Цыклавая камісія “Аркестравае дырыжыраванне”, 2023 год
Цыклавая камісія “Аркестравае дырыжыраванне” была створана ў 1988 годзе. Яе дзейнасць скіравана на падрыхтоўку кіраўнікоў аматарскіх аркестравых калектываў. Навучэнцам выкладаецца шэраг прадметаў, якія неабходны для авалодання навыкамі стварэння і кіравання аркестрам: асновы дырыжыравання, чытанне аркестравых партытур, інструментоўка, методыка і практыка работы з творчым калектывам.
У 1988-1993 гадах цыклавую камісію аркестравага дырыжыравання ўзначальваў У.І. Стасевіч. З 1994 па 2010 год – В.К. Дзыгун, з 2010 па 2012 год – І.Я. Шэлег, з 2012 па 2015 год – С.С. Гарбуз, з 2015 па 2022 год – А.В. Андрэеў, а з 2022 года кіраўніком цыклавой камісіі прызначана Н.А. Бірукова.
За перыяд работы больш 1000 навучэнцаў атрымалі кваліфікацыю “кіраўнік творчага калектыву”. Многія выпускнікі сталі кіраўнікамі народных і ўзорных калектываў. Фёдар Гур – кіраўнік узорнага эстраднага аркестра (г. Вілейка); Валерый Чычулін – кіраўнік узорнага духавога аркестра Вілейскай дзіцячай школы мастацтваў, Юрый Навінскі – кіраўнік узорнага духавога аркестра Смалявіцкай дзіцячай школы мастацтваў, Аляксандр Леановіч – кіраўнік узорнага духавога аркестра Клецкай ДШМ, Аляксандр Нічыпаровіч – кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага духавога аркестра «Віціны» (Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў), Вольга Токарава – кіраўнік аркестра народных інструментаў Смаргонскай ДМШ, Наталля Сапелкіна – кіраўнік узорнага народнага аркестра Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў, Валерый Старавойтаў – кіраўнік эстраднага аркестра (г. Магілёў). Выпускнік каледжа Сяргей Мікуліч скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і кіруе аркестрам Баранавіцкага музычнага каледжа. Аляксандр Рачынскі пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў працуе дырыжорам аркестра Узброеных сіл Расіі (г. Чыта), Валерыя Маліноўская – кіраўнік народнага струннага ансамбля “Амелія”, які ў 2016 годзе пачаў сваю творчую дзейнасць на базе каледжа. Некаторыя выпускнікі скончылі ваенна-дырыжорскі факультэт пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага і кіруюць прафесійнымі калектывамі. Уладзімір Івашкавец – аркестрам узброеных сіл Германіі (г. Берлін), Віктар Кулікоў – аркестрам Паўночнага ваенна-марскога флоту Расіі (г. Мурманск), Сяргей Чачык кіраваў аркестрам Узброеных сіл СССР на тэрыторыі Чэчэнскай рэспублікі, Віталь Міцкевіч – дырыжор аркестра Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Ваенна-дырыжорскі факультэт Маскоўскай кансерваторыі скончыў Алег Тышук.
На цыклавой камісіі аркестравага дырыжыравання цяпер выкладаюць Рыгор Сямёнавіч Сарока, Наталля Анатольеўна Бірукова, Дзмітрый Уладзіслававіч Арцямёнак, Ірына Барысаўна Кавалевіч, Валерый Канстанцінавіч Дзыгун, па сумяшчэнні працуюць Т.У. Бялькова, І.Я. Шэлег, Г.С. Кажура, А.В. Андрэеў.
Якасны ўзровень падрыхтоўкі дырыжораў дапамагае выхаванню музыкантаў, якія складаюць аснову аркестраў каледжа: сімфанічнага, рускіх народных інструментаў, духавога, беларускіх народных інструментаў. Гэтыя калектывы маюць высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства і вядомы не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Работа з імі – выдатная школа для навучэнцаў, якія становяцца за дырыжорскі пульт. Пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў яны авалодваюць складаным майстэрствам аркестравага дырыжыравання. Кожны дзяржаўны экзамен па гэтай дысцыпліне ператвараецца ў сапраўднае свята і прыцягвае ўвагу вялікай колькасці слухачоў.