Цыклавая камісія “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”
З 1995 года ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К.Агінскага працуе цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На ёй рыхтуюць выкладчыкаў і мастакоў. Асноўная мэта навучання – асэнсаванне і вывучэнне народнай спадчыны, культуры і традыцый нашага краю. Акрамя выкладання малюнка, жывапісу, кампазіцыі, колеразнаўства, камп’ютарнай графікі і іншых прадметаў, праводзіцца вялікая творчая праца па развіццю народнага мастацтва выцінанкі, саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы па дрэве.
У розныя часы на цыклавой камісіі працавалі: Чырвонцава В.М., Герасіменка Ю.П., Акулік А.А., Селязнёва А.Л., Маслава В.Ю., Чычэліс М.П., Кумпена С.У., Смальякоў І.І., Пою І.М., Кучко А.В., Чапскі В.З., Варанецкі І.У., Цясленка У.І., Селядзец Г.Ф.
Сярод іх асаблівая роля належыць Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўне – народнаму майстру Рэспублікі Беларусь, выдатнаму педагогу, чалавеку, бязмежна адданаму мастацтву. Яна стаяла ля вытокаў стварэння цыклавой камісіі ДПМ і на працягу дзесяці год узначальвала яе. Чырвонцава В.М. адна з першых у рэспубліцы пачала адраджаць амаль забытае старажытнае мастацтва выцінанкі. Дзякуючы ёй сёння добра вядома маладзечанская школа выцінанкі. А Маладзечанскі музычны каледж з’яўляецца адзінай установай у нашай краіне, якая дае прафесійныя веды па гэтаму віду мастацтва.
У каледжы для навучання створаны выдатныя ўмовы. Ёсць добра абсталяваныя класы-майстэрні, працуе выставачная зала, у якой ладзяцца розныя выставы. У студзені 2022 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мастацкай галерэі. У трох залах размешчаны лепшыя дыпломныя работы рознай тэматыкі выпускнікоў цыклавой камісіі, а таксама частка вучэбных работ. У першай зале можна ўбачыць вырабы з саломкі і эксперыментальны тэкстыль, у другой – саломапляценне і разьбу па дрэве. Трэцяя зала, у якой прадстаўлена выцінанка, прысвечана памяці Вікторыі Чырвонцавай.
Сёння на цыклавой камісіі педагагічную дзейнасць вядуць шэсць выкладчыкаў: Валковіч-Борыс Л.М., Чэрвонцава Н.Л., Чырвонцава Л.Л., Вальковіч Н.С., Гамолка А.П., Сакалоўскі Дз.С. Усе яны творчыя людзі, якія імкнуцца даць глыбокія веды навучэнцам і ў той жа час самі ўдзельнічаюць у розных творчых мерапрыемствах. Валковіч-Борыс Л.М. і Чырвонцава Л.Л. маюць званне Народны майстар Беларусі. Выкладчыкі праводзяць выставы, майстар-класы, адкрытыя ўрокі, запрашаюцца ў якасці журы на конкурсы, аказваюць метадычную дапамогу ДШМ. Узначальвае цыклавую камісію з 2006 года Валковіч-Борыс Л.М.
Кожны год з мэтай папулярызацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на базе цыклавой камісіі арганізуюцца розныя мерапрыемствы. Для настаўнікаў і кіраўнікоў гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстроў і аматараў выцінанкі праводзяцца семінары, сімпозіумы, конкурсы і раз у два гады Рэспубліканскі творчы форум “Выцінаем разам”.
Таленавітая, зацікаўленая і працавітая моладзь прыходзіць вучыцца ў каледж. Мастацкія работы навучэнцаў упрыгожваюць інтэр’еры ўстановы, экспануюцца на выставах і ў мастацкай галерэі. У іх адлюстравана гісторыя нашай краіны, яе традыцыі, якія беражліва захоўваюцца і памнажаюцца моладдзю.
Цыклавая камісія выпусціла больш за 300 навучэнцаў. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю і выкладаюць у гарадскіх і раённых мастацкіх школах, працуюць у Дамах творчасці.
За перыяд свайго існавання цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа стала сапраўдным цэнтрам развіцця народнай мастацкай культуры ў рэгіёне.