Уражанні пасля творчай сустрэчы

З 4 па 10 красавіка ў мастацкім ліцэі імя М. Бранкузі ў г. Шчэцін (Польшча) прайшоў другі этап міжнацыянальнага нямецка-польска-беларускага мастацкага  праекта, у якім прымалі ўдзел навучэнцы цыклавой камісіі ДПМ музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Па традыцыі кожная краіна, якая прымае гасцей, распрацоўвае асабістую праграму. На гэты раз у  рамках праекта былі арганізаваны майстар-класы (дзе вывучалі варыянты тэхнікі керамікі), наведванне фабрыкі “Ходзеж”, якая з’яўляецца  адной  з галоўных па вытворчасці  дамашняга фарфору  ў Польшчы і Еўропе,  выезд да мора (г. Мендзыздрое), а таксама былі наладжаны  розныя цікавыя  экскурсіі.

Галоўная ідэя  такіх сумесных праектаў - аб’яднанне моладзі і мастакоў з розных краін, знаёмства і наладжванне  сяброўскіх адносін, развіццё міжнародных сувязей, абмен творчым вопытам, вывучэнне культуры іншых народаў і нацыянальнасцей. Усё гэта мае вялікае значэнне для збліжэння культур розных народаў, мацавання  міру і далейшых ўзаемаадносін.

На майстар-класах нашы навучэнцы мелі магчымасць пазнаёміцца  з рознымі відамі  керамікі. Яны ляпілі гліняны посуд, наносілі рознага колеру паліву, паспрабавалі працаваць  на ганчарным коле. Потым усе вырабы прайшлі апал у печы і набылі вельмі прыгожы і арыгінальны  выгляд.

Напрыканцы праекта была зладжана выстава творчых работ удзельнікаў. На  ўрачыстым адкрыцці выставы выступіў  дырэктар ліцэя Артур Саўчук, а таксама словы падзякі арганізатарам праекта выказалі кіраўнікі груп з Германіі і Беларусі. Моладзь абмяняласа памятнымі падарункамі.

Нагадаем, што трэці этап міжнацыянальнага нямецка-польска-беларускага мастацкага праекта пройдзе ў жніўні гэтага года на Беларусі. Замежных гасцей будзе сустракаць наша цыклавая камісія. Спадзяёмся, што ўдзельнікам таксама будзе вельмі цікава пазнаёміцца з нашай культурай, традыцыямі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

Аўтар - Валковіч-Борыс Л.Н. (фота з уласнага архіва).