2016 год, які аб’яўлены ЮНЭСКА годам культуры, па-ранейшаму насычаны буйнымі творчымі праектамі ў жыцці Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Рыгора Сарокі.
Так, 25 лютага на сцэне канцэртнай залы музычнага каледжа адбыўся “Вечар паланэзаў”, на якім удзельнікі сімфанічнага аркестра і вядучая канцэрта, музыказнаўца Вольга Царык, прэзентавалі слухачам аркестравае пералажэнне сямі паланэзаў М.К.Агінскага, напісаных кампазітарам для фартэпіяна. Пералажэнне фартэпіянных твораў для сімфанічнага аркестра здзейсніла ВалерыяРыбінская, таленавітая навучэнка аддзялення “Духавыя і ўдарныя інструменты” музычнага каледжа, выхаванка Рыгора Сарокі па класу дырыжыравання.
10 сакавіка на сцэне Палаца культуры горада Маладзечна адбыўся юбілейны канцэрт выдатнага тэнара, былога выпускніка Маладзечанскага музычнага каледжа Валянціна Сухадольца ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. У праграме святочнага вечара прагучалі творы рускіх, беларускіх і замежных кампазітараў.
А ў красавіку 2016 года струнная група сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокіздзейсніла гастрольную паездку ў Маскву, куды беларускія музыканты былі запрошаны вядомым расійскім спеваком Сяргеем Любавіным для ўдзелу ў яго юбілейным канцэрце. Сяргей Любавін (сапраўдная фамілія Дзедаў) -папулярны ў Расіі музыкант, майстар шансона, аўтар і выканаўца шматлікіх песень, у якіх ён паэтызуе вобраз жанчыны. Сярод яго твораў - “Лебедь белая”, “Нежность”, “Цветок”, “Признание,” “Эта женщина”, “Прощание с Айседорой”(на словы Есеніна) і іншыя. Пагартаўшы старонкі біяграфіі музыканта можна прыйсці да высновы, што яго паэтычны дар прадумоўлены генэтычна: бацька Сяргея Любавіна - Пётр Дзедаў - пісьменнік, лаўрэат шматлікіх прэмій у галіне літаратуры, усхваляў ў сваіх творах прыроду Сібіры (родны горад Дзедавых -Навасібірск), маці працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Яшчэ ў школе Сяргей Любавін стварыў свой першы вакальны калектыў, а ў 1991 годзе прыехаў у г.Маскву, дзе пачаў вучобу ў вакальнай студыі музычнага вучылішча імя Гнесіных (клас Эдуарда Лабкоўскага). Адначасова з заняткамі музыкай таленавіты юнак атрымліваў адукацыю журналіста ў Маскоўскім Інстытутуце моладзі. Менавіта ў г.Маскве Сяргей Любавін пачаў ствараць песні і запісваць іх на студыях. Яго першае прафесійнае выступленне адбылося на конкурсе “Юрмала-93”, а ў 2011 годзе прайшоў сольны канцэрт спевака ў Крэмлі.
Error
Знаёмства Сяргея Любавіна з Рыгорам Сарока і музыкантамі сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага адбылося ў лістападзе 2015 года: 29 лістапада на сцэне Палаца культуры горада Маладзечна, у рамках тэлепраекта “Маладзечна запрашае” канала “БТ-3” прайшоў канцэрт Сяргея Любавіна “Прызнанне”, на якім ён упершыню выступіў у суправаджэнні струннай групы сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Гэта сумеснае выступленне расійскага артыста і заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь у хуткім часе прынесла свае плённыя вынікі: тэлевізійную версію канцэрта “Прызнанне” трансліруюць на каналах “БТ-3” і “Шансон ТВ”. Акрамя гэтага, Сяргей Любавін, уражаны майстэрствам музыкантаў струннай групы сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі, запрасіў менавіта іх для ўдзелу ў святочным канцэрце, прысвечаным свайму 50 гадоваму юбілею, які адбыўся 10 красавіка на сцэне маскоўскага Крокус Сіці Хола.
Канцэртная зала Крокус Сіці Хол, адкрытая ў гонар знакамітага спевака Мусліма Магамаева,з’яўляецца аднай з самых буйных тэатральных і канцэртных залаў г.Масквы і Расіі ўвогуле (умяшчае больш сямі тысяч гледачоў). Яна знаходзіцца на тэрыторыі вялізнага гандлёва-выставачнага цэнтра “Крокус Сіці”, пабудаванага ў 2009 годзе. Наведаўшы Крокус Сіці Хол атрымліваеш асалоду ад прыгажосці, якая пануе ў гэтай, абсталяванай па апошнім сусветным стандартам зале. У аздабленні інтэр’ераў спалучаюцца сучаснасць і раскоша: мармуровая падлога, стальныя калоны і лесвіцы, шкляныя фае і алая абіўка мяккай мэблі.
Падчас юбілейнага вечара Сяргея Любавіна ў зале, поўнай гледачоў, панавала надзвычай цёплая і святочная атмасфера. Прыхільнікі творчасці спевака бурнымі авацыямі і вялізнымі букетамі віталі музыкантаў. Павіншаваць Сяргея Любавіна прыйшлі і яго калегі, артысты Таццяна Буланава, Варвара, Стас Касцюшкін і інш. Сапраўдным упрыгожаннем вечара стала прысутнасць на сцэне Крокус Сіці Хола калектыву сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага: маладыя, таленавітыя музыканты пад кіраўніцтвам мэтра Рыгора Сарокі стварылі вытанчанае музычнае суправаджэнне творам спевака падчас першага аддзялення канцэрта.
Падобныя творчыя праекты, здзейсненыя прадстаўнікамі мастацкай інтэлігенцыі двух краін заўсёды будуць спрыяць дыялогу культур і ўзмацненню адносін паміж суседнімі народамі і, кажучы словамі Рыгора Сарокі: “Няхай ніколі не пасварацца Беларусь і Расія”.
Аўтар Вольга КОРСАК