“Жыві, наш храм, шчаслівы векі вечныя…”

Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага адзначыў 60-гадовы юбілей.

“Наш дом і храм – каледж імя Агінскага,

святло душы і музыкі ўзлёт,

ты гонар наш, прытулак слова блізкага,

высокіх дум і творчасці палёт.

І бачыць Бог – ёсць музыка над намі

І хоць няўмольна адплывае час,

лунае дух Агінскага вякамі,

і як Анёл аберагае нас…”

2 640x380Гэтыя радкі з гімнічнага спеву Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага (музыка А.Атрашкевіч, словы Т.Трафімавай і Р.Сарокі) найбольш адпавядаюць узнёсламу, хвалюючаму і ўрачыстаму настрою, які панаваў у навучальнай установе 26 кастрычніка 2018 года. Менавіта гэты дзень стаў магутным фінальным акордам у юбілейным марафоне, які працягваўся амаль ўвесь 2018 год у Маладзечна.

Кожнае значнае выступленне, мерапрыемства, канцэрт, сустрэча, экскурсія, фестываль, канферэнцыя, адкрыты конкурс выканаўцаў на струнных смычковых інструментах і міжнародны форум маладых кампазітараў імя М.К.Агінскага, нават чарговая пастаноўка Маладзечанскім маладзёжным народным музычным тэатрам оперы А.Залётнева “М.К.Агінскі. Невядомы партрэт” з новымі салістамі  – былі прысвечаны 60-гадоваму юбілею са дня заснавання каледжа.

Акрамя гэтага, выкладчыкі і навучэнцы ладзілі шчырыя і цікавыя сустрэчы з выпускнікамі розных аддзяленняў, па якім ідзе сур’ёзная падрыхтоўка маладых спецыялістаў у сферы культуры і мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь.

А ўсяго за 60 мінулых гадоў установу скончылі 5740 навучэнцаў па розных спецыяльнасцях (інструментальнае выканальніцтва – фартэпіяна, аркестравыя духавыя, ударныя, струнныя смычковыя інструменты, інструменты народнага аркестра; дырыжыраванне – акадэмічны хор; спевы акадэмічныя; музыказнаўства; дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Каледж ганарыцца сваімі выпускнікамі, сярод якіх ёсць вядомыя і паважаныя музыканты і мастакі, народныя, заслужаныя артысты Беларусі і Расіі, заслужаныя дзеячы культуры Беларусі, кандыдаты мастацтвазнаўства, удзельнікі знакамітых музычных калектываў, яскравыя салісты прэстыжных тэатраў, таленавітыя і ўдумлівыя выкладчыкі ВНУ, ССНУ, ДШІ і іншых устаноў.

Упэўнены, чытачам вядомы імёны Юрыя Антонава, Аляксандра Ціхановіча, Таццяны Мдзівані, Алега Елісеенкава, Людмілы Колас, Тамары Глаголевай, Людмілы Станевіч, Уладзіслава Сулімскага, Анатоля Сіўко, Уладзіміра Дзмітрука, Андрэя Мацюшонка, Дзяніса Янцэвіча і шмат яшчэ цікавых і нястомных дзеячоў музычнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Прыемна ўсведамляць, што традыцыі і творчая дзейнасць адной з вядомых айчынных навучальных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сферы культуры і мастацтва паспрыялі на яе вядомасць у краіне і за яе межамі. Новыя творчыя дасягненні музычных калектываў установы і салістаў, рэалізацыя цікавых праектаў, годнасць прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, 100-працэнтнае размеркаванне спецыялістаў, якое адпавядае запатрабаванасці выпускнікоў, высокія лічбы паступленняў у вядучыя ВНУ краіны – усё гэта дазваляе падцвярдзіць і замацаваць годнасць Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

У 2018 годзе юбілейныя даты таксама напаткалі многія музычныя калектывы Маладзечанскага каледжа – аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Т.У.Бяльковай, хор пад кіраўніцтвам В.М.Каханоўскай, іншыя калектывы…

А вось у пару 60-гадоваму юбілею каледжа было абрана 50-годдзе Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, якім амаль 40 гадоў кіруе дырэктар установы, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Рыгор Сямёнавіч Сарока.

Сімфанічны аркестр стаў сапраўдным сімвалам установы, яе музычнай візітнай карткай у горадзе, рэспубліцы, і нават далёка замежамі нашай краіны (гарады Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Галандыі, Францыі). Актыўная канцэртная дзейнасць калектыву ўражвае сваіх прыхільнікаў: новыя праграмы, праекты, акцыі, неабсяжнасць гукавага свету музыкі, якую ён выконвае.

Святкаванне гэтых прыгожых дат 26 кастрычніка сабрала былых выпускнікоў і ўсіх, хто працаваў і працуе ў каледжы, а таксама – вялікую колькасць ганаровых гасцей і сяброў установы, аркестра і іх кіраўніка.

Каб наладзіць на ўзнёслы лад гасцей і супрацоўнікаў, у выставачнай зале прадстаўлена экспазіцыя з лепшых аўтарскіх работ выкладчыкаў, былых выпускнікоў, сённяшніх навучэнцаў аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у фае Вялікай залы гучаў квартэт струнных інструментаў “Віртуоз”, а бадзёры прыўзняты настрой стварылі напачатку артысты духавога аркестра каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыка Аляксея Андрэева, выканаўшы “Святочнае прывітанне”.

Ушанаванне калектыва-юбіляра адбылося ў Вялікай зале музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, цёплая шчырая атмасфера мерапрыемства стваралася сіламі вопытнай вядучай Кацярыны Шасцілоўскай і дырэктара Рыгора Сарокі. Ва ўрачыстай частцы бралі удзел ганаровыя госці, якія віншавалі калектывы-юбіляры, і ўзнагароджвалі выкладчыкаў і супрацоўнікаў.

Гэта намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Маркевіч Іван Станіслававіч, старшыня Маладзечанскага райвыканкама Горлаў Юрый Мікалаевіч, супрацоўнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Мукалаў Анатоль Аляксандравіч, начальнік Галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Хмель Таццяна Мікалаеўна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маладзечанскага райвыканкама Філістовіч Соф’я Пятроўна.

Свята каледжа не прайшло без удзелу прафсаюзных лідзераў, з якімі калектыў працуе ў цесным кантакце, віншаванні і ўзнагароды атрымлівалі ад старшыні Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Яцухна Таццяны Пятроўны, старшыні Мінскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Крысенка Сяргея Рыгоравіча.

Увогуле, рознымі відамі ўзнагарод, падзяк і заахвочванняў былі адзначаны 70 выкладчыкаў і супрацоўнікаў каледжа.

Падчас урачыстасці адбылася даўгачаканая прэзентацыя каштоўнага падарунка Мінаблвыканкама, які дапамаглі набыць Беларускі фонд міру і Міжнародны дабрачынны фонд Юрыя Розума. Яны дапамаглі ажыццявіць даўнюю мару кожнага музыканта аб набыцці сапраўднага караля сярод інструментаў –найлепшага вялікага канцэртнага раялю сусветна вядомай кампаніі “Steinway & Sons”.

Гонар прадставіць гэты інструмент быў даручаны выпускніку Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага, лаўрэату міжнароднага конкурса, студэнту Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Івану Кабыльчанка і лаурэату міжнародных конкурсаў, салісту Санкт-Пецярбургскай філармоніі Алегу Вайнштэйну. Безумоўна, піяністы былі ў захапленні ад гучання раяля!

Шмат добрых слоў у адрас юбіляраў была выказана з боку прадстаўнікоў ВНУ і ўстаноў культуры Беларусі. Павіншаваць Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага і сімфанічны аркестр пажадалі народны артыст БССР, прафесар установы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі”, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў М.П.Дрынеўскі; дацэнт, прарэктар па выхаваўчай працы ўстановы адукацыі “Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі” П.Ф.Дударэнка; дацэнт, загадчык кафедры духавой музыкі, мастацкі кіраўнік канцэртнага аркестра “Светач” установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў” В.М.Валатковіч; старшыня прафсаюзнага камітэту Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь А.Л.Акушэвіч.

Цесныя сувязі каледж падтрымлівае з Беларускім фондам культуры, Мінскім абласным драматычным тэатрам, сярэднімі навучальнымі ўстановамі сферы культуры і дзіцячымі школамі мастацтваў, а дырыжор і калектыў сімфанічнага аркестра мае шмат сяброў за межамі Беларусі, якія таксама далучыліся да віншаванняў. Прыгожыя словы, поўныя захаплення гучалі з вуснаў даўніх сяброў каледжа і сімфанічнага аркестра, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і бізнэсу, якія заўжды былі надзейнай апорай і падтрымкай і не пашкадавалі фінансавых затрат, каб яшчэ больш узмацніць матэрыяльную базу установы.

Музычную праграму ўрачыстай часткі ўпрыгожалі выступленні лаўрэата міжнародных конкурсаў, лаўрэата прэміі Мінаблвыканкама, выпускніцы каледжа, а цяпер – студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольгі Мазоль(канцэртмайстар – Анастасія Варановіч) і змешанага хору каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай.

Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага і асабіста дырэктар установы Р.С.Сарока дзякуюць гасцям і сябрам за цёплыя словы віншаванняў у бок калектыву, за ўзнагароды і цудоўныя падарункі. Кіраўнік адзначае: “Мы перапоўнены пачуццямі вялікай удзячнасці нашаму губернатару Мінскай вобласці, Анатолю Міхайлавічу Ісачанка, які прыехаў сюды, пазнаёміўся з установай – і зрабіў нам такі раскошны падарунак – раяль “Steinway & Sons”, стрымаў сваё слова. Удзячны ўсім за тое, што прыехалі да нас на свята шаноўныя людзі, за іх павагу да навучальнай установы і яе таленавітых выкладчыкаў, і за тое, што паказалі тым самым стаўленне да культуры ў нашай краіне. Менавіта таму педагагічны калектыў і калектыў навучэнцаў, моладзі ідзе далей да новых вяршыняў, разумеючы, як патрэбна наша праца, нашы спецыялісты нашай краіне”.

Вялікая другая частка юбілейнай дзеі-ўшанавання адбылася ў Палацы культуры г.Маладзечна, з якім каледж і сімфанічны аркестр звязваюць доўгія гады сяброўства і супрацоўніцтва, увасаблення самых смелых і часам аванцюрных задум і праектаў. Такім, напрыклад, здавалася стварэнне на базе каледжа і яго калектываў Маладзечанскага маладзёжнага музычнага тэатра, які літаральна праз год існавання атрымаў ганаровае званне “народны”. Уся падрыхтоўка, рэпетыцыі і прэм’ерныя паказы спектакляў адбываліся менавіта пры непасрэдным удзеле калектыву Палаца і яго кіраўніка Сарока Святланы Рыгораўны.

Урачыстасць пачалася інтрыгай: да гледачоў звярнуўся… Міхал Клеафас Агінскі і “з нябёсаў” павіншаваў установу, яе калектыў, кіраўніка і сімфанічны аркестр з прыгожымі юбілейнымі датамі, падзякаваў за ўшанаванне яго асабістай памяці і музычнай спадчыны (акцёр Мінскага абласнога драматычнага тэатра Андрыян Барткевіч).

Гледачам быў прадстаўлены відэафільм, які адлюстроўваў гісторыю і творчы шлях каледжа і сімфанічнага аркестра. А вось творчую палітру музычнага калектыва прадставілі самыя цікавыя творы з яго рэпертуару, і, безумоўна, вядомыя нумары з оперных спектакляў. Дапамагала гледачам знаёміцца з пярлінамі сусветнай музычнай спадчыны дасведчаная вядучая канцэрта, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Царык.

На пачатку канцэртнай праграмы прагучаў велічны і магутны Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам № 1 Пятра Чайкоўскага, саліст – вядомы расійскі піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, саліст Санкт-Пецярбургскай філармоніі, выкладчык Санк-Пецярбургскай кансерваторыі і музычнага каледжа, сябар калектыва і дырыжора Алег Вайнштэйн.

Шэраг музычных нумароў аркестр выканаў разам з салістамі Маладзечанскага маладзёжнага музычнага народнага тэатра, выкладчыкамі каледжа Мікалаем Карпіевічам (выпускнік каледжа) і Кацярынай Купрыеўскай, выпускнікамі каледжа салістам Москанцэрта Валянцінам Сухадольцам і салістам Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Дзянісам Янцэвічам.

Змешаны хор каледжа пад кіраўніцтвам Веры Каханоўскай сумесна з аркестрам, у вельмі абмежаваны тэрмін здолелі падрыхтаваць масштабную оперную сцэну – “Палавецкія пляскі з хорам” Аляксандра Барадзіна з эпічнай оперы “Князь Ігар”. Магутнае манументальнае вакальна-сімфанічнае палатно ўразіла ўсіх прысутных.

Сапраўдным упрыгожваннем канцэрту сталі выступленні выпускнікоў вакальнага аддзялення Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага (клас Г.І.Юрэвіча і М.П.Васілевіч), якія цяпер праслаўляюць навучальную ўстанову і калектыў, з якім рабілі першыя крокі ў оперных спектаклях. У вялікім захапленні напоўненая зала Палаца культуры Маладзечна з задавальненнем і асалодай слухала цудоўныя галасы вакалістаў, лаурэатаў шматлікіх міжнародных конкурсаў.

Парадаваў пяшчотны, шчыры, лірычны тэнар саліста Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь Андрэя Мацюшонка, самага юнага ўдзельніка канцэрта.

Уразіў аксамітным моцным гучаннем баса чатырыжды лаўрэат і ўладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, запрошаны саліст Венскага опернага тэатра, Баварскага опернага тэатра, Каралеўскай оперы Ковент Гардэн у Лондане, тэатра Лісэо ў Барсэлоне Анатоль Сіўко.

Здзівіў асаблівай эмацыянальнасцю выканання драматычны тэнар, удзельнік праграмы маладых спевакоў імя Пласіда Дамінга, уладальнік Гранд-прэміі і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, удзельнік маладзежнай праграмы Лос-Анджэлескай оперы і Венскай оперы, саліст опернай трупы Музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанка Уладзімір Дзмітрук.

Прыгожы дуэт прагучаў у выкананні Уладзіміра Дзмітрука і фіналісткі тэлепраекта “Вялікая опера” на расійскім тэлеканале “Культура”, лаўрэата міжнародных конкурсаў, стыпендыята прэміі ўрада Расіі, стыпендыята фонду Ўладзіміра Співакова Яўгеніі Шырынянц.

Яскравае, незабыўнае, бліскучае, ўрачыстае, святочнае, натхнёнае, маладое, творчае! Гэтыя і шматлікія іншыя захапляльныя словы толькі могуць паспрабаваць адлюстраваць уражанні слухачоў ад канцэрта.

Аднак, калі гаварыць пра канцэрт, які адбыўся – ён быў тэхналагічна складаным, доўга рыхтаваўся, усе яго ўдзельнікі дастойна працавалі і ўдала прагучалі, усе яны дасведчаныя музыканты, надзейныя прафесіяналы. Вялізная праца салістаў, музыкантаў аркестра, яго дырыжора Р.С.Сарока была годна сустрэчана публікай. І зноў зразумела, чаму усе гэтыя дзесяцігоддзі калектыў працуе менавіта для сваіх слухачоў, дорыць ім, калі падсумаваць, не лічаныя гадзіны выканання, а многія і многія тыдні музыкі без перапынку! А калі скласці ўсе рэпетыцыі – вучэбныя, планавыя, тэрміновыя, генеральныя… Сотні тысяч гадзін музыкі запар! І ўсё гэта – для аматараў музыкі, ДЛЯ ВАС!

Той шлях, які пройдзены Маладзечанскім музычным каледжам імя М.К.Агінскага, сімфанічным аркестрам і кіраўніком Р.С.Сарока з’яўляецца пэўнай часткай дарогі ў мастацтве. Дарогі, якая больш за чалавечае жыццё: “Жыццё кароткае, мастацтва – вечнае!”

Святочны вечар завяршаўся спадзяваннямі, што наперадзе юбіляраў чакаюць доўгія гады плённай працы на славу беларускага мастацтва.

Аўтар - Яўгенія Рукевіч

Фота - Яўген Стэльмах, Руслан Апановіч