Выстава выцінанкі “Зімовыя цуды”

Выстава выцінанкі “Зімовыя цуды” прысвечана таямнічай і насычанай святамі зімовай пары. Тут і Ражство Хрыстова, і Каляды, і Новы год. Анёлы, святыя вобразы, персанажы каляднай містэрыі: козы, мядзведзі, арлы, шчупакі і нават чорныя кітайскія зайцы завіталі на сцены выставачнай залы.

Адкрыццё выставы было насычана цеплынёй і радасцю творчасці. Падзяліліся сваім натхненнем навучэнцы аддзялення ДПМ, былыя выпускнікі: Алеся Дэрр, Канстанцыя Герасіменка, Сафія Падкарытава, Крысціна Ільіч, Ксенія Трот. Не засталіся ў баку і выкладчыкі – Лізавета і Наталля Чырвонцавы, Людміла Валковіч-Борыс.

Святочную атмасферу дапамагала стварыць Кацярына Гіль, граючы аўтэнтычныя танцавальныя мелодыі на цымбалах. Таксама ў аўтэнтычнай манеры прагучалі старажытныя песні, якія выканалі выкладчыца нашага каледжа Лізавета Лобан, Кацярына Гіль, а дапамагалі Наталля Чырвонцава і Канстанцыя Герасіменка.

Музыка і выцінанкі стварылі сапраўдную цудоўную атмасферу творчасці і свята.

Запрашаем на выставу, яе можна наведаць  да канца лютага.

Тэкст: Н.Чырвонцава, выкладчык ЦК ДПМ каледжа

Фота Дз.Сакалоўскага