Адкрыты семінар-практыкум па выцінанцы

Ужо стала добрай традыцыяй збіраць у Маладзечна майстроў і прыхільнікаў аднаго з самых папулярных відаў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці – выцінанкі. Вось і 17 чэрвеня на базе ўстановы адукацыі “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага” прайшоў Адкрыты семінар-практыкум па выцінанцы для настаўнікаў дзіцячых мастацкіх школ, кіраўнікоў гурткоў Цэнтраў дадатковай адукацыі і аматараў выцінанкі. На мерапыемства сабраліся каля 30 удзельнікаў не толькі з Мінскай, але і Магілёўскай вобласці. Яны наведалі выставачную залу, у якой прадстаўлены вучэбныя і дыпломныя работы навучэнцаў цыклавой камісіі ДПМ, часовую выставу “Сустрэча. Маладзечанская школа выцінанкі”, а таксама мастацкую галерэю каледжа. Прывітальныя словы для ўсіх удзельнікаў прагучалі ад дырэктара ўстановы Дзмітрыя Аляксандравіча Раўбы.

Падчас семінара ўдзельнікі азнаёміліся з тэмай “Традыцыйныя сюжэты выразання з паперы”, даклад на якую падрыхтавала выкладчыца цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Наталля Чырвонцава, а таксама мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах “Персанажы папяровага лялечнага тэатра” і “Летні настрой”, якія правялі Народныя майстры Беларусі, выкладчыкі каледжа Лізавета Чырвонцава і Людміла Валковіч-Борыс. Мерапрыемства прайшло ў вельмі цёплай і ўтульнай атмасферы. Удзельнікі адзначылі высокі ўзровень падрыхтоўкі семінара-практыкума, шмат прыемных слоў прагучала ў адрас арганізатараў гэтага праекта. Кожны з прысутных атрымаў сертыфікат удзельніка.

Аўтар: Людзміла ВАЛЬКОВІЧ-БОРЫС

Фота: Дзмітрый САКАЛОЎСКІ