Адкрыццё выставы “Беларусь самабытная”

Адкрыццё выставы “Беларусь самабытная” адбылося 28 кастрычніка ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна. Гэта другая выстава ў гэтым годзе, якая прысвечана 30-годдзю цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага. З прывітальнымі і віншавальнымі словамі на адкрыцці выступілі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Аляксандравіч Раўба, дырэктар бібліятэкі Наталля Мікалаеўна Вашчыла, дырэктар каледжа Вераніка Пятроўна Венгерская. Сваімі ўражаннямі пра выставу і пра дзеянне цыклавой камісіі падзяліліся доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута, дызайнер і даследчыца беларускай народнай культуры, кандыдат мастацтвазнаўства Эліна Генадзьеўна Шындлер.

Вельмі цёплая і ўтульная атмасфера мерапрыемства была дапоўнена музычным суправаджэннем ад струннага ансамбля “Амелія”. На выставе прадстаўлены вучэбныя і дыпломныя работы навучэнцаў цыклавой камісіі ў рознай тэхніцы выканання. Тут можна пабачыць выцінанку, аплікацыю саломкай і саломапляценне, тэкстыль, разьбу па дрэве. Работы ўражваюць сваёй дасканаласцю, выразнасцю, разнастайнасцю кампазіцый і вельмі спадабаюцца ўсім аматарам дэкаратыўнага мастацтва. Выстава прадоўжыцца да 17 лістапада. Сардэчна запрашаем наведаць!