IV Адкрыты творчы форум “Выцінаем разам”

У 2019 годзе ўпершыню ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага быў праведзены Адкрыты творчы Форум  “Выцінаем разам”, які сабраў майстроў выцінанкі з усёй краіны. Асноўная ідэя правядзення Форуму заключалася ў тым, каб аб’яднаць не толькі майстроў, якія доўгі час захапляюцца мастацтвам выразання з паперы, але і ўсіх аматараў выцінанкі, тых, хто толькі пачынае свой шлях у гэтым відзе творчасці. Пасля станоўчых водгукаў удзельнікаў Форуму за прадстаўленую магчымасць творчага выказвання і абмена вопытам для далейшага развіцця ў гэтым відзе мастацтва арганізацыйным камітэтам установы было вырашана праводзіць мерапрыемства на пастаяннай аснове (раз у два гады).

І вось ужо чацвёрты раз 30 і 31 мая 2025 года музычны каледж шчыра сустракаў гасцей. Каля 40 майстроў і аматараў выцінанкі прыехалі ў Маладзечна з пяці абласцей Беларусі. Сярод іх тыя, хто ўдзельнічае ў  Форуме пастаянна і хто толькі  ўпершыню завітаў на гэта мерапрыемства. Арганізатары Форуму, старшыня цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Людміла Валковіч-Борыс і выкладчыца  Лізавета Чырвонцава, падрыхтавалі цікавую і разнастайную праграму, якая ўключала ў сябе выступленні з дакладамі і прэзентацыямі, майстар-класы, выставу творчых работ удзельнікаў.

На адкрыцці Форуму з прывітальным словам да гасцей каледжа звярнуўся намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Руслан Іосіфавіч Апановіч. Ён расказаў аб рабоце і  дасягненнях цыкловой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, аб узаемасувязі  музыкі і  мастацтва, а таксама   пажадаў удзельнікам добрага  настрою і творчага  натхнення.     

На пачатку мерапрыемства  вядучы спецыяліст аддзела інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дарослых Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”Алена Гумінская выступіла з     прэзентацыяй пра беларускае мастацтва выцінанкі. Яна падрабязна расказала пра доўгі і крапатлівы працэс падрыхтоўкі інфармацыі і дакументаў для ўключэння традыцыйнага мастацтва выразання з паперы ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны  ЮНЕСКА, якое адбылося ў снежні 2024 года.  

З вельмі  цікавай тэмай пра сучасныя тэхналогіі і віртуальную прастору выцінанкі пазнаёміла мастацтвазнаўца, куратар лічбавай галерэі ў метасусвеце, заснавальніца віртуальнай платформы аб гісторыі архітэктуры Юлія Цыркунова. Пасля прэзентацыі “Традыцыйнае мастацтва мовай сучасных тэхналогій”  удзельнікі мелі магчымасць атрымаць неверагодныя эмоцыі і эстэтычную асалоду, наведаўшы    праз акуляры віртуальнай рэальнасці   галерэю   выцінанкі. 

Начальнік аддзела народнай творчасці дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур”, загадчык секцыі выцінанкі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, член экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь Вольга Хачкова  выступіла з вельмі  змястоўным дакладам “Аб’екты аўтарскага права ў Рэспубліцы Беларусь”. Сёння тэма плагіяту ў выцінанцы стаіць вельмі востра, таму было шмат пытанняў, удакладненняў і абмеркаванняў.

Акрамя новай цікавай і пазнавальнай  інфармацыі, для ўдзельнікаў было  арганізавана і творчае выразанне з майстар-класам  ад  былых навучэнак каледжа Канстанцыі Герасіменка і Вікторыі Палівка.

Канстанцыя  распавядала пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў пошуку мастацкага вобраза ў выцінанцы і  пра мастацкія чэленджы, а таксама  флэшмоб “Катстрычнік” для майстроў выцінанкі.  У канцы яна прапанавала выканаць невялікае заданне з флэшмобу – выразаць з паперы выяву нажніц.

 Вікторыя Палівка паведаміла  пра мастацтва выцінанкі ў дызайне прадметаў інтэр’ера і правяла майстар-класс на тэму “Ліхтар з элементамі выцінанкі”. Старанна і з вялікім захапленнем ўдзельнікі Форуму рабілі свае ліхтарыкі.

Падчас круглага стала па традыцыі госці бліжэй знаёміліся адзін з адным, дзяліліся творчымі думкамі, расказвалі пра свой творчы шлях. Прыемна адзначыць тое, што Форум аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту і нават розных прафесій, дае магчымасць знайсці новых сяброў, падзяліцца вопытам і цікавымі ідэямі, абмеркаваць некаторыя творчыя  сітуацыі.  Удзельнікі абмяняліся думкамі  пра сучасны стан выцінанкі  і пра шляхі далейшага развіцця гэтага віда мастацтва.

Асаблівым момантам на Форуме  з’яўляецца адкрыццё выставы выцінанкі. У гэты раз выстава праходзіла пад назвай “Чароўны папяровы свет” і на ёй былі прадстаўлены работы амаль усіх ўдзельнікаў.  Выстава дае магчымасць не толькі паказаць сваю творчасць, свой стыль, ідэі, пачуцці, але і ўбачыць разнастайнасць выцінанкі іншых удзельнікаў, абмеркаваць тэхніку выканання, падзяліцца вопытам.

Форум прайшоў у цёплай і ўтульнай атмасферы. Шмат шчырых слоў падзякі арганізатарам і адміністрацыі каледжа прагучала ад ўдзельнікаў. А на памяць аб гэтай сустрэчы яны павезлі з сабой не толькі добрыя ўспаміны, новыя веды, але і невялікія падарункі – буклет і блакнот з лагатыпам Фору, прыгожы значок-выцінанку, ручку і, канешне, сертыфікат удзельніка.

Тэкст: Л.М.Валковіч-Борыс, старшыня цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”