30-гадовы юбілей ЦК ДПМ

Падыходзіць да заканчэння 2025 год. Год, у якім цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага адзначае свой 30-гадовы юбілей. Усё, што было запланавана да юбілею, адбылося: выставы ў Палацы культуры г.Маладзечна, у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С.Пушкіна, мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, музеі-запаведніку “Заслаўе”. Акрамя гэтага арганізаваны і праведзены ІІ Адкрыты дзіцячы мастацкі конкурс “Маляўнічы свет”, які ўжо другі раз збірае больш за 100 удзельнікаў амаль з усёй краіны. І вось 19 снежня прагучаў апошні акорд святкавання юбілейнай даты –  святочнае мерапрыемства, на якое прыйшлі выпускнікі цыклавой камісіі розных гадоў, былыя выкладчыкі і госці навучальнай установы.

Юбілей і традыцыйная сустрэча з выпускнікамі – гэта не проста дата ў календары, а сапраўднае свята душы, якое дазваляе на імгненне спыніць няўмольны бег часу.  Гэта нагода ўспомніць выдатных мастакоў і выкладчыкаў, якія пакінулі значны след у гісторыі станаўлення і развіцця цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Падчас сустрэчы выпускнікі і выкладчыкі размаўлялі, дзяліліся ўспамінамі пра гады навучання ў каледжы, фатаграфаваліся, знаёміліся з выставай творчых работ выпускнікоў, якая прымеркавана да 30-годдзя цыклавой камісіі ў выставачнай зале каледжа. Па задумцы арганізатараў, кожны выпускнік пакінуў сваю намаляваную птушку на сімвалічным  дрэве – эмблеме цыклавой камісіі. Усё гэта адбывалася пад чароўныя гукі музыкі струннага ансамбля “Амелія”.

Ва ўрачыстай частцы мерапрыемства прагучала шмат шчырых слоў віншавання ад дырэктара каледжа Веранікі Пятроўны Венгерскай, начальніка аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама Вольгі Юр’еўны Ананьевай, дырэктара Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алены Анатольеўны Чарнецкай, выпускніцы 2003 года, а зараз выкладчыцы дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г.Маладзечна, Кацярыны Уладзіміраўны Кісель. Падзяліліся сваімі ўспамінамі пра тое, як стваралася і пачынала сваю дзейнасць цыклавая  камісія, былы дырэктар каледжа, заслужаны дзеяч культуры Рыгор Сямёнавіч Сарока, а таксама былы дырэктар дзіцячай мастацкай школы наша горада  Васіль Аляксеевіч Таркан. Ад імя ўсіх выпускнікоў словы падзякі выкладчыкам  за гады навучыння прагучалі ад выпускніцы 2005 года, загадчыцы Дорскім філіялам Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў імя К.І.Паплаўскага Таццяны Кулік-Панарад. Вельмі прыемна, што на святочнае мерапрыемства завіталі былыя выкладчыкі, якія шмат гадоў перадавалі свае веды і ўменні навучэнцам – Генадзь Фёдаравіч Селядзец, Віктар Зянонавіч Чапскі, Ігар Мікалаевіч Пою і іншыя.  Сустрэча прайшла ў атмасферы шчырасці і цеплыні.

У гэты святочны дзень усе выкладчыкі і супрацоўнікі цыклавой камісіі былі ўзнагароджаны граматамі за шматгадовую плённую  працу, значны асабісты ўклад у развіццё беларускай культуры і выхаванне творчай моладзі. Старшыня цыклавой камісіі Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс  была адзначана яшчэ і Падзякай ад аддзела культуры Маладзечанскага райвыканкама за высокі прафесіяналізм і адданасць  сваёй справе.

Завяршыўся  святочны вечар цудоўным канцэртам аркестра беларускіх народных інструментаў  Маладзечанскага дзяржаўнага  музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам Ігара Шэлега.

Падводзячы вынікі юбілею, хочацца адзначыць, што цыклавая камісія не толькі зберагае той асноўны фундамент, які быў закладзены ў самым пачатку стварэння, а менавіта вывучэнне і зберажэнне народнай культуры Беларусі, але і  працягвае развівацца і ісці ў нагу з часам. Сапраўдная веліч нацыі праяўляецца ў здольнасці гарманічна спалучаць спадчыну продкаў з выклікамі сённяшняга дня. Нашы каштоўнасці не паміраюць, а набываюць новую форму, становяцца блізкімі і зразумелымі сучаснаму пакаленню.

Шмат намаганняў прыклалі выкладчыкі цыклавой камісіі, каб наладзіць ўсе мерапрыемствы. Але не магчыма было б усё спраўдзіць без падтрымкі і дапамогі як  адміністрацыі каледжа, так і іншых супрацоўнікаў.

Кожная падзея юбілейнага года прайшла на высокім узроўні. Калектыў цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” выказвае  вялікую ўдзячнасць усім за сумесную зладжаную працу і прафесіяналізм.