Думкі пра радзіму, вернасць і абавязак, ці як у Маладзечне стваралася опера пра Агінскага

Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр упершыню ў сваёй гісторыі падрыхтаваў оперу на беларускай мове. Прэм'еру оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” гледачы ўбачылі 12 і 14 снежня.

Прэм'ера ўрыўка “Сябры мае” з гэтай оперы прайшла ў час святкавання юбілею Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага 4 кастрычніка.

Размова карэспандэнта Край.бай з удзельнікамі прэм'еры адбылася ў час адной з апошніх рэпетыцый у канцэртнай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, на якой удасканальвалася выкананне асобных месцаў арый, аркестровае гучанне сцэн і карцін, партый музычных інструментаў. Выканаўцы галоўных роляў засяроджана рэпеціравалі свае партыі, узгаднялі музычныя інтанацыі, а ў час змены карцін падзяліліся сваімі ўражаннямі ад працы.

20 640x426

Андрэй Саўчанка, выканаўца ролі Міхала Клеафаса Агінскага: “Большасць з жыццёвага вопыту Агінскага ў маім жыцці адсутнічае. Напрыклад, ніколі не пісаў музыку. Але стаць выканаўцам гэтай ролі згадзіўся адразу. Прыцягнула, што гэта роля гістарычнай асобы. У оперы “Царская нявеста” таксама выконваю партыю гістарычнай асобы, але параўноўваць іх не бяруся, пакуль не адбылася прэм'ера”.

Андрэй Мацюшонак, выканаўца ролі пляменніка Агінскага – Юзэфа Лубенскага: “У маёй партыі найбольш блізкая мне арыя “Каханне бы аблокі ў вадзе”. Яна добра кладзецца на голас, можна раскрыцца, паказаць пачуцці, эмоцыі”.

Аб рэалізацыі ідэі стварэння оперы, прысвечанай вядомаму беларускаму кампазітару ХІХ стагоддзя Міхалу Клеафасу Агінскаму, Край.бай расказаў мастацкі кіраўнік Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра і музычны кіраўнік оперы, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока:

– Хто шукае, той знаходзіць заўсёды. Аб тым, каб такая опера з’явілася, я марыў яшчэ з часоў першай прэм’еры – оперы “Іаланта”. Яна мела станоўчую крытыку, але што ж далей? Вядомы оперны рэпертуар, класіка? Ідэя пастаноўкі ўзнікла ў тым ліку і дзякуючы таму, што каледж носіць імя Міхала Клеафаса Агінскага, неўзабаве святкуецца 250-годдзе з дня нараджэння кампазітара, а 2015 год абвешчаны ЮНЭСКА Годам Агінскага. Я шукаў і знайшоў аднадумцаў. Тры гады ідэя “спела”. Пісалі твор часткамі. Спачатку з’явілася фінальная частка оперы. Карціны і сцэны пісалі блокамі. Вярталіся, абмяркоўвалі, змянялі тэксты, рабілі праўкі. Аўтар музыкі – беларускі кампазітар, адказны сакратар Саюза кампазітараў Беларусі Алег Залётнеў. Лібрэта стварыў намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала “Беларусь-3” Сяргей Макарэй. Шліфоўка партый працягваецца і зараз. Перад намі была вялікая задача – паказаць Агінскага як грандыёзнага патрыёта Вялікага Княства Літоўскага.

Сюжэтная лінія пастаноўкі, як паведаміў музычны кіраўнік оперы, пачынаецца з таго, што Агінскі збірае гасцей у Залессі, а ў выніку прымае рашэнне пакінуць радзіму з разбітым сэрцам: “Дзея адбываецца ў маёнтку Агінскага ў Залессі, які і зараз захаваўся ў Смаргонскім раёне. Агінскі вітае сваіх гасцей словамі: “Сябры мае! Гуляйце ад душы. Вы ў Залессі, а не ў нейкай там глушы”. У партыях удзельнікаў перамешаны флірт, каханне, роздум пра радзіму і абавязак, які гучыць ва ўспамінах пра паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, у павучанні пляменніка. У пастаноўцы шмат харавых сцэн, танцаў. Калі лічыць усіх удзельнікаў, а гэта аркестр, хор, слугі, атрымаецца каля 150 чалавек. Рэпеціруем усе апошнія месяцы”.

Думкамі пра радзіму, вернасць, адданасць, абавязак прасякнуты многія сцэны пастаноўкі. Напрыклад, у размове з мастаком, які прыехаў, каб напісаць партрэт кампазітара, Агінскі пытаецца: “Скажы, мастак, мне, дзе твая Радзіма? Адкуль твой род?..” На што той адказвае: “Мой род паўсюль, дзе сёння ёсць прытулак…”  

Рыгор Сарока зазначае: “Лёс Агінскага вельмі драматычны. Сёння "Беларусьфільмам" створаны прысвечаны кампазітару фільм “Михаил Огинский. Рана в сердце”. На працягу жыцця Агінскі неаднаразова рабіўся выгнаннікам, яму прыходзілася хавацца. Яго ашукалі і Напалеон, і расійскі імператар Аляксандр І, якія не спраўдзілі абяцанні аднавіць Вялікае Княства Літоўскае. Магчыма, таму музыка Агінскага такая шчымлівая”.

Музычны кіраўнік оперы расказаў, што музыка Міхала Клеафаса Агінскага ў пастаноўцы не выкарыстоўвалася: “Мы не імкнуліся схавацца за геній вялікага кампазітара. Алег Залётнеў не прыбягаў ні да якіх цытат, і гэта правільна. Музыка оперы стваралася адпаведна музычным традыцыям ХІХ стагоддзя. Усе арыі маюць рамансавы характар. Харавыя сцэны, вальсы, паланэзы… Раманс Катрын у дуэце з Лубенскім напісаны Залётневым, гэта не раманс Агінскага. Гэта прынцыповы момант, і ў лібрэта пра гэта будзе напісана”.

Суразмоўца таксама дадаў, што выканаўцы лічаць вялікай удачай музычны матэрыял оперы і літаральна ўлюбіліся ў яго.

Важкая роля ў падрыхтоўцы пастаноўкі разам з вядомымі ў краіне спецыялістамі належыць калектыву і навучэнцам музычнага каледжа. 

“Сяргей Макарэй – лібрэтыст і рэжысер пастаноўкі. Галоўны мастак оперы – мінчанка Вольга Грыцаева. Інжынер па святле – з Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, балетмайстар – з Палаца культуры Маладзечна, грымёр – з Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Сольныя партыі оперы выконваюць выпускнікі музычнага каледжа. У ролях гасцей, слуг выступяць удзельнікі хора музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай, – расказаў Рыгор Сарока. – Касцюмы, афармленне сцэны – вы ведаеце, гэта ўсе вялікая праца. Мэблю для пастаноўкі стваралі на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа па малюнках ХІХ стагоддзя. Яна выглядае гэтак жа, як у часы Агінскага”.

Пра будучае блізкай прэм’еры музычны кіраўнік оперы разважае так: “Калі ставілі і выконвалі славутыя оперы, я ведаў, што крытыкаваць можна толькі наша выканаўчае майстэрства. У новай, арыгінальнай пастаноўкі вялікае поле для крытыкі. “Невядомы партрэт” – гэта, канешне, мастацкі вымысел, і, тым не менш, – рызыка. Аднак і знакамітую “Кармэн” Бізэ некалі асвісталі. Я не думаю зараз. Я чакаю, чым скончыцца гэты найскладаны музычны праект. Калі поспех – гэта гонар, што менавіта ў Маладзечне з’явілася нацыянальная опера пра любімага народам героя”.

Рыгор Сарока лічыць, што мастацкая задума оперы ўдалася: “Адчуваю, што нам удалося паказаць Агінскага як вялікага патрыёта. На прэм'еру прыедуць сем дырыжораў з Мінска, магчыма, паслы Польшчы, Літвы, Італіі, Эстоніі. Ды і гледзячы па тым, як прадаюцца білеты, оперу чакае аншлаг. Плануецца выданне партытуры і клавіра оперы. Ёсць спадзяванне, што опера будзе ставіцца ў Беларусі і іншых краінах, магчыма, у канцэртным варыянце будзе паказана ў Парыжы ў рэзідэнцыі ЮНЭСКА”.

Як прызнаецца сам Рыгор Сарока, асабіста яму ў оперы “Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт” блізкія словы з фінальнай партыі Агінскага: “Дзе ты, мая радзіма?.. Белай птушкай я заўжды з табой”. Для мяне Радзіма – гэта не пусты гук. З ёй я быў разам заўсёды”.

Час да прэм’еры яе ўдзельнікі правядуць у рэпетыцыях. “На гэтым тыдні выходзім на сцэну Палаца культуры Маладзечна. Будуць працягвацца рэпетыцыі выхадаў, сцэнічных рухаў, будзе правярацца бутафорыя. 10 снежня адбудзецца генеральная рэпетыцыя ў касцюмах. Пасля яе – дзень адпачынку, потым – прэм'ера. І дапаможа нам Бог!” – заключыў музычны кіраўнік оперы.

Kraj.by

Аўтар Вольга НЯЎЗОРАВА
Фота Міхаіла МАРЖЭЎСКАГА