Трэці год запар Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага праводзіць культурна-асветніцкі фестываль “І адвечна гучыць беларускае слова”. Ініцыятарамі фестывалю з’яўляюцца выкладчык агульнаадукацыйных дысцыплін Любоў Паўлаўна Карабановіч і педагог-арганізатар Алеся Святаславаўна Каролік.
Унікальнасць фестывалю заключаецца ў тым, што кожны раз ён мае розны фармат і ахоплівае 1-ы і 2-і курсы навучальнай установы. Акрамя таго, такое мерапрыемства дае магчымасць старэйшым курсам уваходзіць у склад аргкамітэту і дапамагаць у арганізацыйных пытаннях. Такім чынам праявіць свае здольнасці змаглі Ліхоткіна Настасся, Пішчака Ірына і Шабуневіч Іван.
Гэтым разам КАФ “І адвечна гучыць беларускае слова” меў выгляд пісьмовай працы-віктарыны “Лепшы мовазнаўца” і быў прыўрочаны тэме перапісу насельніцтва Беларусі-2019.
Error
Навучэнцам 1-га курсу распавялі пра тэрмін і ўмовы правядзення перапісу насельніцтва, пра новаўвядзенні ў перапісны ліст, а таксама пра магчымасць запоўніць анкету-апытанне ан-лайн на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (https://www.census.by/be/) у перыяд з 04 да 19 кастычніка 2019 года. Асобным пунктам былі разгледжаны пытанні 11-13 перапіснога ліста, якія тычацца нацыянальнай ідэнтыфікацыі насельніцтва і мовы іх стасункаў.
На працягу 40 хвілін навучэнцы прадставілі адказы на 45 пытанняў віктарыны па правілах марфалогіі, беларускага сінтаксісу, асаблівасцяў і ўнікальнасці мовы, а таксама склалі беларускія прыказкі і прымаўкі.
Вынікі віктарыны “Лепшы мовазнаўца” будуць агучаны падчас урачыстай сустрэчы з запрошаным госцем, імя якога пакуль не раскрываецца арганізатарамі. Навучэнцы, якія набяруць максімальную колькасць балаў, атрымаюць узнагароды ад партнёраў віктарыны, а менавіта ініцыятараў кампаніі “Беларускамоўны-2019”, крамы symbal.by і інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.
Аўтар: А.Каролік
Фота: І.Шабуневіч