Вось і адбыўся трэці этап міжнацыянальнага нямецка-польска-беларускага мастацкага праекта. Нагадаем, што гэты праект быў падрыхтаваны нямецка-польскай стараной і да ўдзелу была запрошана моладзь з дзяржаўнай прафесійнай профільнай школы з Аўгзбурга (Германія), мастацкага ліцэя з г.Шчэцін (Польшча) і аддзялення “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага пад кіраўніцтвам выкладчыкаў.
Першы этап праекта праходзіў у лістападзе 2017 года ў Мюнхене (Германія), другі- у красавіку 2018 года ў Шчэціне (Польшча) і апошні, трэці этап 3-12 жніўня ў Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К.Агінскага.
У цэлым гэта быў вельмі цікавы і пазнавальны праект. Арганізатары з кожнай краіны рыхтавалі асабістую праграму, распрацоўвалі майстар-классы па розных відах мастацтваў. У час праекту наведваліся музеі і іншыя цікавыя гістарычныя мясціны і вучэбныя ўстановы. Моладзь мела магчымасць не толькі пазнаёміцца, мець зносіны, але і пасябраваць, даведацца пра культуру і мастацтва іншых краін, мову, звычаі.
Error
Падчас правядзення трэцяга этапу выкладчыцамі музычнага каледжа Валковіч-Борыс Людмілай Мікалаеўнай і Чырвонцавай Лізаветай Львоўнай была распрацавана вельмі цікавая і разнастайная праграма. Ладзіліся майстар-класы па выцінанцы, саломапляценні, маляваных дыванах і беларускай міфалогіі. Удзельнікі наведвалі з экскурсіяй Мінск, Нацыянальны мастацкі музей, парк-музей інтэрактыўнай гісторыі Сула. Усё гэта было для ўдзельнікаў праекту з Германіі і Польшчы (амаль усе яны прыехалі ў Беларусь упершыню) вельмі цікавым і пазнавальным.
Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі праекта выдатна справіліся з рознымі заданнямі і паказалі свае здольнасці. Крапатліва і старанна яны працавалі з паперай і саломкай, арыгінальна і па-свойму намалявалі міфічных істот, зладжана сумесна папрацавалі над маляванымі дыванамі. Таму і цікавай атрымалася выстава работ, якая была наладжана ў апошні дзень праекту. Можна было пабачыць і зразумець, што мы розныя, але мова мастацтва адзіная і заўсёды аб’ядноўвае людзей.
Акрамя майстар-класаў для гасцей з-за мяжы была праведзена экскурсія па каледжу. Яны мелі магчымасць пазнаёміцца з умовамі навучання ў нашай установе, пабачыць класы і майстэрні, захапіцца вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музеі дыпломных работ выпускнікоў аддзялення ДПМ. Пазнаёміліся з маладзечанскай школай выцінанкі, мастацтвам саломапляцення і саламянай аплікацыяй, разьбой па дрэве, вырабамі з тэкстылю. Былі вельмі уражаны высокім мастацкім ўзроўнем работ, якасцю выканання і арыгінальнасцю. Кіраўнікі нямецкай і польскай груп адзначылі багатую духоўную культуру і прыгожы нацыянальны каларыт, якія закладзены ў аснову пры навучанні на аддзяленні ДПМ.
Мастацкі праект завершаны, але надоўга застануцца ў памяці ўражанні і эмоцыі, застануцца сяброўскія адносіны паміж удзельнікамі, будзе скарыстаны набыты вопыт калег і аднадумцаў. Хочацца спадзявацца, што мы яшчэ сустрэнемся, і ў нас яшчэ будзе шмат цікавых знаёмстваў, майстар-класаў і экскурсій.
Аўтар: Людміла ВАЛКОВІЧ-БОРЫС, старшыня цыклавой камісіі ДПМ