21 год таму на 30-й сесіі ЮНЕСКА быў абвешчаны адмысловы дзень (21 лютага), прысвечаны роднай мове. Мэтай гэтаму сталася заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Музычны каледж імя М.К. Агінскага далучыўся да святкавання Дня роднай мовы і правёў калейдаскоп мерапрыемстваў.
Напярэдадні самой урачыстасці навучэнцы каледжа (Ірына Пішчака, Мікіта Аўрайцэвіч) разам з педагогам-арганізатарам (А.С. Каролік) і педагогам сацыяльным (А.В. Грыбовіч) прынялі ўдзел у анлайн конкурсе абласнога БРСМ “Беларуская мова – крыніца натхнення” і выканалі кавер на песню “Ты помніш” (словы Юліі Таўбін), у выніку чаго занялі 1-е месца ў сваёй намінацыі.
21 лютага на дзвярах кабінетаў можна было прачытаць урыўкі з вершаў і твораў беларускіх пісьменнікаў, а на вялікім перапынку навучэнцы і выкладчыкі мелі магчымасць атрымаць асалоду ад праслухоўвання запісаў песень сучасных гуртоў у фае каледжа.
У 15-30 у малой зале сабраліся аматары беларускай мовы. Напачатку сустрэчы прагучалі вяснянкі ў выкананні фальклорнага ансамбля пад кіраўніцтвам З.Ф. Русэль. Навучэнцамі 1-2 курсаў была падрыхтавана праграма, падчас якой прагучалі вершы і песні ў гонар роднай мовы. Ініцыятарамі такога фармату выступілі выкладчыцы агульнаадукацыйных дысцыплін Г.Ф. Шалесная і Л.П. Карабановіч. Атмасфера атрымалася цёплая, напоўненая пачуццём любові. Паважаны дырэктар Рыгор Сямёнавіч Сарока настолькі ўразіўся сустрэчай, што таксама прачытаў верш Ніла Гілевіча. Фінальнай кропкай імпрэзы стала выкананне песень вакальна-інструментальным ансамблем з ліку навучэнцаў 2-3 курсаў.
Error
Аўтар тэксту: Алеся Каролік
Фота: Руслан Апановіч