Гала-канцэрт творчых калектываў і маладых салістаў-выканаўцаў – навучэнцаў установы адукацыі “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага”
Error
У пачатку канцэртнай праграмы прагучала “Фантазія на тэмы песень ансамбля “Песняры” у выкананні лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, народнага духавога аркестра каледжа. Мастацкі кіраўнік і дырыжор – Аляксей Андрэеў.
Сёння наш каледж жыве актыўным жыццём, у якім навучальны працэс непарыўна звязаны з творчасцю. Калектыў працуе прафесійна, натхнёна, ён адкрыты да самых сучасных накірункаў у айчыным мастацтве. Але, разам з тым, шануе памяць аб гістарычным шляху навучальнай установы, аб тых людзях, якія з года ў год, на працягу дзесяцігоддзяў аддавалі свае веды, прафесійнае майстэрства, душу пачэснай справе выхавання новых пакаленняў беларускіх музыкантаў, мастакоў, настаўнікаў у сферы мастацтва. Менавіта яны і іх лепшыя вучні – залаты фонд нашай alma mater, і менавіта ім мы прысвяцілі першую старонку сустрэчы.
Прэзентацыя "Старонкі гісторыі каледжа"
Так, мы шчыра ганарымся тымі, хто ствараў педагагічныя традыцыі ў Маладзечанскім музычным каледжы і замацоўваў яго аўтарытэт. Тысячы вучняў працягваюць справу сваіх настаўнікаў, многія з іх вярнуліся ў сваю alma mater. На сённяшні дзень педагагічны калектыў установы на 75% складаецца з яе выпускнікоў, і зараз на сцэне ўжо іх вучні!
Удзельнікі канцэртнай праграмы:
- Віктар Багачоў. Канцэртмайстар – Таццяна Навумец
- Лаўрэат Адкрытага і Рэспубліканскага конкурсаў Марыя Згрундо. Партыя фартэпіяна – Марыя Лі
- Лаўрэат Адкрытага і Рэспубліканскага конкурсаў Павел Якубовіч. Партыя фартэпіяна – Марыя Лі.
Пад гістарычнай памяццю разумеецца таксама здольнасць даражыць традыцыямі свайго народа. Па словах Якуба Коласа “Толькі на ўласных каранях дае дрэва багаты плод.”
Як вядома, падмуркам класічнага мастацтва, яго карнявой сістэмай з’яўляецца фальклор, і яго асновы таксама рознабакова вывучаюцца ў каледжы прадстаўнікамі ўсіх спецыяльнасцей. Яны падрабязна знаёмяцца з аўтэнтычнай беларускай песенна-інструментальнай спадчынай, засвойваюць таямніцы выканальніцтва на народных музычных інструментах, выконваюць апрацоўкі народных мелодый, а таксама творы прафесійных кампазітараў, пабудаваныя на фальклорным матэрыяле.
Але ёсць у структуры навучальнай установы аддзяленне, якое наўпрост звязана з беларускім нацыянальным фальклорным мастацтвам. На ім навучэнцы атрымліваюць прафесію па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Гэта аддзяленне самае маладое ў каледжы, яно было арганізавана ў 1995 г., вельмі арганічна дапоўніла музычныя накірункі і ва ўсіх сэнсах упрыгожыла нашу навучальную ўстанову.
Прэзентацыя "Аддзяленне ДПМ, мастацкая галерэя"
Канцэрт прадоўжылі выступленні навучэнцаў па спецыяльнасці “Інструменты народнага аркестра”:
- Марта Бойка
- Народны аркестр беларускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Ігара Шэлега, салістка – Кацярына Гірс
- Дуэт у складзе: Нікіта Аўрэйцэвіч і Уладзімір Здаравікоў.
Лаурэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў народны аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Тамары Бяльковай.
Навучэнцам каледжа, якія паспяхова засвойваюць асновы акадэмічнага выканальніцтва, падуласныя самыя розныя накірункі музычнага мастацтва. З вялікім задавальненнем яны выконваюць і эстрадна-джазавыя кампазіцыі. Удзельнікі эстраднага адзялення канцэрта:
- Паліна Селятыцкая
- Народны струнны ансамбль “Амелія” пад кіраўніцтвам Валерыі Маліноўскай
- Лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў эстрадны аркестр “Бай-Блюз” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Арцямёнка.
Харавая музыка заўсёды займала пачэснае месца ў жыцці Маладзечанскага музычнага каледжа. За гады існавання навучальнай установы у ёй дзейнічалі харавыя калектывы розных складаў. Сёння – гэта змешаны хор пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай. Яго ўдзельнікі – навучэнцы-харавікі і вакалісты. У гэтым навучальным годзе калектыў падрыхтаваў вялікую праграму з лепшых узораў духоўнай музыкі.
Гістарычная памяць – гэта паняцце шматсастаўнае. Яе неад’емнай часткай з’яўляецца таксама веданне і шанаванне мінуўшчыны таго кутка зямлі, дзе мы жывём, вучымся і працуем, - нашага Маладзечанскага краю. А яго гісторыя звязана з выбітнымі імёнамі! Дастаткова назваць толькі некаторыя з іх: Янка Купала, Максім Багдановіч, Каміла Дунін-Марцінкевіч і многія, многія іншыя. У гэтым сузор’і ярка ззяе асоба Міхала Клеафаса Агінскага, сусветна вядомага кампазітара, дыпламата, палітыка і грамадскага дзеяча, прадстаўніка старадаўняга шляхетскага роду.
Прэзентацыя "Памяці М.К.Агінскага"
Як сведчыць відэаматэрыял, у Маладзечанскім музычным каледжы праведзена велізарная праца па ўшанаванні памяці і папулярызацыі творчасці Міхала Клеафаса Агінскага. І ў цэнтры гэтых намаганняў, як і іншых творчых праектаў, быў чалавек, які больш за 40 гадоў кіраваў навучальнай установай, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францішка Скарыны, ганаровы грамадзянін горада Маладзечна Рыгор Сямёнавіч Сарока.
Усе гэтыя дзесяцігоддзі пад яго кіраўніцтвам плённа працаваў і самы буйны аркестравы калектыў каледжа – лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага. Салісты:
- Браніслаў Дабравольскі
- Іосіф Нікіценка.
Сёння калектыў Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага плённа працуе, захоўвае і развівае лепшыя традыцыі, закладзеныя мінулымі пакаленнямі. А яшчэ ён становіцца родным домам для творчай моладзі, якой наканавана ствараць будучае беларускай культуры, працаваць на карысць нашай роднай Беларусі!
На сцэне да сімфанічнага аркестра далучыўся хор для выканання заключнага номера праграмы - Уладзімір Алоўнікаў “Радзіма мая дарагая” (сімфанічны аркестр, змешаны хор, саліст – Іосіф Нікіценка).
Усе ўдзельнікі гала-канцэрта ўдзячныя слухачам за ўвагу і шчырыя апладысменты!
Тэкст: Кацярына ШАСЦІЛОЎСКАЯ
Фота: Яўген СТЭЛЬМАХ
Відэа: Валерыя МАЛІНОЎСКАЯ