255-годдзе з дня нараджэння М.К.Агінскага

Ёсць імены ў гісторыі. Ёсць эпоха, на якую глядзяць сроз прызму надзвычайнага ўкладу ў развіццё дзяржавы ўзрушаючага таленту і велічы асоб. Адной з такіх асоб з'яўляецца Міхал Клеафас Агінскі - кампазітар, палітык, дыпламат.  Сапраўдны патрыёт, праўдзівы творца, таленавіты музыка. Многае зрабіўшы для Беларусі, ён пакінуў глыбокі след у яе гісторыі і істотна ўзбагаціў нацыянальную культуру. У сваю чаргу беларусы шчодра аддзячылі земляку: аднаўленне помнікаў матэрыяльнай спадчыны, выданне кніг, запіс дыскаў музычных твораў, пастаноўка спектакляў, правядзенне канцэртаў, арганізація мастацкіх пленэраў, папаўненне музейных калекцый новымі шэдэўрамі і рэалізацыя праграм міжкультурнага абмену...

Словы падзякі ўсім тым, хто ўнес вялікі асабісты ўклад у адраджэнне, вывучэнне і папулярызацыю спадчыны роду Агінскіх: дыпламату Уладзіміру Шчаснаму, прафесару, доктару філалагічных навук Адаму Мальдзісу, кандыдату гістарычных навук Пятру Краўчанку, прафесару, доктару мастацтвазнаўства Вользе Дадзіёмавай, кандыдату мастацтвазнаўства Святлане Немагай, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Рыгору Сарока, Зінаідзе Кучар і Віктару Скарабагатаму, архітэктару Людміле Івановай, дырэктару выдавецтва "Чатыры чвэрці" Ліліяне Анцух, прадпрымальнікам Уладзіміру Карагіну і Уладзіміру Сівуху, музыкантам Аляксею Фралову і Уладзіміру Байдаву, кінарэжысёру Анастасіі Мірашнічэнка, старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвушу Стружэцкаму, галоўнаму рэдактару "Краязнаўчай газеты" Уладзіміру Гілепу і іншым.

Шчыра рады, што ў працэсе работы па захаванні і аднаўленні спадчыны М.К.Агінскага ўстаноўлены сяброўскія сувязі з літоўскімі, польскімі, расійскімі, французскімі, італьянскімі спецыялістамі. Доказам служаць шматлікія паспяховыя міжнародныя праекты.

 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага было ўключана ў Каляндар памятных дат ЮНЕСКА і адзначана на высогім міжнародным узроўні.

Асаблівая ўдзячнасць дырэктару Рэтаўскага музея гісторыі культуры Агінскіх Вітасу Руткаускасу (Літва), а таксама гісторыку і перакладчыку Юльяну Бельскаму (Масква).

Імя вялікай асобы затанецца ў памяці пакаленняў, а спадчына выбітнага роду стане сувязным фактарам для ўмацавання міжнароднага сяброўства. І абавязкова заўседы будзе гучаць музыка!..

Павел Сапоцька

дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, член Нацыянальная камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА  

 

Святочны канцэрт-прэзентацыя, прысвечаны 255-годдзю з дня нараджэння М.К.Агінскага, адбыўся ў Малой зале імя Р.Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі 25 верасня 2020 года.

У час канцэрта была праведзена прэзентацыя альбома "Адраджэнне і вяртанне. Да 255-годдзя з дня нараджэння М.К.Агінскага", падрыхтаванага Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, філіялам "Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры", "Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжам імя М.К.Агінскага," Дабрачынным фондам "Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага" г. Маладзечна.

У канцэрце прынялі ўдзел Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава), струнны ансамбль "Амелія" (мастацкі кіраўнік Валерыя Маліноўская), саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь Андрэй Мацюшонак (тэнар).