22-26 лістапада прайшоў тыдзень цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Калектывам былі арганізаваны і праведзены розныя цікавыя мерапрыемствы.
Так, 24 лістапада адбыўся майстар-клас па жывапісу для навучэнцаў сектара педагагічнай практыкі. Асноўная мэта – зацікавіць абітурыентаў і паказаць, як працуюць навучэнцы цыклавой камісіі на вучэбных занятках па спецыяльнасці, даць магчымасць паназіраць за працэсам напісання нацюрморта з самага пачатку. Правёў майстар-клас адзін з таленавітых навучэнцаў 3 курса Каспяровіч Андрэй. Прыемна адзначыць, што на майстар-клас, акрамя вучняў з сектара педагагічнай практыкі, прыйшлі таксама вучні дзіцячай мастацкай школы і студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры г. Маладзечна.
25 лістапада старшыня цыклавой камісіі Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс для ўсіх жадаючых правяла майстар-клас “Саламяны павук”. Удзельнікі мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з адной з самых арыгінальных вынаходак народнага саломапляцення - падвеснымі дэкаратыўнымі канструкцыямі - “павукамі”, але і асвоіць тэхналогію выраба і самастойна навучыцца рабіць асобныя модулі “павука”. Прыгожыя і незвычайныя дэкаратыўныя канструкцыі могуць надаць арыгінальнасць любому інтэр’еру, а асобнымі модулямі можна незвычайна ўпрыгожыць навагоднюю елку. У старажытнасці “павук” лічыўся сімвалам урадлівасці, яго падвешвалі над сталом: згодна з народнымі павер’ямі, ён прыносіў шчасце.
26 лістапада ў фае каледжа адбылася прэзентацыя спецыялізацыі “Мастацкая апрацоўка дрэва” і міні-выстава драўляных вырабаў. У час правядзення можна было паназіраць за творчым працэсам стварэння куфэрка ў тэхніцы геаметрычнай разьбы, а жадаючыя мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў майстэрстве разьбы па дрэве. Падрыхтавалі прэзентацыю пад кіраўніцтвам выкладчыка Андрэя Пятровіча Гамолка навучэнцы 2 курса Карчміт Даніла, Падвысоцкі Максім і Хенерын Максім.
Error
Таксама 26 лістапада прайшло адкрыццё выставы выцінанкі - “Папера-АРТ”. У 2021 годзе мастацтва выцінанкі набыло статус гістарычна-культурнай каштоўнасці Беларусі і рыхтуецца для ўключэння ў рэпрэзантатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Маладзечанская школа выцінанкі займае значнае месца ў развіцці і распаўсюджванні гэтага віда мастацтва ў Беларусі і за яе межамі. На выставе былі прадстаўлены работы Народных майстроў Беларусі - Вольгі Бабурынай, Людмілы Валковіч-Борыс, Наталлі Сухой і Лізаветы Чырвонцавай, а таксама майстроў маладзечанскай школы выцінанкі - Канстанцыі Герасіменка, Наталлі Вальковіч, Сафіі Падкарытавай, Аксаны Ралавец і Наталлі Чэрвонцавай.
Галоўная ідэя правядзення тыдня цыклавой камісіі - прыцягнуць увагу да працы камісіі, падзяліцца педагагічным і метадычным вопытам, даць магчымасць зазірнуць у творчы працэс.
Спадзяёмся, што нашы мерапрыемствы былі цікавымі і пазнавальнымі і пакінулі толькі прыемныя ўражанні для наведвальнікаў і гледачоў.
Аўтар: Людміла ВАЛКОВІЧ-БОРЫС, старшыня ЦК ДПМ