Концерт "С любовью и благодарностью"

23 красавіка 2021 г. у Вялікай зале каледжа адбыўся творчы вечар аднаго з самых вопытных выкладчыкаў цыклавой камісіі “Спевы акадэмічныя” Галіны Андрэеўны Баян-Ключнікавай.

Любоў і ўдзячнасць. Ці не гэта самыя жыццястваральныя чалавечыя пачуцці, якія асвятляюць самыя змрочныя хвіліны жыцця і дапамагаюць пераадолець выпрабаванні лёсу. Менавіта так, з любоўю і ўдзячнасцю звярнулася да слухачоў творчага мерапрыемства яго гераіня, у асобе якой гарманічна спалучаюцца постаці жонкі і маці, настаўніка і творцы.

Вядучая вечара, К.Шасцілоўская, нагадала этапы жыццевага і прафесійнага шляху Галіны Андрэеўны, расказала пра тых людзей, якія адыгралі галоўную ролю ў фарміраванні і развіцці гэтай асобы ва ўсіх яе праяўленнях. Шчырыя словы любові і падзякі да сваіх родных, настаўнікаў, усіх прысутных выказала сама Галіна Андрэеўна.

Пад час мерапрыемтсва прагучала шмат цудоўнай вакальнай і інструментальнй музыкі: арыі з класічных опер і аперэт, рамансы і песні беларускіх, рускіх і еўрапейскіх кампазітараў, інструментальныя п’есы ў выкананні Г.А.Баян-Ключнікавай у суправаджэнні канцэртмайстраў Ганны Белан і Дзіяны Шавярдак, а таксама інструментальнага ансамбля “Амелія”, які вельмі ўпрыгожыў сваім майстэрствам канцэртную праграму.

Удзячныя слухачы ўзнагародзілі выканаўцаў шчырымі апладысментамі і кветкамі. Напрыканцы вечара прагучалі вершы Л.І.Сысун, прысвечаныя Галіне Андрэеўне і яе вялікаму творчаму дараванню.

Аўтар К. ШАСЦІЛОЎСКАЯ
Фота У. КЛЮЧНІКАВА