, які наведваецца ў “Паўночныя Афіны”, каб напісаць партрэт князя, — выхаванец класа сольных спеваў,  драматычны барытон Міхаіл Кляпец. (Усяго ў спектаклі ўдзельнічае каля ста акцёраў, таму апрануць у арыгінальныя сцэнічныя строі змаглі  толькі асноўных персанажаў, для масоўкі мусілі падбіраць адпаведныя касцюмы, пашытыя раней для пастаноўкі “Яўгеній Анегін”). Мы атрымалі грант Мінскага аблвыканкама ў памеры 100 мільёнаў рублёў. Шчыра ўдзячныя спонсарам, сярод якіх — “Белгазаўтасэрвіс”, “Белінвестбанк”,  “ЭНЭФ”, ММЦ, “МІГ ЛТД”, “СТРУМ”, “Альянс”, рэдакцыя “Маладзечанскай газеты”, дабрачынны фонд “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”. На пачатку 2014 года будуць выдадзены партытура і клавір оперы з пазнакай даты і месца першай пастаноўкі: гэта — падзея, бо мала каму з беларускіх кампазітараў пашанцавала надрукаваць ноты сваіх опер.  Прыемна, што наша прэм’ера выклікала цікавасць шэрагу замежных дыпламатаў.  Магчыма, з часам  адбудзецца канцэртнае выкананне оперы ў Літве, Расіі, у парыжскай штаб-кватэры ЮНЕСКА.

Фабула інтрыгуе. Што гэтым разам учыніць жонка князя, якая даўно прыдбала славу бессаромнай Месаліны? Чаму пляменнік Агінскага раптам стане для яго сапернікам? Мундзір якіх часоў выбера гаспадар Залесся для свайго параднага партрэта?  І ці напіша той партрэт мастак, што воляю фантазіі аўтараў оперы завітаў у Залессе? Як бы там ні было, а насамрэч гэта яны, нашы сучаснікі, рызыкнулі стварыць невядомы партрэт свайго героя, праз які раскрываюцца адвечныя паняцці Радзімы, Гонару, Сумлення, Абавязку і Любові.

«Літаратура і мастацтва» 13.12.13 г.

Аўтар Святлана БЕРАСЦЕНЬ

Фота Мiхаiлa МАРЖЭЎСКАГА (Kraj.by)