1-ы этап культурна-асветніцкага фестывалю “І адвечна гучыць беларускае слова”.

У сувязі з вызначэннем  2017 года – Годам Навукі, у музычным каледжы імя М.К.Агінскага быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў. На працягу снежня 2016 - лютага 2017 гадоў быў арганізаваны 1-ы этап культурна-асветніцкага фестывалю “І адвечна гучыць беларускае слова”. Мэта фестывалю – патрыятычнае выхаванне навучэнцаў і папулярызацыя беларускай мовы ў асяродку моладзі.

У снежні 2016 года сярод навучэнцаў было праведзена апытанне “Што для мяне родная мова?”. Напрыканцы снежня быў абвешчаны конкурс вершаў, аповедаў і гумарэсак “Першая спроба пяра”, пераможцам якога стаў навучэнец 2-га курса Дзмітрый Ціхановіч. 8 студзеня ў вялікай зале каледжа правялі віктарыну “Лепшы Мовазнаўца”, у якой прынялі ўдзел каманды 1-3 курсаў. Партнёрам віктарыны стала грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі”. 

21 лютага 2017 года ў Міжнародны дзень роднай мовы ў малой зале каледжа адбыўся завяршальны этап КАФ “І адвечна гучыць беларускае слова”. Напачатку сустрэчы ў фае каледжа ўсім жадаючым было прапанавана прыняць удзел у акцыі “Асалода роднай мовы”. Падчас самой імпрэзы навучэнцы каледжа чыталі вершы беларускіх класікаў, выконвалі інструментальныя і вакальныя кампазіцыі.  

Кульмінацыйным момантам канцэрту было ўзнагароджванне ўдзельнікаў і пераможцаў у віктарыне “Лепшы Мовазнаўца” граматамі і падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Фінальнай кропкай святочнай сустрэчы стала выступленне сучаснага беларускага пісьменніка, аўтара паэтычнага зборніка “Дзверы, замкнёныя на ключы”, лаўрэата шматлікіх літаратурных прэмій, удзельніка рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных фестываляў Віталя Рыжкова.

2-гі этап КАФ “І адвечна гучыць беларускае слова” адбудзецца ў верасні 2017 года і будзе прымеркаваны да 500-годдзя беларускага друку.

Аўтар тэксту і фота - Алеся КАРОЛІК