Канцэрт аркестра “Бай блюз”

19 лютага 2020 года вялікая зала Музычнага каледжа імя М.К. Агінскага напоўнілася гукамі джазу, свінгу і шлягераў ХХ стагоддзя. Госці вечара апусціліся ў атмасферу, напоўненую асаблівым рытмам і драйвам. Эстрадны аркестр “Бай блюз” прэзентаваў канцэртную праграму “Вецер зменаў” пад кіраўніцтвам дырыжора і мастацкага кіраўніка Дзмітрыя Арцямёнка. Аснову аркестру складаюць салісты духавой групы і рытм-секцыі Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. У большай ступені гэта навучэнцы 1-4 курсаў каледжа, пры падтрымцы маладых выкладчыкаў: Аляксандра Ерафеева (труба), Іллі Мініча (ударныя інструменты), Ігара Кісліцкага (сола, рытм-гітара), Аляксандра Куцкевіча (саксафон), Аляксандры Быкавай (бас-гітара) і Веранікі Жданюк (фартэпіяна). Сярод салістаў былыя выпускніцы навучальнай установы Наталля Шырко і Настасся Блакітная, і запрошаная салістка – Кацярына Купрыеўская. Вядучая вечара – Алеся Каролік. Колькасць людзей, якія жадалі трапіць на канцэрт была настолькі вялікая, што прыйшлося арганізоўваць дадатковыя месцы. Сярод запрошаных гасцей былі прадстаўнікі турагенцтва “Маладэча”, прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый філіала “МДПК” установы адукацыі “РІПА”, супрацоўнікі УП “МІГ-ЛТД”, жыхары горада і раёна.

У праграме прагучалі стылёвыя, лірычныя і заўсёды актуальныя кампазіцыі  А. Зацэпіна, Л. Дзербенёва, Я. Крылатава, А. Міцяева, М. Дунаеўскага, Дж.Гершвіна, К. Веласкес, Г. Мілера.

Кіраўніцтва аркестра выказвае словы падзякі арганізацыям, якія дапамаглі рэалізаваць задуму і прадставіць публіцы творчы праект.

Аўтар тэксту: Алеся Каролік

Фота: Руслан Апановіч, Дзмітрый Арцямёнак