Канцэрт "Масты сяброўства - Беларусь - Расія"

Вядома, што вялікае сяброўства і культурнае супрацоўніцтва здаўна існуе паміж Беларуссю і Расіяй, але не ўсе ведаюць, што менавіта дзякуючы музыкантам Маладзечанскага музычнага каледжа на чале з апантаным кіраўніком, Заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Рыгорам Сарока і дзякуючы Санкт-Пецярбургскаму творчаму аб’яднанню “Маэстра” у асобе нашага славутага земляка, кампазітара Леаніда Левашкевіча, асабліва цесная сувязь склалася паміж двума гарадамі – Санкт-Пецярбургам і Маладзечна. За апошнія гады на тэрыторыі гэтых гарадоў былі паспяхова рэалізаваны шматлікія сумесныя творчыя праекты і музычныя праграмы, мэтай якіх з’яўляецца развіццё культурных сувязяў, захаванне мастацкай спадчыны і ажыццяўленне культурнага дыялогу паміж народамі.

І ў гэтыя ўрачыстыя дні, калі душа кожнага чалавека напаўняецца асаблівым светам і натхненнем, калі каханне да бліжняга суправаджае ўсе дзеянні і думкі, а чыстыя намеры вабяць да добрых спраў і ўчынкаў, музыканты аркестра на чале з маэстра Рыгорам Сарока, аўтар твораў Леанід Левашкевіч і вядомыя расійскія і беларускія салісты ізноў сабраліся разам, каб абмяняцца творчымвопытам і павіншаваць маладзечанцаў і гасцей з горада Санкт-Пецярбурга са святам Светлага Хрыстова Ўваскрэсення сродкамі высокага класічнага мастацтва.

Вядучай канцэрта выступіла Вольга Царык.

Распачала  канцэртную праграму  Фантазія на тэмы папулярных песень кампазітара Ігара Лучанка вядомага сучаснага беларускага кампазітара Алега Хадоскі.

На сцэне – Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжаімя М.К.Агінскага. За дырыжорскім пультам –  Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер Ордэна Францыска Скарыны  – Рыгор Сарока.

З творчасцю вядомага земляка, кампазітара, жыхара Петраградскага района г.Санкт-Пецярбурга Леаніда Левашкевіча маладзечанская публіка ўжо добра знаёмая, бо не аднойчы ў Палацы культуры горада гучала прыгожая пранікненая музыка аўтара. Многія са слухачоў у яе закахаліся і з трапятаннем у сэрцы ішлі на гэты канцэрт, каб ізноў адчуць асалоду ад сустрэчы з ёй. У выкананні аркестра прагучаў “Майскі вальс” Леаніда Левашкевіча.

Наступныя тры творы Леаніда Левашкевіча на словы Таццяны Цімафеевай прагучалі ў выкананні ганаровай госці горада, вядомай расійскай вакалісткі, лаурэата ўсерасійскіх і міжнародных конкурсаў, уладальніцы прэстыжных музычных прэмій – Наталлі Міхайлавай. Наталля Міхайлава – адна з самых эмацыянальных і ў той жа час далікатных лірычных спявачак, з выдатным голасам рэдкага тэмбру. Кожная праспяваная ёю нота становіцца цэлым жыццём, кожны ўздых, узмах рукі гэтай унікальнай артысткі чаруе сэрца. Выканальніцкае майстэрства бліскучай вакалісткі сучаснай пецярбургскай сцэны заўсёды выклікае захапленне, яе энергія зараджае і не пакідае абыякавым нікога ў зале. На сцэне Наталля Міхайлава. Музыка Леаніда Левашкевіча рамансы “Скажы нам, каханне”, “Не дайце мне сыйсці”, “Падружанька”.

Далей калектыў выканаў  “Лібер-танга”  вядомага аргентынскага  кампазітара  Астора П’яццола. Саліруючую партыю на альце выканаў лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчык Маладзечанскага музычнага каледжа Сяргей Швыроў. У яго выкананні прагучала і кампазіцыя з рэпертуара групы Нірвана Курта Кабэйна.

У час канцэрта ў зале прысутнічала сям’я Леаніда Левашкевіча – каханая жонка Людміла і яго дачушка Юлія. Людміла ў гэты дзень адзначала свой юбілейны дзень нараджэння. Калектыў аркестра на чале з Рыгорам Сарока шчыра павіншаваў яе са святам, пажадаў ўсяго найлепшага і ў якасці падарунка выканаў канцэртную п’есу “Мазурка”, якую ў свой час ёй прысвяціў любімы супруг.

Потым на сцэну выйшаў саліст Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра, выкладчык каледжа Мікалай Карпіевіч. У яго выкананні для слухачоў прагучалі “Заклінанне” Ігара Лучанка, і "Вяселле" Арно Бабаджаняна.

Працягнула канцэртную праграму жартоўная п'еса «Хуліган» Леаніда Левашкевіча

Далей ў выкананні Наталлі Міхайлавай прагучалі песні Леаніда Левашкевіча «Рамонкі белыя і васількі» на словы Таццяны Цімафеевай, жартоўная песня «Какетка» на верш Дзмітрыя Кіршына і песня Веніяміна Баснэра "Бядовая" на вершы Міхаіла Матусоўскага, якая з'яўляецца візітнай карткай гэтай артысткі.

Далей у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь – сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага прагучалі “Танго “Сіль вупле” Астора П’яццола, "Танец з шаблямі" Арама Хачатурана з балета “Гаянэ”, “Мелодыя кахання” Ігара Лучанка - дзе сола на фартэпіяна выканала Таццяна Сарока.

Наступныя творы – “Сіняя вечнасць” Арно Бабаджаняна і "Вочы чорныя" Фларыяна Германа – прагучалі ў выкананні малодога, але вельмі таленавітага спевака, навучэнца 3 курса Маладзечанскага музычнага каледжа, уладальніка Гран-Пры міжнароднага фестываля-конкурсу “Новыя вяршыні” Дзмітрыя Лагуна.

Пасля выканання сімфанічным аркестрам жартоўнай п'есы «Вясёлая аса, альбо аса на весяле» Леаніда Левашкевіча на сцэну для прывітальнага слова былі запрошаны прысутныя ў зале кіраўнік Адміністрацыі Петраградскага раёна г. Санкт-Пецярбург Громаў Іван Аляксандравіч і старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Яхнавец Аляксандр Дзмітрыевіч. Яны звярнуліся з цёплымі словамі да прысутных і абмяняліся падарункамі.

У гонар дарагіх гасцей з Санкт-Пецярбурга ў завяршэнні вечара прагучала песня Аляксандры Пахмутавай “Надзея” у выкананні Наталлі Міхайлавай, Мікалая Карпіевіча,  Дзмітрыя Лагуна і Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі БеларусьРыгора Сарокі.

Напрыканцы вечара слухачы шчырымі апладысментамі  павіталі і падзякавалі ўсіх удзельнікаў канцэрта – Дзмітрыя Лагуна, Таццяну Сарока, Сяргея Швырова, Мікалая Карпіевіча, Наталлю Міхайлаву, увесь калектыў сімфанічнага аркестра на чале з маэстра Рыгорам Сарока, кампазітара Леаніда Левашкевіча, усіх удзельнікаў творчага аб’яднання “Маэстра” і паважаных гасцей з горада Санкт-Пецярбурга! 

У сваю чаргу калектыў аркестра і яго кіраўнік Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока шчыра падзякавалі нашаму земляку, будаўніку з Расіі, мастаку і кампазітару Вячаславу Заранкову, які з’яўляецца спонсарам шматлікіх праектаў творчага аб’яднання “Маэстра”. Вялікую падзяку калектыў адрасаваў яшчэ аднаму нашаму земляку, пражываючаму ў Санкт-Пецярбургу, заснавальніку дыяспары  беларускіх землякоў, дырэктару па арганізацыйным пытанням творчага аб’яднання “Маэстра” – Аляксандру Станкевічу .  Шчырыя словы падзякі прагучалі і ў бок усіх супрацоўнікаў Палаца культуры горада Маладзечна і асабіста яго кіраўніка Святланы Сарока за падтрымку і дапамогу ў арганізацыі святочнага вечара.

Безумоўна, высокі прафесіяналізм пецярбургскіх і маладзечанскіх музыкантаў, іх душэўная цеплыня надоўга застануцца ў памяці маладзечанцаў і гасцей горада!

Відавочна, што дзякуючы такім праектам добрыя адносіны і правераная стагоддзямі сяброўства беларусаў і расіян становяцца ўсё мацней!

Аўтар - Вольга ЦАРЫК

Фота - Руслан АПАНОВІЧ