25-26 чэрвеня на базе Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага прайшоў ІІ Рэспубліканскі творчы форум “Выцінаем разам”. На мерапрыемства прыехала каля 30 майстроў і аматараў выцінанкі з Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей. Гэта людзі, якія толькі нядаўна пачалі займацца выцінанкай, і тыя, хто ўжо больш за 30 гадоў захапляецца выразаннем з паперы. Прыемна, што гэтым відам мастацтва цікавяцца майстры рознага ўзросту і перадаюць свой вопыт выразання іншым (у школах, цэнтрах, праз майстар-класы).
Сярод удзельнікаў форуму было 14 майстроў, якія з’яўляюцца членамі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, а чацвёра з іх маюць званне Народны майстар Рэспублікі Беларусь.
Мэты правядзення Рэспубліканскага творчага форуму – аб’яднанне майстроў выцінанкі з розных куткоў Беларусі, знаёмства з новымі імёнамі, падтрымка пачынаючых майстроў, абмен педагагічным і прафесійным вопытам.
Error
Форум адбыўся пры падтрымцы Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці і дырэктара навучальнай установы Р.С.Сарока.
Асноўнымі арганізатарамі і ідэйнымі натхняльнікамі правядзення форуму, як першага, так і другога, з’яўляюцца Народныя майстры РБ, члены Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці старшыня ЦК “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Людміла Валковіч-Борыс і выкладчыца Лізавета Чырвонцава. Імі была распрацавана цікавая і разнастайная праграма, у час якой удзельнікі заслухалі наступныя даклады :
- “Сучасная выцінанка: перспектывы развіцця.” – Эліна Шындлер- магістр мастацтвазнаўства, аспірант Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры.
- “Вобразы беларускай міфалогіі” – Лізавета Чырвонцава- выкладчыца цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
- “Сімвалізм у выцінанцы” – Галіна Жураўлёва, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.
- “Інспірацыя і ўвасабленне ў выцінанцы” – Наталля Чырвонцава, выкладчыца цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”.
Пад час творчага выразання майстры мелі магчымасць зрабіць выцінанкі на тэму “Незвычайны свет міфалогіі”, пабачыць майстар-клас “Тэатр ценяў з выцінанкі” ад сябра Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Настассі Кузьміч, а таксама невялічкае прадстаўленне (спектакль) з элементамі выцінанкі па казцы “Коцік, пеўнік і лісіца” ад музычнага кіраўніка і рэжысёра Таццяны Глебік.
Фінальнай часткай мерапрыемства было адкрыццё часовай выставы выцінанкі “Папяровае дзіва” і ўручэнне сертыфікатаў.
Удзельнікі форуму адзначылі цёплую ўтульную атмасферу каледжа, шмат шчырых слоў прагучала ў адрас арганізатараў, а таксама пажаданняў і спадзяванняў, што гэта мерапрыемства яшчэ не раз збярэ сяброў выцінанкі.
Аўтар: Людміла Валковіч-Борыс, старшыня цыклавой камісіі ДПМ