Error
19 сакавіка на базе медыцынскага каледжа адбылося сумеснае мерапрыемства паміж навучэнцамі Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і навучэнцамі аддзялення “Дэкаратыўна-прыкладное мастацта” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа.
Мерапрыемства атрымала назву “Анатомія і жывапіс” і было арганізавана як выстава. Навучэнкі медыцынскага каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыцы па прадмету “Анатомія” Палеонак Гражыны Іосіфаўны падрыхтавалі цікавы і вельмі пазнавальны для мастакоў матэрыял, звязаны з гісторыяй развіцця анатоміі як навукі ад старажытных часоў да 20 стагоддзя. Асобная ўвага была адведзена біяграфічным звесткам мастакоў розных эпох і асабліва геніяў Адраджэння, якія цікавіліся анатоміяй чалавека дзеля магчымасці рэалістычнага адлюстравання яго вобраза ў мастацтве.
Значную частку мерапрыемства склаў цікава пададзены Гражынай Іосіфаўнай матэрыял аб складзе шкілета чалавека, функцыях яго касцей, асаблівасцях іх функцыявання.
У сваю чаргу навучэнцы цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацта” падрыхтавалі да гэтага мерапрыемства работы па пластычнай анатоміі і малюнку натуры чалавека. Яны мелі магчымасць удасканаліць свае веды па анатоміі, а таксама задаць пытанні па розных раздзелах гэтай навукі.
Сумесны праект навучэнцаў і выкладчыкаў Маладзечанскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа і навучэнцаў і выкладчыкаў цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацта” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа зацікавіў прадстаўнікоў і адной і другой устаноў адукацыі і паспрыяў умацаванню добрасуседскіх адносін паміж іх калектывамі.
Тэкст, фота: Корсак В.Р.