Статья в газете "Минская правда"

  І зноў авацыі!

Беларускі сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Рыгора Сарокі прыняў удзел у святочным канцэрце з нагоды святкавання Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які адбыўся ў Дзяржаўнай акадэмічнай капэле Санкт-Пецярбурга.

На працягу трох гадзін музыканты дарылі святочны настрой публіцы. Дарэчы, у зале не было ніводнага свабоднага месца. Сярод гледачоў — ветэраны, моладзь, знакамітыя людзі. Канцэрт удаўся — публіка вітала выступленне аркестра бурнымі авацыямі стоячы чатыры разы. Як адзначыў віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Міхаіл Макрацоў, мерапрыемства хоць і штогадовае, але ж такі цудоўны канцэрт прайшоў упершыню. Дарэчы, расіяне адправілі Падзячныя лісты старшыні Мінаблвыканакама Сямёну Шапіру і міністру культуры Беларусі Барысу Святлову.

Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў. На сцэне выступалі ў тым ліку вядомыя выпускнікі музычнага каледжа — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Андрэй Саўчанка і Андрэй Мацюшонак. Акрамя таго, Беларускі сімфанічны аркестр каледжа выступіў разам з піцерскім выканаўцам Аляксандрам Пахмутавым. Таксама аркестру атрымалася пасупрацоўнічаць з лаўрэатам міжнародных конкурсаў — моладзевым хорам Санкт-Пецярбурга “Ронда”, з якімі зроблены аркестроўкі, аранжыроўкі. Першае аддзяленне скончылася песняй “Свята Перамогі”, аўтарам якой з’яўляецца наш зямляк з Вілейшчыны Леанід Левашкевіч, які зараз кіруе “Творчай садружнасцю “Маэстра” у Санкт-Пецярбургу. А ў другім аддзяленні ў фінале прагучала вядомая песня кампазітара Давіда Тухманава і паэта Уладзіміра Харытонава “Дзень Перамогі”.

Пасля святочнага канцэрта дырэктару музычнага каледжа і дырыжору сімфанічнага аркестра Рыгору Сароке паступіла прапанова — зрабіць праект з вядомымі барытонамі Санкт-Пецярбурга і адправіцца ў гастрольны тур па гарадам Расіі.

Як паведаміў “МП” Рыгор Сарока, у Беларускага сімфанічнага аркестра каледжа — маштабныя планы. Напярэдадні 9 Мая аркестр прыме ўдзел у вялікім свяце, якое адбудзецца ў маладзечанскім Палацы культуры і на якое будуць запрошаны ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, паважаныя людзі Мінскай вобласці. Пасля гэтага мерапрыемства аркестр адправіцца ў Талін, дзе ў знакамітым канцэртным зале “Эстонія” запланаваны вечар беларуска-эстонскага сяброўства. Затым у літоўскім горадзе Рэтавас, дзе ёсць музей Міхала Клеафаса Агінскага, сумесна з літоўскімі сябрамі адбудзецца вечар, прысвечаны 250-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара. А непасрэдна бліжэй да самой святочнай даты — 25 верасня — Беларускі сімфанічны аркестр каледжа прадставіць гледачам новую оперу.

Паводле матэрыялу "Мінскай праўды"

Аўтар Юлія БРОЖЫНА

Фотаздымкі з уласнага архіву Дзмітрыя АРЦЯМЁНКА