“Жыве ў вяках беларускае слова”

 21 лютага Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага далучыўся да святкавання міжнароднага дня роднай мовы пад назвай “Жыве ў вяках беларускае слова”. Па ініцыятыве выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Л.П. Карабановіч была арганізавана і праведзена серыя мерапрыемстваў.

У выкананні навучэнцаў 1-га і 2-га курсаў у фае каледжа можна было праслухать аўдыёзапісы вершаў беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Гэта акцыя мела назву “Беларуская паэзія – люстэрка душы”. На перапынках навучэнцы ўрычыста віншавалі ўсіх са святам, а таксама раздавалі буклеты “10 простых парадаў як гаварыць па-беларуску”.

У 15-30 малы зал аб’яднаў усіх жадаючых на “Беларускамоўны батл” паміж навучэнцамі 2-га курса, сярод якіх былі сфарміраваны 4 каманды: “Блакітныя гузікі”, “Беларусачкі”, “Кветачкі-васілёчкі” і “Маладыя каласы”.

 

У склад членаў журы ўвайшлі: старшыня цыклавой камісіі “Агульнаадукацыйных дысцыплін” Г.Ф. Шалесная, наведвальніца курсаў беларускай мовы “Мова Нанова” Вольга Палуніца, каардынатар грамадска культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі” па Мінскай вобласці Святлана Чакушка і беларускі паэт і музыка Міхал Бараноўскі.

Удзельнікаў батла чакалі некалькі выпрабаванняў: пераклады слоў і словазлучэнняў, апісанне прыроды, а таксама творчыя заданні. Па выніках конкурса ўсе навучэнцы атрымалі дыпломы і салодкія падарункі ад прафсаюса каледжа. А пераможцам віктарыны - камандзе “Блакітныя гузікі” - ўручылі фірмовыя торбы ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.

Яшчэ на пачатку імпрэзы свае паэтычныя здольнасці прадэманстраваў навучэнец 3 курса Дзмітрый Ціхановіч з аўтарскім вершам “Наведвайце, дзеці, старонку родную часцей”, а вядомую песню “Простыя словы”, у выкананні 1-га курса, спявалі ўсе прысутныя.

Напрыканцы сустрэчы для выкладчыкаў і навучэнцаў каледжа выступіў беларускі паэт і музыка Міхал Бараноўскі.

Аўтар артыкула: Алеся Каролік

Фота: Уладзіслаў Паўлюшчык