З 2 па 9 лістапада 2017г. навучэнцы аддзялення “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” на чале з выкладчыкамі Валковіч-Борыс Людмілай Мікалаеўнай і Чырвонцавай Лізаветай Львоўнай наведвалі г.Мюнхен (Баварыя), дзе прымалі ўдзел у першым этапе міжнацыянальнага нямецка-польска-беларускага мастацкага праекта. Гэты праект падрыхтаваў маладзёжны цэнтр Ам Таўер з Обершляйсхайма (Баварыя). Акрамя нас да ўдзелу былі таксама запрошаны навучэнцы і выкладчыкі дзяржаўнай прафесійнай профільнай школы з Аўгзбурга (Германія) і мастацкага ліцэя з г.Шчэцін (Польшча).
Error
Другі этап праекта будзе праходзіць у пачатку красавіка 2018г. у Польшчы, а ў жніўні прымаць удзельнікаў з іншых краін будзе аддзяленне ДПМ Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
Па задумцы арганізатараў, гэты праект дае магчымасць маладым мастакам правесці крэатыўную работу майстар-класаў, улічваючы прыняцце сумесных незвычайных рашэнняў і поглядаў у той ці іншай сферы дзейнасці. Таксама плануецца вывучэнне, распрацоўка і замацаванне мастацкага майстэрства паміж рознымі нацыянальнымі групамі. У час гэтых сустрэч удзельнікі могуць адкрыць для сябе новыя магчымасці ўспрымання мастацкага майстэрства, невядомыя ім да гэтага часу, пазнаёміцца з работамі вядомых сучасных мастакоў абстракцыяністаў, змогуць самі паспрабаваць новыя тэхнікі.
Галоўная мэта сустрэч на праекце - аб’яднанне крэатыўнай моладзі з трох краін, стварэнне атмасферы даверу і паразумення, знаёмства з культурнымі і сацыяльнымі каштоўнасцямі гэтых краін і ўзаемнае духоўнае ўзбагачэнне, пераадоленне моўных бар’ераў сродкамі мастацтва.
Цікавая і пазнавальная праграма была прапанавана ўдзельнікам праекта. Мы наведвалі старую пінакатэку, замак Шляйсхайм і палац Шчэцлер, школу мастацтваў у Аўгзбургу і музей самалётаў. Праводзіліся экскурсіі па гарадах Мюнхен, Аўгзбург ,Тегернзее. Нямецкія выкладчыкі правялі разнастайныя майстар-класы.
Вельмі прыемныя ўражанні засталіся пасля паездкі. Многае мы ўбачылі і шмат чаму навучыліся.
Аўтар - Людміла ВАЛКОВIЧ-БОРЫС