Вечар паланэзаў

Канцэртная праграма "Вечара паланэзаў", якая прайшла 25 лютага ў вялікай зале Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа, стала яшчэ адным важным крокам у жыцці нашай навучальнай установы на шляху ўшанавання і папулярызацыі асобы і творчасці вядомага грамадскага дзеяча, палітыка, дыпламата, музыканта і кампазітара М.К. Агінскага.

Дзякуючы паспяховай ініцыятыве Рыгора Сямёнавіча Сарокі на працягу апошніх 20 год, з моманту прысваення Маладзечанскаму музычнаму каледжу ганаровага імя славутага земляка, вялікая колькасць творчых праектаў была ўвасоблена ў жыццё і асабліва падчас падрыхтоўкі да 250-гадовага юбілея кампазітара, які ў мінулым 2015 годзе вельмі прыгожа і ўрачыста быў адзначаны пры ўдзеле музыкантаў нашага каледжа ў Маладзечна і іншых гарадах Беларусі, а таксама па-за межамі краіны.

Юбілейны  год  завершыўся, але праца па даследванню і аднаўленню музычнай і літаратурнай спадчыны М.К. Агінскага, вывучэнню жыцця яго знакамітага роду працягваецца. І гэты творчы праект, узнікшы па ініцыятыве Рыгора Сарокі – таму падцвярджэнне. Галоўны дырыжор нашага сімфанічнага аркестра здаўна марыў аб стварэнні перакладаў фартэпіянных паланэзаў кампазітара для сімфанічнага аркестра, дзякуючы якім можна будзе пазнаёміць шырокае кола слухачоў з не меньш прыгожымі і хвалючымі творамі кампазітара, чым сусветна вядомы ля мінорны паланэз “Развітанне з Радзімай”, таму на пачатку навучальнага года ён паставіў гэтую творчую задачу перад сваёй таленавітай навучэнкай па класу дырыжыравання, улюблёнай у сімфанічнае мастацтва – Валерыяй Рыбінскай, якая пад пільным кіраўніцтвам маэстра і выкладчыка па класу інструментоўкі Ігара Данільчанка зрабіла пераклады сямі фартэпіянных паланэзаў з 27 знойдзеных прапрапраўнукам кампазітара Іва Залускім. Выбар паў на тыя творы, якія найбольш прыдатны для аркестравага переклада – бо вядома, што ўсе прыжыццёвыя выданні паланэзаў Агінскага былі прызначаны толькі для фартэпіяна. Аб гэтым сведчаць рэмаркі “fur das Piano-Forte”, “pour fortepiano” і ў большасці з іх фартэпіянная тэхніка стрыманая, з празрыстасцю фактуры і неўласцівасцю манументальнага акордавага выканання, хуткіх паслядоўнасцей актаў, падвойных нотаў і аркестральнасці.

Наогул, жанр паланэза зарадзіўся ў Польшчы прыкладна ў XV стагоддзі і развіваўся на аснове народнага чатырохдольнага танца-шэсця сталага характару. Сельскі паланэз або інакш пешы (chodzony) танец быў прызначаны для сустрэчы сялян, якія вярталіся ўвечар дахаты пасля палявых прац. З народнага побыту ён прыйшоў у магнацка-шляхецкае асяроддзе, дзе атрымаў рысы ўрачыстасці, пампезнасці і хутка стаў самым папулярным цырыманіяльным танцам ва ўсёй Еўропе.

Разам з тым, гэты танец быў і самым распаўсюджаным у кампазітарскай практыцы аматарскага асяроддзя на рубяжы XVIII–XIX стагоддзяў, дзе надзвычай паказальным быў метад апрацоўкі папулярных мелодый эпохі ў форме і жанры паланэза.

Паланэзы ж Міхала Клеафаса распачалі той важны этап у гісторыі жанру, у які фарміравалася апаэтызаваная мастацкая п’еса эпохі рамантызму. Кампазітара не задавальняла бытавая трактоўка паланэза і ён жадаў ператварыць танцавальную п’есу ў самастойную лірычную мініяцюру з перавагай эстэтычнай функцыі над уласна бытавой. Ен унёс ва ўжытковы танец тыя топасы, якія ў класічную эпоху лічыліся выключна прэрагатывай буйных цыклічных формаў і “высокіх” жанраў – оперы, сімфоніі, канцэрта: “ні Гайдн, ні Моцарт, ні нават Бетховен не думалі, што “малое” можа змясціць у сабе ўсё, у тым ліку ўзвышанае, трагічнае і гераічнае”.

Міхалу Клеафасу прадказвалі здзяйсненне “вялікай рэформы" ў характары паланэзаў, а сам кампазітар сфармуляваў задачу ператварэння паланэза з бытавога “танца грамадства” у мастацка-скончаны інструментальны жанр ў “Лістах пра музыку”, дзе гаварыў, што паланэз, захоўваючы свой нацыянальны характар, можа яднаць у сабе le chant, l'expression, le gout et le sentiment – гэта значыць спеў, выразнасць, густ і пачуццё.

Паланэзы Міхала Клеафаса Агінскага прагучалі ў выкананні  Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестру Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога з'яўляецца Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Рыгор Сарока.  Вялікі гонар для каледжа і ўвогуле ўсяго горада мець такі калектыў, які што раз дорыць слухачам новыя разнастайныя канцэртныя праграмы і адначасова з’яўляецца своеасаблівай творчай лабараторыяй для навучэнцаў каледжа, якія могуць паспрабаваць свае сілы ў ім як ў якасці салістаў, так і ў якасці дырыжораў.

Дырыжыравала аркестрам падчас канцэрту аўтар перакладаў паланэзаў, навучэнка 4 курса аддзялення “Духавыя і ударныя інструменты” – Валерыя Рыбінская, якая разам з сімфанічным аркестрам залучыла слухачоў у свет рамантычнай музыкі М.К.Агінскага. 

Адкрыў праграму ўрачысты, бліскучы, тыпова шляхецкі паланэз №24 Es-dur’.

Затым для слухачоў прагучаў легкі, карункавы, святочны паланэз №21 G-dur’ са стрыманай, унутрана-напружанай тэмай у сярэднім раздзеле. Дарэчы, гэта адзіны паланэз у творчасці кампазітара, у аснову якога пакладзена апрацоўка італьянскай опернай мелодыі Мікаля Энрыка Карафа “О, caramemoria” (“О, дарагая памяць”).

Яскравы, тэмпераментныз меланхалічнай напеўнай тэмай у сярэднім раздзеле паланэз № 11 G-dur’, вядомы ў музычным асяроддзі кампазітара пад назвай “Сірацінушка” працягнуў вечар.

Найбольш характэрнымі для творчасці Міхала Клеафаса з’яўляюцца меланхалічныя паланэзы, якія сталі своеасаблівым сімвалам эпохі і па сённяшні дзень застаюцца яе музычнай “візітнай карткай”. Вядома, што ў еўрапейскай культуры Новага часу меланхолія, эфект лёгкага смутку заўжды лічыліся найбольш высакароднымі мастацкімі эмоцыямі і былі распаўсюджаны ў сферы высокай музыкі. Аднак меланхолія паланэзаў Агінскага была не толькі знакам часу, але і адлюстраваннем яго ўласных перажыванняў, звязаных з драматычнымі падзеямі гісторыі Радзімы, сведкам і непасрэдным удзельнікам якіх ён быў. Верагодна, глыбокія перажыванні кампазітара і сталі крыніцай незвычайнай шчырасці, праўдзівасці і моцы яго мастацкага выказвання, што па сённяшні дзень дазваляе яго творам займаць самастойнае, адметнае месца ў музычным мастацтве. 

Яшчэ ў канцэрце прагучалі лірыка-драматычны паланэз №10 d-moll’, галантны, няспешныпаланэз №12 G-dur’, вытанчаны, элеганты, віртуозны і легкі паланэз №15 G-dur’, які М.К.Агінскі прысвяціў сваёй дачцэ Амеліі, а таксама патрыятычны, рэвалюцыйна накіраваны паланэз №6 c-moll’ – адзіны праграмны паланэз у творчасці М.К.Агінскага, якому сам аўтар даў назву“Развітанне”.

Важнейшай рысай пазнавальнасці і адметнасці паланэзаў Агінскага з’яўляецца іх спеўная, вакальная мелодыка, значны ўплыў на якую аказала італьянская вакальная культура bel canto з яе кантыленнасцю, чуллівасцю і філігранным майстэрствам каларатуры. Між тым, у шматлікіх паланэзах кампазітара вызначальным таксама з’яўляецца спалучэнне гераічнага пачатку, фанфарнасці, рыцарства, мужнай шляхетнасці – з аднаго боку, і жалю, меланхоліі, журбы як рэфлексіі на страту былога – з другога. Асабліва ў поздніх паланэзах лірычныя выказванні кампазітара кантрасна адцяняюцца фанфарнай заклічнасцю і спалучаюцца з героіка-драматычнымі рысамі і рыцарскім бляскам.

Канцэртную праграму немагчыма было б ўявіць без сусветна вядомага ля мінорнага паланэза кампазітара – любімага твора шматлікіх людзей розных нацыянальнасцей, узростаў і прафесій. Падаецца, што ўсе складаныя пачуцці ўнутранага свету чалавека перапляліся ў гэтай элегічнай і ў той жа час напоўненай аптымізмам кранальнай мелодыі. Паланэз № 13 a-moll’ “Развітанне з Радзімай” прагучаў у выкананні змешанага хору пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай і сімфанічнага аркестра каледжа. А прадырыжыраваў ім - ініцыятар гэтага творчага праекта, галоўны дырыжор аркестра, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Рыгор Сарока!

Аўтар Вольга ЦАРЫК

Фота Руслан АПАНОВІЧ