Цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” –  30 год!

Музычны каледж імя М.К. Агінскага — гэта сапраўднае асяроддзе творчасці і натхнення. Вось ужо 30 год побач з музыкай тут існуе дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, якое ўнесла новае жыццё ў рытм каледжа. Музыка і мастацтва — дзве магутныя сілы, што сплятаюцца ў натхняльным танцы гукаў і вобразаў, перадаючы эмоцыі, культурныя традыцыі і эстэтычныя ідэалы. Тут мастацтва ўвасабляецца ў колерах, формах і матэрыялах, а музыка ператвараецца ў гісторыю, якая гучыць у сэрцах тых, хто яе стварае.

Цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” з’яўляецца сапраўдным цэнтрам мастацкай творчасці, дзе захоўваюцца і развіваюцца традыцыі народнага майстэрства. На ёй рыхтуюць таленавітых настаўнікаў і мастакоў, раскрываючы іх творчы патэнцыял. Абсталяваныя класы-майстэрні, выставачная зала, якая існуе з 1998 года, і мастацкая галерэя, якая была адкрыта ў 2022 годзе, дазваляюць прадставіць свету творчыя дасягненні навучэнцаў, выкладчыкаў і майстроў горада. Інтэр’еры каледжа напоўнены духам мастацтва, а яго сцены ўпрыгожваюць унікальныя работы навучэнцаў.

Да 30-годдзя існавання цыклавой камісіі выкладчыкі падрыхтавалі шэраг значных мерапрыемстваў, і пачатак гэтаму святу паклала выстава “Сусвет творчасці”. Гэта не проста экспазіцыя работ выкладчыкаў, а сапраўдная скарбніца натхнення, дзе кожны аўтар раскрывае сваю ўнікальную мастацкую душу.

На выставе прадстаўлены творы ў розных тэхніках: жывапіс, графіка, выцінанка, аплікацыя саломкай, а таксама фотаздымкі, якія перадаюць тонкую эстэтыку і глыбіню мастацкага бачання свету. Такія розныя па стылі і манеры работы, розныя творчыя напрамкі, але ўсіх аўтараў аб’ядноўвае адно –  бязмежная любоў да сваёй справы, імкненне захаваць культурную спадчыну і перадаць свае веды падрастаючаму пакаленню.

Сёння цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” аб’ядноўвае сапраўдных майстроў сваёй справы — выкладчыкаў, для якіх мастацтва стала не толькі прафесіяй, але і жыццём. Асаблівы гонар каледж адчувае за тое, што значная частка педагагічнага складу — яго выпускнікі, якія, прайшоўшы шлях станаўлення, вярнуліся сюды, каб перадаць сваё майстэрства новаму пакаленню.

З 2006 года старшынёй камісіі з’яўляецца навучэнка з самага першага выпуску Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс, выкладчык вышэйшай катэгорыі, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі. Яе прафесійны шлях, адданасць мастацтву і педагагічны талент сталі неад’емнай часткай развіцця камісіі, умацавання яе традыцый і пошуку новых творчых гарызонтаў. Побач з ёй працуюць не проста выкладчыкі, а сапраўдныя мастакі і майстры народнай творчасці: Лізавета Львоўна Чырвонцава (сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, народны майстар Беларусі),  Наталля Львоўна Чэрвонцава, Наталля Сяргееўна Вальковіч, Андрэй Пятровіч Гамолка, Дзмітрый Святаслававіч Сакалоўскі. Усе яны прысвяцілі сваё жыццё не толькі творчасці, але і педагагічнай працы, дапамагаючы новым пакаленням авалодаць глыбінёй і прыгажосцю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Выкладчыкі натхняюць сваіх выхаванцаў, дапамагаюць ім раскрыць свой патэнцыял і тым самым умацоўваюць пераемнасць традыцый, што з’яўляецца асновай далейшага паўнацэннага развіцця беларускай нацыі.

Цыклавая камісія стала сапраўдным цэнтрам, дзе праводзяцца метадычныя семінары і адкрытыя мерапрыемствы для майстроў, настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў мастацтва не толькі вобласці, але і рэспублікі,  што спрыяе ўмацаванню сувязі паміж традыцыямі і сучасным навучаннем, захоўванню і перадачы духа беларускай культуры.